Принять Божий голос, как земля принимает зерно – ксендз Кирилл Бардонов об образах из Библии

Прыняць Божы голас, як глеба прымае зерне

У Евангеллі часта ўзгад­ваюцца аповеды Хрыста пра духоўныя справы, выражаныя простымі словамі. Паколькі слухачы Месіі займаліся пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй, ён часта выкарыстоўваў вобразы, звязаныя з гэтымі сферамі. 

У адной з прыпавесцей Хрыстос параўноўвае Божыя словы і натхненні, скіраваныя да чалавека, да зерня, кінутага ў зямлю. Зерне можа прынесці плён, а можа засохнуць ці яго падзяўбуць птушкі.

Штосьці падобнае адбываецца з голасам Бога. Людзі гэты голас могуць праігнараваць, аддаўшы перавагу банальнай логіцы мірскога жыцця; яго могуць легкадумна і наіўна ўспрыняць, але хутка адкінуць з-за знешніх выпрабаванняў. Успрыняцце Божага слова, такім чынам, залежыць ад нашай унутранай свабоды і добрай волі.

Гэта, у сваю чаргу, паказвае, наколькі Бог шануе нашу свабоду. Бог першы прамаўляе сваё слова. Не прымушае яго нас прыняць, але цярпліва чакае, пакуль яно ўнутры нас, людзей, прарасце. Таму ў Бібліі ўжываецца метафара сейбіта і зерня. Ён дае нам магчымасць вырасці і чакае, ці прарасце гэтае дабро ў нас. Як кажуць футбольныя каментатары — мяч цяпер на нашым баку. 

Божая ралля — гэта мы. Нават так: не проста абстрактныя мы, але канкрэтны я. Я, які не проста хоча, каб яму ў жыцці вялося, і таму выпрошвае ў Бога добрую долю. Я, які не проста стараецца не зрабіць перад Богам правіны, бо баіцца Божага пакарання. Я, які не проста хоча быць добрым чалавекам, што б гэта ні азначала. А я, які хоча адказаць на заклік слова Божага і сказаць Богу сваё цвёрдае «так». Я, які адважна выходзіць насустрач Божым запаведзям. Я, які хоча стаць сябрам Хрысту.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter