Цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных зойме некалькі палат РНПЦ псіхічнага здароўя.
Выйсці з ценю
Галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеяннi гандлю людзьмі МУС — каардынатар эксперымента. Працяглай рэабілітацыі для нарказалежных у дзяржаўных медустановах пакуль няма. Існуюць стандартныя 28-дзённыя праграмы, але яны не заўсёды эфектыўныя, дзеліцца назіраннямі Кацярына Шэлегава, намеснік начальніка першага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС:
— У праграмах рэабілітацыі, што існуюць, няма сацыяльнага кампанента. Гэта значыць, залежны 28 дзён знаходзіцца ў медустанове, а потым выходзіць у звыклы соцыум і не ведае, як яму будаваць жыццё далей. Так і вяртаецца ён да старых сяброў і згубных звычак. Важна ж разумець, што залежнасць ад наркотыку не толькі фізічная, але і моцная псіхалагічная... Акрамя таго, трэба браць пад увагу і тое, што ў нас усё яшчэ стыгматызавана грамадства. Напрыклад, у Германіі ці Партугаліі наркаман успрымаецца як чалавек хворы, медыкі і сацыяльныя службы ідуць яму насустрач, ствараюць умовы для таго, каб ён вярнуўся да цвярозага жыцця і стаў паўнавартасным членам грамадства, прыносіў карысць. У нас жа ад нарказалежных, бывае, адварочваюцца нават самыя блізкія людзi. Выступаючы з ініцыятывай стварыць гэты эксперыментальны цэнтр, мы абапіраліся на міжнародны вопыт. У еўрапейскіх краінах даўно функцыянуюць дзяржаўныя цэнтры працяглай рэабілітацыі і рэсацыялізацыі. Калі атрымаецца рэалізаваць такую ідэю ў нас, гэта будзе вялікі прарыў.
Але ёсць і такая праблема: наркаманы далёка не заўсёды гатовыя выйсці з ценю і звярнуцца па дапамогу медыкаў. З 88,5 тыс. нарказалежных у краіне толькі 12,5 тыс. знаходзяцца на медыцынскім уліку. Назіранне ў нарколага цягне шэраг сацыяльных абмежаванняў: залежны не зможа атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, яму зачынена дарога ў некаторыя прафесіі. На лячэнне ж у платным цэнтры не ў кожнага знойдуцца сродкі. У чым перавага новай эксперыментальнай праграмы? Па-першае, на працягу паўгода-года пасля выпіскі са стацыянара пацыенты будуць праходзіць сацыяльную рэабілітацыю. Спецыялісты органаў па працы і занятасці дапамогуць ім аднавіць дакументы, сацыяльныя сувязі, знайсці жыллё і працу. Па-другое, ведамствы разглядаюць пытанне аб тым, каб скараціць тэрмін знаходжання пад наглядам нарколага і ў цэлым перагледзець працэс, зрабіўшы яго больш рацыянальным і эфектыўным, калі залежны будзе лячыцца ў новым рэабілітацыйным цэнтры, тлумачыць Кацярына Шэлегава:
— Несумненны плюс цэнтра таксама ў тым, што ўся праграма рэабілітацыі будзе бясплатнай. У дапамогу кваліфікаваным медыкам мы будзем прыцягваць грамадскія арганізацыі, якiя ўжо зарэкамендавалі сябе ў працы з нарказалежнымі, а таксама спецыялістаў недзяржаўных рэабілітацыйных цэнтраў.
Ёсць і такая праблема: наркаманы далёка не заўсёды гатовыя выйсці з ценю і звярнуцца па дапамогу медыкаў. З 88,5 тыс. нарказалежных у краіне толькі 12,5 тыс. знаходзяцца на медыцынскім уліку.
Галоўнае — матывацыя
Цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных зойме некалькі палат РНПЦ псіхічнага здароўя. У стацыянары хвораму спачатку дапамогуць справіцца са станам адмены, прымяняючы лекавыя прэпараты, а пасля пацыент уключаецца ў саму праграму рэабілітацыі. Яна разлічана на 28-дзённае знаходжанне ў медустанове, распавядае Аксана Калбасава, намеснік дырэктара па медыцынскай частцы (па наркалогіі) РНПЦ псіхічнага здароўя:
— Кожны дзень пацыента будзе распісаны. Рэабілітацыя ўключае ў сябе групавую псіхатэрапеўтычную працу, сеансы індывідуальнай псіхатэрапіі і псiхакарэкцыi, фізіятэрапеўтычнае лячэнне. Да таго ж мы плануем аказваць медыка-псіхалагічную дапамогу сем’ям асоб нарказалежных. Як паказвае практыка, праца з асяроддзем хворага вельмі важная для выздараўлення. Сама тэрапеўтычная брыгада будзе складацца з каардынатара — загадчыка аддзялення, псіхіятра-нарколага, псіхатэрапеўта, медыцынскага псіхолага, спецыяліста па сацыяльнай рабоце, параспецыялістаў, валанцёраў, сацыяльных работнікаў.
Праграма рэабілітацыі будзе для кожнага індывідуальная, зыходзячы з патрэб канкрэтнага пацыента. Пакуль што іх плануюць дзяліць на тры катэгорыі: старэйшыя за 25 гадоў, якія маюць прафесію, сваякоў, жыллё і не маюць крымінальнага мінулага, старэйшыя за 25 гадоў, якія маюць крымінальнае мінулае, не працуюць, не маюць блізкіх сваякоў і жылля, і юныя нарказалежныя да 25 гадоў, якія не маюць істотнага вопыту працы і самастойнага жыцця.
— Прайсці рэабілітацыю ў нас змогуць тыя, хто сапраўды матываваны на пазбаўленне ад залежнасці. Канчатковае рашэнне аб уключэнні пацыента ў рэабілітацыйную праграму будзе прымаць каардынатар праграмы. Пасля таго як хворы пакіне сцены медустановы, ён павінен будзе наведваць цэнтр два разы на тыдзень на працягу 6 месяцаў, а затым раз на тыдзень на працягу 12 месяцаў, — удакладняе Аксана Калбасава.
Таксама пасля заканчэння медыцынскай рэабілітацыі пацыент па жаданні можа працягнуць рэабілітацыю ў недзяржаўным рэабілітацыйным цэнтры.
Планы і перспектывы
Фішка новага эксперыментальнага цэнтра — сацыяльная рэабілітацыя. На апошнім тыдні знаходжання нарказалежнага ў РНПЦ псіхічнага здароўя з ім пачнуць працаваць спецыялісты органаў па працы, занятасці і сацабароне, дзеліцца планамі Алег Такун, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:
— Хутчэй за ўсё, пацыенту будуць дапамагаць два спецыялісты. Адзін — работнік службы занятасці, ён падтрымае ў справе працаўладкавання, дапаможа знайсці працу, а калі адукацыі і асаблівых навыкаў у былога нарказалежнага няма, то прапануе атрымаць прафесію, прайсці бясплатныя навучальныя курсы. Другі спецыяліст — сацыяльны работнік. Ён падкажа, як аднавіць дакументы, знайсці жыллё, паспрыяе наладжванню кантактаў з сям’ёй. Плануем назіраць за гэтым чалавекам як мінімум год, будзем кантактаваць з ім. Рэсацыялізацыя вельмі важная для поўнага выздараўлення.
Гэтай восенню эксперыментальны цэнтр рыхтуецца прыняць каля 8 пацыентаў, матываваных пазбавіцца ад нарказалежнасці. Калі вынікі пілотнага праекта будуць станоўчымі, то колькасць месцаў павялічыцца, а такія цэнтры з’явяцца ў іншых рэгіёнах краіны.
matuzova@sb.by