Аператар аддзялення паштовай сувязі Крулеўшчына Таццяна Бобчанка ў сваім аграгарадку ведае кожнага жыхара

Разам з сябрамі

Аператар аддзялення паштовай сувязі Крулеўшчына Таццяна Бобчанка ў сваім аграгарадку ведае кожнага жыхара. Тут яна нарадзілася і вырасла. Пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа атрымала размеркаванне ў Радунскі лясгас Воранаўскага раёна. Асаблівасць гэтага лясгаса ў тым, што тэрыторыя яго прымыкае да дзяржаўнай мяжы з Літвою. Сярод густых лясоў і крыштальна чыстых азёр пацеркамі параскіданы вёскі і хутары. Але сэрца дзяўчыны прагнула ў родныя мясціны, таксама багатыя на меднастволыя бары.


Пераехала ў родны Докшыцкі раён. Працавала майстрам лесу ў Бягомльскім доследным лясніцт-ве. Завочна вучылася на лесаінжынерным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны. На сесіі даводзілася ездзіць двойчы ў год. Запомніліся практычныя заняткі, якія цікава праводзіў на доследных дзялянках лесу доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Бяганскі. Запалі ў сэрца і непаўторнай прыгажосці куточкі абласнога цэнтра: вуліцы і скверы, якія патанаюць у зеляніне, знакаміты парк на беразе Сожа з палацавым ансамблем Паскевічаў.

У той самы год, калі атрымала дыплом інжынера лясной гаспадаркі, выйшла замуж за тэхніка-механіка Бягомльскага доследнага лясгаса Максіма Бобчанку. Маладая сям’я пераехала ў Крулеўшчыну. Падрастае ў іх чатырохгадовы сын Уладзіслаў.

Таццяна Іванаўна хутка асвоіла прафесію аператара паштовай сувязі. У гэтыя чэрвеньскія дні, акрамя прыёму розных плацяжоў і аказання іншых паслуг, у аддзяленні паштовай сувязі актыўна вядзецца падпіска на перыядычныя выданні. Папулярнасцю карыстаецца «Сельская газета». Яе выпісваюць не толькі спецыялісты мясцовага сельгаспрадпрыемства, але і прадстаўнікі іншых прафесій. У тым, што колькасць сяброў нашага выдання ў Крулеўшчыне павялічваецца, — заслуга і Таццяны Бобчанкі.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter