З чаго я раптам пра гэта ўзгадваю, спытаюць чытачы «Прызбы». А вось адказ: у рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашага чытача са Смалявіцкага раёна. Анатоль Канстанцінавіч з вёскі Перамежнае не можа зразумець, чаму ў яго садзе ўсе грушы сёлета пасохлі. І выказвае меркаванне: «А ці не таму, што сусед пасадзіў у гэтым годзе на сваім участку цэлую плантацыю туй?» І раптам робіць выснову: «У мяне грушы з-за гэтага ўсе згнілі». Збянтэжаны мужчына просіць: «Раскажыце, што рабіць?»
А што тут параіш? Дастаткова ўспомніць, якім засушлівым было лета, і ўсё адразу стане на свае месцы, і будзе зразумела: туі тут ні пры чым. Дрэвам не хапіла вільгаці, таму яны і завялі раней часу! Але пенсіянер цвёрда стаіць на сваім: суседзі вінаватыя — і ўсё тут!
Як усё ж такі цікава ўладкавана свядомасць чалавека: з некалькіх варыянтаў адказа на хвалюючае пытанне выбірае менавіта той, на які прасцей абаперціся. А калі капнуць глыбей і падумаць: а што ты зрабіў для таго, каб тваім суседзям жылося камфортна побач з табой?
Вось зусім свежы выпадак: суседка на лецішчы маёй мамы ўчыніла скандал пасярод вясковай вуліцы з-за таго, што наш малады пеўнік перашкаджае ёй раніцай салодка спаць. «Засячы пеўніка, — крычыць кабета, — а інакш у суд на цябе падам! Зашмат шуму з твайго двара зыходзіць!»
Ясная справа: па законе за крык пеўня нават пасля 23:00 і штраф ніхто не выпіша. Што ўжо казаць пра прымусовае прыгатаванне з яго поліўкі. Як бачым, суседка заўважыла парушынку ў нашым воку ў выглядзе пеўня, а ў сваім і бервяна не разгледзела. Кожны дзень, ад’язджаючы на машыне ад свайго дома, сігналіць у знак развітання з роднымі. Нічога, што правілы дарожнага руху гэта забараняюць? Але аматарку цішыні гэта мала хвалюе. Атрымліваецца: галоўнае — тое, што зручна ёй, а на астатніх — пляваць?
Вось яшчэ выпадак. Адзін сусед скардзіўся на іншага з нагоды незаконна пастаўленага плота на грамадскай тэрыторыі. А ў выніку аказалася, што ён сам прыхапіў да свайго ўчастка лішніх чатыры метры зямлі. Відавочна, хацеў, каб мясцовая ўлада зацікавілася суседам, думаў тым самым адвесці ўвагу ад сябе. Не выйшла!
Праўду гавораць: суседзі часам ведаюць пра нас больш, чым сам Бог. Мо таму з даўніх часоў нашы продкі імкнуліся з імі сябраваць. Дастаткова ўспомніць традыцыйны беларускі звычай — талака, калі тым, хто асабліва меў патрэбу, дапамагалі ўсёй вёскай. А на ўсе сямейныя святы, вяселлі, хрэсьбіны, праводзіны ў армію суседзі былі не проста ў спісе абавязковых гасцей, а нават больш — былі «правай рукой» гаспадароў: і стол маглі дапамагчы накрыць, і гасцей на начлег размясціць.
Менавіта на такім, як бабуля казала, боскім стаўленні да тых, хто ведае пра нас усё, і грунтуецца сапраўднае добрасуседства.
А якія казусныя сітуацыі з суседзямі ўзнікалі ў вас? Раскажыце нам, якім чынам складаныя пытанні ўдалося вырашыць.
kuzmich@sb.by