Без аўтакрэсла – ні з месца: чаму некаторыя вадзіцелі ставяць пад небяспеку жыццё сваіх малышоў?

Рэменя кожнаму дзіцяці!

За мінулыя паўгода на дарогах краіны загінулі 12 дзяцей, 9 з іх былі пасажырамі. На жаль, летам колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх узрастае. Супрацьстаяць гэтаму заклікана акцыя «Дзіця — галоўны пасажыр», якая ўчора стартавала ў краіне. Карэспандэнт «Р» разам з экіпажам ДПС АДАІ Мінскага РУУС правярала, наколькі адказныя ў нас бацькі-вадзіцелі. Няма яшчэ і васьмі раніцы, а інспектары Альберт Якупаў і Аляксандр Галкоўскі ўжо гатовы заступіць на службу. Месца для кантролю за выкананнем правілаў па перавозцы дзяцей выбіраем на вуліцы Таполевай у Ратамцы, паблізу ад дзіцячых ясляў-сада.

Альберт Якупаў бачыць парушальнікаў здалёк.

Цікаўлюся:

— Часта перавозяць дзяцей без утрымлівальных прылад?  

— Часта... — уздыхае Аляксандр Галкоўскі. — Бывае, маецца адно дзіцячае крэсла, а вязуць дваіх-траіх малых.

Аб рэспубліканскай прафілактычнай акцыі ДАІ напярэдадні паведаміла праз СМІ. Ці дапаможа гэта зберагчы здароўе і жыццё маленькіх пасажыраў?

Не паспяваем мы заняць пазіцыю паблізу дзіцячага садка, як бачым блакітны «Фальксваген Пасат», з-за пляча вадзіцеля якога блішчаць вачаняты двух хлопчыкаў. Дзеці не тое што без аўтакрэслаў або бустараў — увогуле не прышпіленыя рамянямі бяспекі! Сядзяць на самым краёчку, каб лепш бачыць дарогу. Рэзкае тармажэнне — і яны паляцяць у лабавое шкло.

Заўважыўшы машыну ДАІ, вадзіцель тут жа паварочвае ў другі бок. Зразумела, ганяцца за ім і падвяргаць дзяцей небяспецы мы не сталі — проста заехалі насустрач з другога боку вуліцы. Адарыўшы нас няветлівым позіркам, жанчына, відаць, бабуля дзяцей, хутка вядзе іх у бок садка.

— Ды я во тут жыву, за два крокі... — мужчына панура брыдзе да патрульнай машыны.

Вольга — адна з нямногіх, для каго дзіця сапраўды галоўны пасажыр.

Дарэчы, бустары ў яго аўто меліся. Але яны, па-першае, прадугледжаны для больш дарослых дзетак, а па-другое, бескарысныя без рамянёў бяспекі.

«Мы ж усё разумеем, дзіцячыя аўтакрэслы каштуюць дорага. Але хаця б рэмень накінуць можна? Колькі было выпадкаў, калі дзеці літаральна лётаюць па салону, б’юцца аб лабавое шкло! — Аляксандр Галкоўскі не хавае эмоцый.

За парушэнне правілаў перавозкі дзяцей мужчына атрымаў штраф 12 рублёў 25 капеек — палова базавай велічыні. Калі яшчэ раз на працягу года дазволіць сабе падобнае, штраф ужо пачнецца ад дзвюх базавых.

Спыняем магутны чорны джып. Кучаравая дзяўчынка гадоў пяці, зручна ўладкаваўшыся ў аўтакрэсле на заднім сядзенні, з цікавасцю разглядае незнаёмцаў. Малайцы, бацькі, берагуць маленькую прынцэсу!

А вось побач з вадзіцелем «Міцубісі Паджэра» верціць галавой па баках хлопчык, таксама не прышпілены рамянём бяспекі. Заўважыўшы супрацоўнікаў ДАІ ён імкліва, відаць, па загаду бацькі, нырае ўніз, але дарэмна... Раз’юшаная жонка парушальніка, што сядзела ззаду, пешшу вядзе дзіця да садка. Бацька між тым ніяк не хоча зразумець сваю віну.

— А што тут такога? — абураецца ён. — Вунь п’яныя, забойцы ўсялякія ездзяць, а вы тут знайшлі злачынцу! Падумаеш, сына вязу без аўтакрэсла!  

— Вы бачылі калі-небудзь ДТЗ, у якім загінулі дзеці? — пытаецца інспектар Альберт Якупаў.

Пра гэта мужчына і слухаць не хоча: упэўнены, што з ім падобнае ні ў якім разе не здарыцца. Пакрыўджаны штрафам у палову базавай, на развітанне моцна ляскае дзверцай патрульнай машыны.

Нам не раз яшчэ давядзецца пачуць абвінавачванні ў адрас ДАІ, маўляў, «вам дай толькі падставу штраф злупіць». А вось пытаннем, чаму стан здароўя і жыццё дзяцей больш цікавяць міліцыянераў, чым бацькоў, не задаецца, на жаль, ніхто...

За рулём чырвонага «Нісана Ноут» жанчына па імені Вольга. Прыемна паглядзець: сваё немаўлятка перавозіць па ўсіх правілах, у спецыяльнай люльцы. Ззаду пасміхаецца нам тата малыша. Толькі і застаецца пажадаць сям’і шчаслівай дарогі.

Класічныя адгаворкі безадказных бацькоў на пытанне, чаму яны небяспечна перавозяць сваіх дзяцей, гучаць так: «А што тут такога?», «Ды мне тут усяго тры метры праехаць...» Дазвольце, але нечаканая аварыйная сітуацыя можа ўзнікнуць у любы момант руху, у тым ліку і пры выездзе з уласнага двара.

Літаральна за гадзіну, якую мы правялі на скрыжаванні вуліц каля дзіцячага садка, інспектары ДПС саставілі 4 пратаколы за парушэнне правілаў перавозкі дзяцей. І толькі ў двух аўтамабілях маленькія пасажыры былі сапраўды галоўнымі. Ці не дае гэта падставу задумацца: чаму мы не беражэм уласных дзетак?



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter