Восеньская сустрэча ў ЛЯЎКАХ

На Аршаншчыне, у двух кіламетрах ад гарадскога пасёлка Копысь, знаходзіцца знакаміты філіял музея Янкі Купалы — Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”. Менавіта тут адбудзецца ўрачыстая сустрэча гасцей рэспубліканскага свята “Дажынкі” з Магілёўскай вобласці. У 1935 годзе ў сувязі з 30-годдзем творчай дзейнасці Янкі Купалы ўрад пабудаваў паэту дачу, месца для якой, дарэчы, паэт выбраў сам. Пакуль дача будавалася, Купала жыў у сям’і ляснічага М.І.Шыманскага, у тым доме, дзе зараз размясцілася экспазіцыя філіяла.

Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы была адноўлена дача песняра (яна згарэла падчас вайны ў 1941 годзе). Купалаўскія інтэр’еры ўзнаўляліся па ўспамінах сваякоў, пляменнікаў паэта. Некаторыя рэчы на дачы, напрыклад пісьмовы стол, калісьці належалі паэту. У склад музейнага комплексу, акрамя філіяла музея і дачы Купалы, уваходзіць домік шафёра, гараж, гаспадарчыя пабудовы, зона масавых гулянняў. У гаражы цікаўныя могуць убачыць купалаўскі “Шэўрале”, падораны песняру ў сувязі з 30-годдзем творчай дзейнасці.
Янка Купала жыў і працаваў у Ляўках з чэрвеня 1935 года па чэрвень 1941-га. Штогод прыязджаў сюды паэт ранняй вясной і заставаўся да глыбокай восені. Купала шукаў тут цішы і спакою, ён мог доўга слухаць шум бору, глядзець на Дняпро. Маляўнічыя краявіды Ляўкоў натхнялі Купалу. Як расказала загадчыца філіяла Тамара КРЫНА, тут паэт толькі за чэрвень—жнівень 1935 года напісаў 18 вершаў, якія пазней сталі называцца вершамі ляўкоўскага цыкла. Сярод іх — “Алеся, “Хлопчык і лётчык”, “Вечарынка”, “Сыны”, “Госці”, “Партызаны”, “Старыя акопы”, “Лён”, “Сосны”, “Сонцу” і г.д.
Паэт і сёння нібы застыў у задуменні на лавачцы непадалёк ад пакручастага абрыва. На стале яго чакае недапісаны верш...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter