Без каких символов и персонажей невозможно представить Коляды

Зорка, Каза і іншыя

З усталяваннем хрысціянства Калядамі сталі называць перыяд ад Раства да Вадохрышча. Аднак першапачаткова гэта было язычніцкае земляробчае свята. Нядзіўна, што сёння калядныя атрыбуты часта маюць два значэнні — звязаныя з хрысціянскімі і народнымі звычаямі.



Так, неад’емным сімвалам Каляд з’яўляецца зорка. Звычайна яе выраб­ляюць васьміканцовай, упрыгожваюць гірляндай або яркай мішурой. Раней унутры каляднай зоркі ўвогуле павінен быў гарэць жывы агонь — туды ўстаўлялі свечку або паходню. Дык вось у язычніцкай традыцыі гэта зорка сімвалізуе нанава народжанае Сонца, а ў хрысціянскай — Віфлеемскую зорку, якая першая заззяла на небасхіле, абвясціўшы аб нараджэнні Божага Сына. У калядным гурце нават ёсць спецыяльны чалавек, які адказвае за гэты атрыбут, — Зорканоша.


Яшчэ адзін шматзначны «атрыбут» Каляд і абавязковы ўдзельнік гурта калядоўшчыкаў — Каза. У народнай традыцыі гэта сімвал сямейнага ладу, дабрабыту, урадлівасці: «Дзе каза хо­дзіць, там жыта родзіць; дзе каза нагой, там жыта капой; дзе каза рогам, там жыта стогам».  У хрысціянскай традыцыі  асацыіруецца з дабрынёй, клопатам і пяшчотай, бо менавіта козлік прыкрываў сенам нованароджанага Езуса.

Дзед, які ўзначальвае гурт калядоўшчыкаў, увасабляе агульны вобраз продкаў, што даглядаюць за сваімі нашчадкамі. Мядзведзь звязаны з ідэямі здароўя, сілы, пладавітасці. Бусел сімвалізуе вышэйшы свет, а таксама лічыцца распарадчыкам ураджаю і дабрабыту. З ідэямі ўрадлівасці і дабрабыту звязаны і вобраз Каня. Сустракаюцца ў калядных гуртах таксама Чорт, Поп, Салдат, Воўк, Заяц, Тур і некаторыя іншыя персанажы.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter