В июле и августе ожидается до 34 градусов тепла

Сонца ва ўдары

Прырода — яшчэ тая выдумшчыца. Здаецца, зусiм нядаўна быў значны «мiнус» за акном, а сёння лiтаральна растоплiваемся ад спёкi i не можам уявiць сваё жыццё без асвяжальных напояў i кандыцыянера. Пра тое, як змянялася надвор’е на працягу першага паўгоддзя i чаго варта чакаць у блiжэйшы час, расказалi спецыялiсты Белгiдрамета.

Чэрвень запомнiўся рэкорднымi значэннямi тэмператур у пачатку трэцяй дэкады. 

Новыя рэкорды

— Сярэдняя тэмпература паветра на тэрыторыi краiны за першае паўгоддзе склала 4,9 градуса, што знаходзiцца ў межах сярэднiх шматгадовых значэнняў, — дзелiцца начальнiк службы метэаралагiчных прагнозаў Белгiдрамета Аляксандр Бяганскi. — У названы перыяд выпала 326 мiлiметраў ападкаў, што складае 111 працэнтаў клiматычнай нормы.

У сярэднiм, магчыма, норма сапраўды i выйшла, але куды больш пярэстай карцiна выходзiць, калi паглядзець на даныя ў разрэзе месяцаў. Студзень па тэмпературы быў блiзкiм да клiматычнай нормы, але з невялiкiм станоўчым складальнiкам. Люты — халодным: на 2,2 градуса нiжэй за норму. Мiнiмальная тэмпература была зафiксавана на метэастанцыi Брагiн: 19 лютага там было —29,4 градуса. Вясна апынулася са слабай адмоўнай анамалiяй тэмператур — нiжэй на 0,3 градуса за кошт двух халодных месяцаў (красавiка i мая).

Па словах Аляксандра Бяганскага, клiматычная вясна ў Брэсцкай вобласцi, на большай частцы Гродзенскай i на поўднi, паўднёвым усходзе Гомельскай абласцей надышла на 2—3 тыднi раней, чым звычайна. Па паўночным i цэнтральным раёнах пераход ажыццявiўся ў тэрмiны, блiзкiя да сярэднiх шматгадовых значэнняў. Рэжым увiльгатнення ў межах вясновага сезона быў нераўнамерным. Сакавiк быў сухiм, красавiк — з сярэднiмi значэннямi. А вось май аказаўся вельмi вiльготным.

Чэрвень запомнiўся рэкорднымi значэннямi тэмператур у пачатку трэцяй дэкады. На большай частцы тэрыторыi краiны, за выключэннем асобных пунктаў назiрання на захадзе, былi абноўлены абсалютныя максiмумы тэмпературы паветра, характэрныя для гэтага месяца. На некаторых пунктах перавышаны тэмпературны рэкорд, якi трымаўся больш за 100 гадоў. Так, напрыклад, на метэастанцыях Барысаў i Васiлевiчы абноўлены максiмумы, якiя былi адзначаны ў 1901 годзе, а на метэастанцыi Пiнск — у 1885 годзе. Цяпер максiмальнае значэнне тэмпературы паветра для першага летняга месяца складае 37,1 градуса — яно зарэгiстравана 23 чэрвеня на метэастанцыi Кастрычнiк Гомельскай вобласцi. На многiх станцыях у чэрвенi адзначыўся недабор ападкаў. Першая i другая дэкады месяца былi вельмi сухiмi.

Самы гарачы месяц

Як адзначае спецыялiст, за першае паўгоддзе Белгiдрамет склаў 52 папярэджаннi аб неспрыяльных з’явах i чатыры штармавых папярэджаннi — аб небяспечных. Два з iх былi ў маi на замаразкi i два — у чэрвенi на моцную спякоту.

— У чэрвенi адзначылiся выпадкi з навальнiцамi, шквалiстым узмацненнем ветру i выпадзеннем граду, — тлумачыць Аляксандр Бяганскi. — Найбольш складаны перыяд прыйшоўся на 22—25 чэрвеня, калi чатыры днi запар адзначалiся тэмпературы вышэй за 35 градусаў. Услед за гэтым рушыў актыўны атмасферны фронт, якi прынёс месцамi небяспечныя з’явы, звязаныя з навальнiчнай дзейнасцю i моцнымi лiўнямi.

У першай дэкадзе лiпеня зноў усталёўваецца гарачае надвор’е. Па разлiках сiноптыкаў, у перыяд з 8 па 12 лiпеня на большай частцы тэрыторыi краiны чакаюцца высокiя тэмпературы ў межах 30—34 градусаў цяпла. Пры гэтым 8—10 лiпеня ападкi малаверагодныя, а пачынаючы з наступнага тыдня магчымы кароткачасовыя дажджы. Па папярэднiх прагнозах, лiпень традыцыйна будзе самым гарачым i вiльготным месяцам. Не выключаюцца перыяды даволi высокiх тэмператур i ў жнiўнi.

Радыяцыя пад кантролем

У 2021 годзе дзякуючы дзвюм дзяржаўным праграмам развiлася сетка манiторынгу паверхневых вод. Зараз яна складаецца з 306 пунктаў. За паўгоддзе атрымалася ўкаранiць новы вiд назiранняў па гiдрамарфалагiчных паказчыках. Таксама павялiчылася колькасць водных аб’ектаў, ахопленых назiраннямi.

— Па вынiках назiрання па гiдрахiмiчных паказчыках складваецца спрыяльная карцiна. Са студзеня па май замору i дэфiцыту колькасцi кiслароду адзначана не было, — заяўляе начальнiк службы экалагiчнай iнфармацыi Белгiдрамета Алена Багадзяж.

У першым паўгоддзi радыяцыйны фон застаўся стабiльным. Не было выяўлена нiводнага выпадку перавышэння ўзроўню i магутнасцi дозы над усталяванымi шматгадовымi значэннямi. Назiраннi за колькасцi радыеактыўных рэчываў у атмасферным паветры праводзiлiся ў 20 пунктах па атмасферных выпадзеннях i дзесяцi пунктах па аэразолях атмасфернага паветра. Узровень i магутнасць дозы гама-выпраменьванняў, сумарная бэта-актыўнасць натуральных выпадзенняў i аэразоляў, утрыманне Цэзiю-137 i Стронцыю-90 у атмасферным паветры, глебе i вадзе адпавядалi ўсталяваным шматгадовым значэнням. Iншых тэхнагенных радыенуклiдаў, якiя характарызуюць выкiды з радыяцыйна небяспечных аб’ектаў, выяўлена не было.

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter