З вялікага плаката на праспекце Дзяржынскага ўсміхаецца ўрач-інфекцыяніст Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Роля і воля
Хто такі ўрач? З навуковага пункта гледжання — спецыяліст, які прадухіляе і лечыць хваробы, падтрымлівае належную жыццядзейнасць чалавека. У філасофскім сэнсе — гэта чалавек, які, згодна з унутранымі перакананнямі, выклікае ўзбуджальніка хваробы на «дуэль». Самаахвярна змагаецца з ім і... перамагае.
Сфера прафесійных інтарэсаў Святланы Гапанюк — вірусныя гепатыты, ВІЧ, а яшчэ клешчавыя, вірусныя і вострыя кішэчныя інфекцыі. Зусім не ўкладваецца ў галаве, што прыемная 43-гадовая жанчына, якая зараз сядзіць насупраць мяне, кожны дзень вырашае пытанні жыцця і смерці. Святлана Васільеўна тлумачыць:
— Навука даўно перамагла чуму і халеру. Страхі наконт гепатыту С — гэта таксама ўчарашні дзень. Сёння ён лечыцца. Існуе бясплатная медыцынская падтрымка на дзяржаўным узроўні для ВІЧ-інфiцыраваных.
Усмешка — абавязковы аксесуар у дрэс-кодзе Святланы Васільеўны. І гэта не яе словы, а меркаванні пацыентаў, якіх я хуценька «дапытала», калі сураз-моўнiца на нейкі час адлучылася ў працэдурны кабінет.
— Не стамляюся вывучаць усё, што датычыцца майго кірунку работы. Напрыклад, хацела б паўдзельнічаць у семінары-практыкуме ў Афрыцы на тэму барацьбы з вірусам Эбола.
Бачу, што Святлана Ва-сільеўна думкамі ўсё далей і далей ад кабінетнай рэчаіснасці, і вяртаю яе ў ардынатарскую пытаннем пра кар’еру:
— Працаваць урачом-інфекцыяністам прыехала ў кобрынскую паліклініку ў 1999 годзе па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Потым мяне запрасілі працаваць у інфекцыйнае аддзяленне раённай баль-ніцы.
Святлана Гапанюк сціпла «забылася» дадаць, што за дасягненні ў прафесійнай дзейнасці за мінулы год атрымала ганаровы тытул чалавека раёна. Менавіта таму партрэт Святланы Васільеўны з’явіўся на дошцы пашаны райвыканкама.
Сфера прафесійных інтарэсаў медыка— вірусныя гепатыты, ВІЧ, а яшчэ клешчавыя, вірусныя і вострыя кішэчныя інфекцыі.
Што раіла маці
У сям’і Святланы Васільеўны ўрачом працуе не толькі яна. Гераіня прызнаецца, што ў старшых класах марыла пра іншую прафесію. Планавала стаць перакладчыкам. Лёс змяніла размова з маці.
— Бачу цябе, дачка, у белым халаце. З тваёй настойлівасцю да справы і любоўю да людзей з цябе атрымаецца выдатны спецыяліст, — сказала аднойчы дачцэ Любоў Данілаўна.
Святлана скончыла Антопальскую сярэднюю школу Драгічынскага раёна з залатым медалём і павезла дакументы ў гродзенскі медуніверсітэт. Дзяўчыне не хапіла аднаго бала, каб стаць студэнткай. Наступны год працавала «па прафесіі» — санітаркай у аптэцы, па вечарах зубрыла хімію і біялогію. І вось Святлана ў спісе залічаных.
Некалькі слоў пра асабістае
Прафесія дапамагла Святлане знайсці не толькі сябе, але і другую палавінку. Практыкавалася ў хірургічным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы, дзе некалькі разоў рабіла перавязку маладому чалавеку. Пацыент уразіў галантнасцю і далікатнасцю. Дзесьці праз год сустрэлася вачыма з тым самым прывабным хлопцам ужо ў Кобрыне. Ён таксама запомніў уважлівую дзяўчыну-інтэрна. Далей — каханне, вяселле… Праз год у сям’і Гапанюк нарадзіўся Ягорка, а затым — Мацвей. Старэйшы сын ужо вучыцца ў Мінску на інжынера-хіміка, 9-гадовы Мацвейка — школьнік.
Званок з прыёмнага пакоя. Жанчына з рожыстым запаленнем нагі. Ліхаманка, дрыжыкі. Праца ёсць праца. Святлана Васільеўна ставіць кропку ў нашай размове. Развітваецца, а на твары — яе фірмовая ўсмешка. Дзе я ўжо бачыла гэтую жанчыну? Вядома, на бігбордзе на праспекце Дзяржынскага ў Мінску!
hanna.petrachenka@yandex.ru