Толока у белорусов: как совместный труд издавна объединял наших предков

Талакой усё пад сілу

У старажытнасці нашы продкі гуртаваліся, каб выканаць разам цяжкую працу ў полі. Нават боства, адказнае за дапамогу, прыдумалі — багіня Талака з сівых часоў была апякункай жніва і ўрадлівасці. Ад яе імя і сам працэс агульнай працы займеў назву. Багіня была ў вялікай пашане ў беларусаў. Свята ў яе гонар ладзілі ў залежнасці ад таго, дзе і калі ішла ўборка ўраджаю.

Фота з архіва «СБ»
   
Калі змяркалася і жанчыны дажыналі апошні загон, кожная з іх адкладала па коласу для агульнага снапа ў гонар Талакі. Сабраўшы такім чынам вялікую колькасць каласоў, жнеі звязвалі іх у адзін агульны дажыначны сноп. А яшчэ на ніве заставаўся невялікі недажаты кавалачак — з яго каласоў талачанкі рабілі вянок, уплятаючы ў яго розныя кветкі і пахучыя травы. У гэты час на полі з’яўлялася багіня Талака, якую выбіралі сярод дзяўчат. Яе таксама ўпрыгожвалі кветкамі, давалі ў рукі дажыначны сноп, а на галаву ўскладалі талаковы вянок з доўгім белым покрывам. Карагод жанчын акружаў Талаку, яны спявалі песні.

Пасля гэтага талачанкі, стаўшы парамі за Талакою, ішлі ў дом гаспадара поля. Пры ўваходзе ён падносіў Талацэ хлеб-соль, кланяўся ёй, а яна аддавала яму дажынкавы сноп. Гаспадар і гаспадыня бралі Талаку пад рукі і саджалі ў чырвоны кут. Калі вячэра заканчвалася, карагод з Талакою падыходзіў да гаспадароў і дзякаваў за пачастунак пацалункамі. Талака здымала з галавы вянок і аддавала яго гаспадару, покрыва ж заставалася ў яе. Потым талачанкі праводзілі дзяўчыну з хаты. Але свята працягвалася — разам працаўніцы частаваліся, спявалі песні.

Звычай сумесна працаваць існаваў не толькі ў час жніва. Беларусы разам будавалі хаты, касілі.

Дарэчы, гэты старажытны звычай яшчэ родавага грамадства, калі род быў асобнай адзінкай. Напрыклад, каб пабудаваць хату, разам збіраліся ўсе мужчыны роду ці ўсе мужчыны вёскі. Калі дом узводзіла маладая сям’я, на талаку сыходзіліся ўсе, хто гуляў на вяселлі. Талакой дапамагалі і пагарэльцам.

Народны звычай патрабаваў не адмаўляцца ад запрашэння на талаку. Існавала правіла: хто ўхіляўся ад дапамогі іншым, таму і суседзі не дапамогуць у бядзе. Казалі: «Усе пад Богом ходзім». Таму строга выконвалі гэты звычай і ішлі на талаку нават да заможных аднавяскоўцаў, якія маглі б наняць рабочых, не звяртаючыся па дапамогу.

Часам талака нагадвала нават гульню. Напрыклад, касьба навыперадкі. У гістарычных крыніцах сустракаецца такое апісанне: «Работа кіпіць, чуюцца падбадзёрлівыя выгукі, крыкі ўхвалення і кплівыя заўвагі і досціпы ў бок тых, хто адстае. Усё гэта выклікае жарты, прымаўкі, смех і стварае такі вясёлы, бадзёры настрой, пры якім прадукцыйнасць працы моцна павялічваецца». Сумесная праца аб’ядноўвала людзей.

Быў яшчэ адзін немалаважны аспект: менавіта падчас талакі хлопцы і дзяўчаты шлюбнага ўзросту маглі найлепшым чынам прадэманстраваць свае працоўныя здольнасці. Чым больш спрытнай была дзяўчына, тым больш шанцаў у яе было хутка выйсці замуж.

У наш час талаку нагадвае сумесная праца — калі некалькі сем’яў аднаго роду збіраюцца разам, каб выкапаць бульбу. Як бачым, некаторыя водгукі старажытнага звычаю дайшлі і да нашага часу.

АД ПРАДЗЕДАЎ

З песні жанчын-талачанак

Выйдзі, выйдзі, гаспадарыку,
Спатыкаць з усякім збожжам Талаку,
Раскрый жа хатачку
Да перад такім жа госцем.
Пакланіся ж спадарыні Талацэ, 
Пакланіся ёй найніжай,
Пасадзі яе да на куце…

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter