О тревогах родителей будущих первоклассников

Сельскія даюць фору

Што варта ўлічваць бацькам, якія выбіраюць школу для будучага першакласніка 

Нядаўняя навіна пра тое, што школы краіны пачалі прыём дакументаў у першыя класы, трохі ўсхвалявала: усяго два тыдні прайшло пасля выпускнога ў дзіцячых садках, а мамам і татам трэба думаць пра партфелі, сшыткі і дзённікі. Некаторыя кажуць: актывізавацца пакуль рана, лепш адпачыць ды набрацца сіл перад новым навучальным годам. Іншыя ўпэўнены: два з паловай месяцы да 1 верасня — вельмі мала, каб паспець падаць дакументы менавіта ў выбраную школу. Ажыятаж назіраецца таксама ў сельскіх школах Мінскага раёна. 


Некаторыя мамы і таты, каб быць першымі ў спісе, гатовы стаяць пад дзвярыма навучальных устаноў нават ноччу. У чым прычына такога ажыўлення? Аказваецца, дарослыя турбуюцца, што іх малым у верасні не хопіць месца за партамі. Аднак наколькі гэта хваляванне апраўдана і ці заўсёды варыянт са школай, што побач з месцам жыхарства, найлепшы? 

У бацькоў будучых школьнікаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, не ўзнікае пытанняў, у якую навучальную ўстанову аддаць дзіцё ў верасні. Найперш таму, што выбар невялікі, але і перавагі перад гарадскімі ёсць. Напрыклад, у першы клас няма чэргаў. Школы прасторныя, класы па 10—15 чалавек. Часу ў настаўніка на кожнага вучня больш, а значыць, і паспяховасць на высокім узроўні. Дастаткова прыгадаць СШ у аграгарадку Суботнікі Іўеўскага раёна. Там настаўнікі змаглі на практыцы даказаць: узровень вясковай адукацыі можа не толькі не саступаць гарадскому, але і служыць прыкладам для тых школ, што лічацца прэстыжнымі. Доказ таму — усе выпускнікі Суботніцкай СШ здалі цэнтралізаваныя экзамены на адзнакі не ніжэй за васьмёрку, а адзін з іх стаў уладальнікам адразу двух стобальных сертыфікатаў! 

А вось у райцэнтрах, дзе дзве і больш сярэдніх навучальных устаноў, мамы і таты доўга думаюць, якой з іх аддаць перавагу. Прыярытэты? Школу выбіраюць так, каб не надта перакройваць расклад сям’і, каб паспяваць забіраць дзіця пасля заняткаў (на выпадак, калі школьны аўтобус не прадугледжаны). Але ці заўсёды менавіта гэтыя крытэрыі самыя важныя? Падзелімся іншымі.

Па-першае, наяўнасць адной змены. Часцяком іх дзве, нават у райцэнтрах. А вось калі школьнікі вучацца ў першай палове дня, другую можна прысвяціць заняткам у гуртках (нямала і бясплатных, што таксама немалаважна). 

Па-другое, магчымасць трапіць у групу прадоўжанага дня. Мала дзе ў прадоўжанку могуць запісаць усіх жадаючых: возьмуць толькі тых, хто мае асаблівую патрэбу. Нават у некаторых сельскіх школах колькасць месцаў абмежавана. Імкненне туды трапіць зразумела: дзіця забяспечаць абедам і падвячоркам, акрамя таго, яму не прыйдзецца сумаваць — увесь час будзе заняты. 

Варта ўлічыць і адлегласць да музычнай ці спартыўнай школы. Калі першакласнік падрасце, зможа на заняткі хадзіць самастойна, а бацькам не трэба будзе сярод дня кідаць працу, каб завезці яго дадому. 

Як бачым, пры выбары школы акалічнасцей нямала. Вось і ламаюць усхваляваныя мамы і таты галаву, куды на скрыжаванні дарог скіраваць, каб потым былі задаволены ўсе: і яны, і іх дзеці, і педагогі. Важна пры гэтым правільна расставіць прыярытэты. Чаму б спецыяльна дзеля адукацыі сваіх малых не пераехаць у тыя ж Суботнікі? Каб не стаяць ноч у чарзе на падачу дакументаў у першы клас, а праз 11 гадоў з вялікай верагоднасцю атрымаць стобальны сертыфікат. 

А што вы перажывалі, рыхтуючы дзяцей у першы клас?
Дорогие друзья! Подключайтесь к нашему диалогу. Задавайте вопросы, делитесь рассуждениями о наболевшем, высказывайте слова благодарности тому, кто помог вам, подставил плечо в трудную минуту. Присылайте отзывы на наши статьи, звоните на горячий телефон. С нетерпением ждем ваших писем и звонков!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter