Вышел сборник с лучшими произведениями литераторов Миорщины "На падкове Дзвіны"

Днямі выдадзена кніга “На падкове Дзвіны” ў серыі “Літаратурная Міёршчына”, дзе ашчадна захаваны лепшыя творчыя набыткі жыхароў і ўраджэнцаў раёна аж ад XVIII стагоддзя. Прыведзены таксама кароткія біяграфічныя звесткі аўтараў. Па сутнасці, гэта хрэстаматыя, правераная часам. Дзясяткі імён, якія праславілі малую радзіму, а значыць – і Беларусь. Важкі зборнік амаль на 500 старонак дыхае незвычайнай мудрасцю, ад некаторых твораў вочы набіраюцца слязьмі, бо радкі настолькі шчырыя, кранальныя, цаляюць акурат у сэрца. Іх хочацца вывучыць на памяць і перачытваць зноў. З прадмовай да чытачоў звярнуўся старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў:


- Бібліятэчныя і музейныя работнікі раёна здаўна і старанна напаўняюць спецыяльныя кніжныя экспазіцыі і паліцы выданнямі таленавітых землякоў-літаратараў. Важная, патрэбная справа, спадзяюся, што бясконцая, бо творчасць народа – невычэрпная крыніца.

Ігар Кузняцоў прапануе прыняць гэтую кнігу як пажаданне перачытаць напісанае папярэднікамі, а галоўнае – як стымул для пошуку асабістага поклічнага, эмацыянальнага паэтычнага і празаічнага слова. Дарэчы, менавіта райвыканкам узяў на сябе фінансавыя пытанні па выданні. А вось арганізацыйнымі клопатамі, складаннем кнігі заняўся былы рэдактар раённай газеты “Міёрскія навіны” Леанід Матэленак – выдатнік друку Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

Старшыня райсавета дэпутатаў Валерый Драба шчыра дзякуе ўкладальніку за грунтоўную працу па зборы кнігі:

- Гэта вялікі ўнёсак у захаванне творчай спадчыны нашага раёна. Калі Леанід Матэленак агучыў такую прапанову, мясцовая ўлада адразу яе падтрымала, падмацавала фінансавымі гарантыямі.

Спраўдзіць задуму далі магчымасць кнігі аўтараў-землякоў і іх шматлікія выступленні ў розных СМІ, энцыклапедычныя выданні і даведнікі, матэрыялы на літаратурнай старонцы “Ручаёк” у міёрскай раённай газеце з сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя, канкрэтызуе Леанід Матэленак:

– Колькасць творчых людзей у разы пераўзыходзіла першапачатковыя спісы. Сярод іх даўнія майстры слова, колішнія рабселькары і юнкары, ручайкоўцы, многія з якіх прабіліся ў літаратуру і сталі аўтарамі ўласных кніжак. Такім чынам, збор творчых зярнят ператварыўся ў абмалот сапраўднага ўраджаю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter