Дванаццаты этнаграфічны канцэрт «Фальклор беларускай глыбінкі». Уся камерная зала БДУКМ запоўненая. Шмат хто будзе стаяць. Але гэта нікога не турбуе, усе ўслухоўваюцца ў нязвыклую для гараджан гаворку бабуль-дзядуляў з гуртоў і ансамбляў беларускага фальклору. Апошнія — культурныя прадстаўнікі Тураўскага і Пінскага Палесся. Як яны выглядаюць! Кабеты-спявачкі — у яркіх хустках, кашулях з непаўторным узорам на грудзях, доўгіх пышных спадніцах. Вось яно, Палессе — сапраўдны носьбіт беларускай традыцыі.
Першым на сцэну выходзіць народны фальклорны ансамбль з вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Адзінаццаць спявачак і адзіны спявак. Па зале яны гучнымі галасамі дружным хорам разносяць абрадавыя песні вяснова-летняга цыкла: «За чарэтам зялёненькім», «Ой, гу-у, вясна!», «Вол бушуе, вясну чуе» і іншыя. Сарваўшы апладысменты, бабулі і адзіны дзядуля калектыву бянтэжацца, як дзеці. Званне народных — не нагода зазнавацца. Далей спяваюць фальклорны гурт з вёскі Церабень з аднайменнай назвай і гурт «Парачаначка» з вёскі Парэчча Пінскага раёна і таксама бянтэжацца. Добрымі вачамі яны абводзяць залу. Відаць, што такая ўвага і цікавасць да іх творчага занятку іх яшчэ больш натхняе. Ужо на сямейна-абрадавых песнях пра вяселле і радзіны яны нарэшце расспяваліся канчаткова. А калі з залы сталі падпяваць, то так разышліся, што ім нават ваду падносілі. Маўляў, бабулі, вы нам жывымі яшчэ патрэбныя. Падключыўся ансамбль «Багатуха» вёскі Камень Пінскага раёна. Заспявалі лірычныя і жартоўныя песні.
Гурты і ансамблі завалілі ружамі, а яны слухачоў аддзячылі выдатным настроем ды новымі ведамі пра вёску на Палессі. Напрыканцы ўдзельнікам канцэрта ўручылі падзякі з подпісам рэктара і прарэктара БДУКМ — «За зберажэнне і папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі». Дзякуй ім за захаванне традыцый. Час і нам, маладым, захоўваць іх. Яшчэ прыйдзем паслухаць?
alinakasel@gmail.com
Фота Iвана ЛУЖЫНСКАГА