Дзень беларускага пiсьменства ў Iванаве пакiнуў незабыўныя ўражаннi ў яго ўдзельнiкаў

Усе дарогi вялi ў Iванава

Тысячы аматараў роднага слова з ўсёй нашай краiны прынялi ўдзел у святкаваннi XXV Дня беларускага пiсьменства ў Iванаве. Свята працягвалася два днi i пакiнула незабыўныя ўражаннi ў жыхароў i гасцей старажытнага горада, якi сёлета адзначае 595–годдзе. Сюды завiталi таксама прадстаўнiкi замежных дэлегацый, каб абмяняцца думкамi падчас мiжнароднага круглага стала «Мастацкая лiтаратура як шлях адзiн да аднаго», прэзентацый кнiг i аўтограф–сесiй, паэтычных чытанняў.



Доўгачаканай, сiмвалiчнай падзеяй стала адкрыццё ў райцэнтры памятнага знака «Слова Янава», з якога пачалiся асноўныя мерапрыемствы Дня беларускага пiсьменства. Старшыня Iванаўскага райвыканкама Юрый Бiсун адзначыў, што прымаць такое свята для мясцовых жыхароў вялiкi гонар, бо яно наблiжае грамадства да тых каштоўнасцей, якiя закладзены ў кнiгах. Кiраўнiк раёна выказаў упэўненасць, што адкрыты памятны знак, на якiм адлюстраваны назвы ўсiх гарадоў, дзе праходзiў Дзень беларускага пiсьменства, стане папулярным аб’ектам у мясцовых жыхароў, а таксама ў турыстаў.

Мiнiстр iнфармацыi Аляксандр Карлюкевiч шчыра павiншаваў прысутных са святам i падкрэслiў, што наша краiна заўсёды жыве ў згодзе i сяброўстве з суседзямi. Лiтаратурнае слова, багатыя культурныя традыцыi садзейнiчаюць гэтаму.

На галоўнай сцэне ў гарадскiм парку адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Намеснiк Прэм’ер–мiнiстра Iгар Петрышэнка зачытаў прывiтальнае слова Прэзiдэнта краiны ўдзельнiкам i гасцям свята. У iм Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што продкi пакiнулi нам неацэнны скарб — родную мову:

«Многiя стагоддзi пiсьмовае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя iдэалы прыгажосцi, дабра i справядлiвасцi, з’яўляецца жыватворнай крынiцай мудрасцi i ведаў, надзейным спадарожнiкам кожнага чалавека на яго жыццёвым шляху. Святкуючы Дзень беларускага пiсьменства, мы аддаём данiну павагi ўсiм тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнiчаў асвеце i ўзняў на высокi ўзровень беларускае мастацкае слова».

Узнагарода — Вользе Нiкольскай
Фота БЕЛТА

Багатая на падзеi гiсторыя Янаўскага краю прамiльгнула перад гледачамi падчас мастацка–тэатралiзаванай пастаноўкi «Малой радзiме пакланюся», галоўнымi дзеючымi асобамi якой сталi Яго Вялiкасць Час i тры сястры — Мiнулае, Сучаснае i Будучае. Канцэрт падрыхтавалi артысты Вялiкага, Купалаўскага тэатраў, а таксама творчыя калектывы Брэстчыны.

Хвалюючы момант — урачыстая цырымонiя ўручэння Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii за 2017 год. Больш за 50 аўтараў прэтэндавалi на яе атрыманне, i журы было няпроста вызначыць пераможцаў. Высокiя ўзнагароды ў розных намiнацыях ад мiнiстра iнфармацыi Аляксандра Карлюкевiча i сустаршынi журы конкурсу, прафесара, доктара фiлалагiчных навук Iвана Саверчанкi атрымалi Казiмiр Камейша — за зборнiк вершаў «Высокi бераг», Васiль Шырко — за кнiгу прозы «Я нязваны госць», Георгiй Марчук — за зборнiк п’ес «Святло вышынi». Лепшым аўтарам публiцыстычнага твора названа Зiнаiда Дудзюк за кнiгу «Пара высокага сонца». Лепшым творам лiтаратурнай крытыкi i лiтаратуразнаўства прызнана кнiга Iвана Штэйнера «Смехъ зъ больстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыi Рэнесансу ў сатырычнай лiтаратуры ХХ стагоддзя». Сярод аўтараў, якiя пiшуць для дзяцей, узнагароду атрымала Вольга Нiкольская за твор «Похищение шедевра, или Новые приключения агентов «КолбаФирЖик». Самы ўдалы дэбют у Юлii Алейчанка з кнiгай «Пад чароўным шкельцам». Па словах аўтараў, уручэнне Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii стала для iх вельмi хвалюючым момантам. Гучнымi апладысментамi публiка вiтала кожнага з намiнантаў.

На плошчы Кастрычнiка, дзе праходзiў Фестываль кнiгi i прэсы, адбылася памятная падзея — спецыяльным штэмпелем праведзена гашэнне канверта i маркi «Дзень беларускага пiсьменства ў Iванаве».

Шматлюдна было на пляцоўцы «Сучасная беларуская кнiга i прэса», на якой сваю прадукцыю сярод iншых прэзентаваў холдынг «СБ. Беларусь сегодня». Побач можна было завiтаць на пляцоўку «Слова пiсьменнiка». Тут свае творы чыталi i выконвалi пад музыку папулярныя беларускiя аўтары.

Член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Георгiй Тамашэвiч, дзелячыся ўражаннямi, адзначыў, што свята ў Iванаве запомнiцца надоўга яго ўдзельнiкам:

— Гэта была сапраўдная сустрэча з родным словам, якое гучала ўсюды i заклiкала людзей цiкавiцца беларускай лiтаратурай, культурай, гiсторыяй. Вельмi прыемна, што свята сабрала прадстаўнiкоў усiх пакаленняў. Прыемна бачыць сярод лiтаратараў моладзь, якая ўпэўнена крочыць у будучыню.

Папулярныя калектывы мастацкай самадзейнасцi, сольныя выканаўцы ўпрыгожылi фестываль яскравымi музычнымi нумарамi. Перад публiкай прамiльгнулi iмгненнi жыцця старажытнага Янава i яго знакамiтых асоб, якiя пакiнулi незабыўны след у гiсторыi. Як сведчыць Дзень беларускага пiсьменства, яна працягваецца i новыя, цiкавыя старонкi яшчэ наперадзе.

kurets@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter