В Витебской области более 20 комбайнеров собрали тысячный урожай

Водар залатой нiвы

На палях Вiцебскай вобласцi працуе амаль 1,3 тысячы камбайнераў. I кожны адчувае: за вынiкамi яго працы сочыць уся краiна. Ужо ў першую дзесяцiдзёнку жнiва, якая нечакана рана прыйшла ў самы паўночны рэгiён Беларусi, тут налiчвалася 17 хлебаробаў, якiя перасягнулi тысячную планку намалоту. У тройцы першых — вопытны механiзатар, прадаўжальнiк сямейнай дынастыi Сяргей Радкевiч з КСВУП «ПалiтаддзелецАгра» Бешанковiцкага раёна. Менавiта туды мы i бяром сёння кiрунак.

Механізатар Сяргей РАДКЕВІЧ з КСВУП «ПалітаддзелецАгра» намалаціў звыш тысячы тон збожжа.

Першыя сярод першых

На гадзiннiку каля 10:00. Тут, на полi азiмай пшанiцы, каля самай ускраiны гарпасёлка Бешанковiчы, — поўная баявая гатоўнасць. У загонах з морам залацiстых каласоў ужо выстраiлiся «Палессi». На дарозе чакаюць напоўненых бункераў i светлавых сiгналаў ад камбайнаў вялiкагрузныя МАЗы. Удзельнiкi жнiва прыкметна нервуюцца: на гарызонце неба зноў цямнее, цi пройдзе дождж бокам?

— Гэта наш апошнi насенны ўчастак, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркi Вадзiм Аўчыннiкаў. — Крыўдна толькi, што ўчора тут вiльготнасць была 13 працэнтаў — збожжа практычна не патрабавала дасушкi, а зараз, пасля начнога дажджу, ужо каля 20 працэнтаў. Прыйдзецца загружаць сушылку... Ды i невядома, якую «фортку» сёння надвор’е дасць для працы. Закончыць бы хутчэй тут, потым хуценька перайсцi на жыта — яшчэ засталося 40 гектараў на насенне. Яравыя таксама спеюць, так што адпачываць няма калi. Дарэчы, лепшая ўраджайнасць у гэтым сезоне ў азiмай пшанiцы — 40—42 цэнтнеры з гектара.

Пакуль камбайнеры правяраюць тэхнiку, на край поля пад’язджаюць старшыня Бешанковiцкага райвыканкама Галiна Унуковiч, начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi Мiкалай Сцежкiн, старшыня райкама прафсаюза работнiкаў АПК Мiхаiл Кавалёнак. Лiтаральна пяць хвiлiн на ўрачыстую цырымонiю. Вiншаваннi, ганаровая грамата, падарункi i вымпел на новенькi блiскучы (першы сезон) камбайн «Палессе». Фота на памяць.

Галоўны герой дня Сяргей Радкевiч вiдавочна бянтэжыцца. Ужо гадоў пяць як першым намалочвае ў раёне тысячу тон, а да славы так i не прывык.

— Так, Сяргей у нас пастаянны лiдар, — падкрэслiвае важнасць моманту кiраўнiк раёна. — Дастойны прадаўжальнiк сямейнай дынастыi — хлебаробамi былi i дзед, i бацька. Хлопец вырас на камбайне. Таму i вырашылi новую тэхнiку даручыць менавiта яму — у якасцi бонусу для далейшых перамог. Такiх людзей трэба заахвочваць.

Галiна Уладзiмiраўна звяртае нашу ўвагу яшчэ на аднаго маладога камбайнера — Алега Марцiновiча. Вось ужо некалькi сезонаў супрацоўнiк Вiцебскага аэрапорта праводзiць жнiво на палях Бешанковiцкага раёна, дзе калiсьцi i нарадзiўся. На днях ажанiўся з мясцовай дзяўчынай, а цяпер пагадзiўся вярнуцца на малую радзiму. Маладой сям’i паабяцалi даць двухпакаёвую кватэру ў новабудоўлi. Такiя ўмелыя рукi i неабыякавыя сэрцы вой як патрэбны сёння сельскай гаспадарцы…

Чалавечы фактар

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Камовiч ганарыцца сваiмi кадрамi. Як i ўсе апошнiя гады, «ПалiтаддзелецАгра» па тэмпах зноў лiдзiруе ў раёне. Вось-вось да тысячнага намалоту падыдзе яшчэ адзiн камбайнер — Яўген Апатаў.

— Вядома, цяперашнюю гарачую пару стандартнай не назавеш, — адзначае кiраўнiк. — Спачатку спякота i засуха, цяпер дажджы. Нам убiраць больш за дзве тысячы гектараў, каля 60 працэнтаў плошчаў ужо зжалi. Ураджайнасць, на жаль, нiжэй за леташнюю. Лепш урадзiлi азiмыя, якiя паспелi налiцца. Самыя добрыя намалоты менавiта ў нiзiнных месцах. Хто б мог падумаць. Звычайна на такiх участках заўсёды баялiся вымачак i падтапленняў. Так што цяпер уся надзея на механiзатараў. У нас восем камбайнераў, у тым лiку тры прыцягнутыя. Але ўсе вопытныя, надзейныя — справiмся.

Сапраўды, калi бачыш зладжаную працу ўдзельнiкаў жнiва, сумнявацца ў гэтым не прыходзiцца. Сярэдняя штомесячная зарплата ў гаспадарцы пад 800 рублёў. А зараз самыя высакакласныя камбайнеры ў залежнасцi ад намалоту могуць зарабiць нават да 200 рублёў за дзень. Харчаванне цалкам бясплатнае, двухразовае. Абеды i вячэры дастаўляюць прама да тэхнiкi.

Задаволены ўмовамi працы i галоўны герой сённяшняга дня. Яму ёсць з чым параўноўваць, бо Сяргей Радкевiч з тых, хто нарадзiўся, можна сказаць, у полi. Упершыню сеў за штурвал камбайна пад пiльным вокам бацькi Аляксандра Генадзьевiча ў сем гадоў. А ў васьмiгадовым узросце ўжо атрымаў першую ўзнагароду за перамогу.

— Мы тады спачатку ў сваёй гаспадарцы збожжавыя ўбiралi, а потым нас паслалi дапамагаць суседзям — у былы калгас «Савецкая Беларусь». Мне ўжо хацелася працаваць самастойна, вось я i ўгаварыў бацьку цалкам даверыць «Дон». Пакуль ён з мужыкамi вырашаў нейкiя тэрмiновыя пытаннi на ўскраiне поля, я нажаў першыя ў сваiм жыццi тоны... Так i пайшло.

Хлебароб — гэта сямейнае

Цiкава, што па вынiках уборкi ў маленькага камбайнера аказалася ў скарбонцы 40 тон хлеба! Выпадак унiкальны. Таму кiраўнiк гаспадаркi прыехаў на вераснёўскую лiнейку ў школу, дзе вучыўся «агравундэркiнд», i на зайздрасць аднакласнiкам уручыў яму падарунак — прыгожы гадзiннiк, вельмi падобны да камандзiрскага.

Сяргей не скрывае: гэты выпадак, вядома ж, адыграў сваю ролю ў далейшым выбары прафесii. Жаданне працягнуць сямейную дынастыю аказалася непераадольным:

— Дзед, бацька, дзядзька — усе заўсёды працавалi на камбайнах. I размоў iншых у доме не было. Таму пасля школы было Ульскае СПТВ, атрымаў прафесiю механiзатара. Перад армiяй са спiсаных агрэгатаў сабраў свой першы «Дон» i адпрацаваў сезон. А калi адслужыў у артылерыi i вярнуўся дадому — зноў у поле.

На жаль, бацькi ўжо няма — ён рана пайшоў з жыцця. Сэрца. А вось дзядуля маладога камбайнера Генадзь Васiльевiч у свае 85 i цяпер не прапускае выпадку, каб пасядзець за штурвалам. Як толькi ўнук працуе дзе непадалёк ад роднай вёскi Лабачова, дзед тут як тут. Захапляецца новенькiм «Палессем» Сяргея i наракае: мне б такую тэхнiку ў мае хлебаробскiя гады!

— Як думаеце, цi працягнецца ваша сямейная дынастыя? Бо жыць на вёсцы зараз няпроста... — цiкаўлюся ў Сяргея Радкевiча на развiтанне.

— Асабiста я ўсiм задаволены. Ёсць праца, нядрэнны заробак. Гаспадарка дала выдатны дом, зараз мы яго выкупiлi. Што яшчэ трэба? — услых разважае перадавы механiзатар. — У мяне падрастаюць два сыны i дачка. Пяцiгадовы Ромка i шасцiгадовы Сашка — частыя госцi на хлебнай нiве. Але далейшы жыццёвы шлях iм выбiраць самiм. Я гэты выбар калiсьцi зрабiў. Не памылiўся. Хай у будучым i ў iх усё складзецца добра.

…З-за хмар неяк нясмела выглянула сонца. Цi надоўга? Першы камбайн запусцiў рухавiк. За iм другi... Галоўны аграном гаспадаркi, трывожна назiраючы за працэсам, з палёгкай уздыхае: салома, кладучыся роўнымi радкамi за камбайнам, ужо падымае воблачка пылу. Значыць, нiва падсохла, можна жаць.

КАМЕНТАРЫЙ

Сяргей ЯГОРАЎ, старшыня камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi Вiцебскага аблвыканкама:

— Задача перад аграрыямi стаiць няпростая. Ураджай сёлета меншы. З-за недахопу вiльгацi збожжа дробнае. На ўчарашнi дзень убрана 157 тысяч гектараў — каля паловы ўсiх плошчаў збожжавых. Намалацiлi амаль 450 тысяч тон хлеба. Наперадзе Верхнядзвiнскi, Полацкi, Вiцебскi, Бешанковiцкi i Шаркаўшчынскi раёны. Сярэдняя ўраджайнасць па вобласцi — 28 цэнтнераў з гектара. Гэта на чатыры цэнтнеры менш, чым летась. Хлебаробы Вiцебскага раёна атрымлiваюць па 36,5 цэнтнера, аршанцы — па 35,3, дубровенцы — па 32 цэнтнеры з гектара. Дзяржзаказ па рапсе ўжо выкананы на 85 працэнтаў, па збожжы — на чвэрць. Увогуле нам трэба будзе паставiць у засекi краiны 130 тысяч тон хлеба.


ЛIЧБА

Больш за 3,3 млн т збожжа новага ўраджаю намалочана ў Беларусі.

begunova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter