Вы яшчэ сушыце бялізну ў ванным пакоі або на батарэях? для гэтага ёсць больш прыдатныя прыстасаванні

Вялікае мыццё

Калі вы робіце ў доме рамонт, паспрабуйце перанесці сушку рэчаў на балкон, раіць урач-алерголаг 34-й паліклінікі Мінска Людміла Астахава. Тут добры прыток паветра, паразвешваная мокрая вопратка нікому не перашкаджае, а ў самой кватэры няма сырасці ад выпарэнняў вільгаці, якімі даводзіцца дыхаць. А гэта пагражае алергіяй і галаўным болем, паколькі многія сучасныя сродкі для мыцця маюць вельмі рэзкі пах. Да таго ж на балконе рэчы сохнуць хутчэй, захоўваючы прыемную свежасць.


Вядома, на балконе прасцей простага нацягнуць вяроўкі — і справе канец. Але ёсць яшчэ і разнастайныя падлогавыя, насценныя і столевыя сушылкі. Пры выбары звяртайце ўвагу на ўмяшчальнасць: ці можна будзе вывесіць усе выгружаныя з пральнай машыны рэчы? Пацікаўцеся таксама, з чаго зроблены сушылкі. Напрыклад, далікатны і лёгкі пластык не вытрымае цяжкіх пледаў і коўдраў, для іх неабходная канструкцыя з металічным каркасам і тоўстымі вяроўкамі.

Для балконаў і лоджый ідэальныя столевыя сушылкі. Такія прыстасаванні не займаюць шмат месца, як падлогавыя, да таго ж простыя і зручныя ў выкарыстанні, могуць вытрымаць вагу мокрых рэчаў да 25 кілаграмаў. А паколькі вяроўкі ў іх размешчаны амаль пад самай столлю, куды падымаецца цёплае паветра, то і бялізна будзе сохнуць хутчэй.

Па канструкцыі столевыя сушылкі бываюць рассоўнымі, складнымі і ў выглядзе сушылак-ліян. Рассоўныя найбольш танныя і, мабыць, самыя папулярныя.

Складныя ўяўляюць сабой планкі, замацаваныя на кранштэйнах. Яны даволі кампактныя. Да таго ж, калі бялізна не сушыцца, іх можна скласці альбо ў даўжыню, альбо ў шырыню (у залежнасці ад мадэлі) і яны будуць абсалютна непрыкметныя.

Сушылкі-ліяны — яшчэ адзін папулярны ў гаспадынь варыянт. Яны складаюцца з каркаса з планкамі, замацаванымі на вяроўках, якія прапушчаны праз ролікавы механізм. Калі неабходна павесіць бялізну, ліяна апускаецца на патрэбную вышыню, а затым вяртаецца наверх. Без бялізны такія сушылкі пад столлю практычна не відаць і яны не псуюць агульны выгляд лоджыі.

Сушылкі, вырабленыя з алюмінію, маюць невялікую вагу і простыя ва ўстаноўцы, да таго ж каштуюць нядорага. Канструкцыі з нержавеючай сталі больш практычныя, хоць і даражэшыя за алюмініевыя. Сушылкі з пластыку звычайна танныя, але недаўгавечныя

Ніна Уладзімірава
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter