О дорогах, которые для молодого поколения определяют учителя

Сейбіты разумнага, добрага, вечнага

Пра тыя дарогі, што для будучых пакаленняў вызначаюць настаўнікі

Напярэдадні 1 верасня дапамагаю дзецям збіраць партфелі, а ў думках адно пажаданне ім — добрых настаўнікаў і вялікай ахвоты вучыцца, спазнаваць новае, рухацца да поспеху. Думкі, чэсна прызнацца, крыху трывожныя: толькі б мой першакласнік знайшоў паразуменне з равеснікамі, а педагогі, і добрыя, і строгія, спрыялі развіццю, дапамагалі спраўляцца са стрэсам першых дзён навучальнага года.

З добрым настроем прыйшлi на школьны кiрмаш Багдана i Ларыса Мiсiлевiч.

Хтосьці скажа: усё гэта трывогі матулі, якая занадта апякае сваіх дзяцей. А гіперапека — хутчэй шкода, чым карысць. Аднак, паверце, стрэсавыя пачуцці ўзніклі не на роўным месцы. Шмат чаго давялося перажыць за восем гадоў школьнага жыцця старэйшага сына. А колькі ўсяго чакае наперадзе! Памятаю, яшчэ бабуля казала: «Маленькія дзеткі — маленькія бедкі». Так хочацца, каб розных казусаў было менш. Але дзе там?

Памятаю, які стрэс атрымала, калі на першым тыдні верасня мой першакласнік прыйшоў дадому са слязамі: настаўніца разам з мамай яго аднакласніцы праводзілі «прафілактычную гутарку» пра тое, што дзяўчынак крыўдзіць нельга. Хлопчыка выставілі перад класам і далі зразумець, які ён хуліган. Калі пачалі разбірацца, аказалася, што дзяўчынка сама скакала на спіну хлопцам, цягнула за гальштук і добра што не задушыла. Калі б мой «бандыт» не адштурхнуў актыўную аднакласніцу, немаведама, што магло здарыцца. Доўга прыйшлося высвятляць канфлікт. Чаму дзяўчынак абражаць нельга, а хлопчыкаў можна? Чаму ў школе разбіралі сітуацыю з вучнем у прысутнасці мамы «пакрыўджанай першакласніцы», а мне нават ніхто не патэлефанаваў? Адказы на іх мы потым хутка знайшлі ў кабінеце дырэктара. Аднак хто возьме чароўны ласцік і сатрэ з памяці дзіцяці гэты непрыемны выпадак?

Хтосьці супакоіць: гэта ж тая самая сацыялізацыя! Пад кожны такі «трэш» саломінку не падсцелеш! Вядома, малому патрэбна набіць трохі шышак, абцерціся сярод людзей. Аднак лячыць яго ад неўрозаў прыходзіцца бацькам, таму і трывожымся.

Яшчэ адна навала на маю галаву — адзнакі. Я б іх увогуле адмяніла, каб не шкодзіць псіхіцы дзіцяці. Добра што іх выстаўляюць пачынаючы толькі з трэцяга класа. Аднак і гэта, на маю думку, ранавата. Памятаю роспач, калі ў дзённіку майго вучня з’явілася «5» (па дзесяцібальнай сістэме) па выяўленчым мастацтве. Адразу ў мяне ўзніклі пытанні: як можна ацаніць здольнасці да малявання ў пачатковай школе, калі дзіця яшчэ толькі вучыцца трымаць пэндзлік і карыстацца фарбай? Аказалася, што нізкая адзнака пастаўлена з-за таго, што намаляваны казачны герой Калабок каціўся не па дарожцы, а павіс у паветры. А калі наш вучань на нейкім падсвядомым узроўні наследуе стылістыку вядомага Марка Шагала? Памятаеце яго карціну «Над горадам», дзе мастак, адкінуўшы зямное прыцягненне, шчаслівы і закаханы, ляціць са сваёй Бэлай над родным Віцебскам? Пасля таго як расказала настаўніцы пра гэта, больш яна такіх памылак, ацэньваючы работы вучняў, не дапускала.

Скажаце, занадта суну нос туды, куды большасць бацькоў (напрыклад, тых, хто ведаюць творчасць Марка Шагала) увогуле б не ўздумалі лезці. Я ж лічу, што ў выхаваўчым працэсе дробязей не існуе. Кожнае слова, нават невербальныя рэакцыі настаўніка, дзіця ўбірае ў сябе, як губка. Адсюль пачынаецца яго дарога ў дарослае жыццё, фарміраванне светапогляду і адчуванне сябе сярод людзей. І так хочацца, каб у сённяшняга пакалення школьнікаў былі настаўнікі, якія свае адносіны да прафесіі і да дзяцей фарміравалі на тых традыцыях, што былі закладзены раней добрымі і ў той жа час строгімі педагогамі, што дзясяткі гадоў таму працавалі з намі.

Няхай шанцуе нашым дзецям з настаўнікамі, як некалі шанцавала нам!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter