В мире растет число работающих пенсионеров

Праца падаўжае жыццё

Ці лёгка зараз большасці дзяржаў падтрымліваць сацыяльна-эканамічную стабільнасць грамадства? Адказ на згаданае пытанне, па сутнасці, рытарычны і залежыць ад сукупнасці ўнутраных і знешніх фактараў. Найперш, паступовага росту нацыянальных эканомік і адсутнасці дэмаграфічных праблем у кожнай канкрэтнай краіне. Прыкметным індыкатарам тут служыць поўнавартаснае выкананне дзяржавай перад грамадзянамі ключавых сацыяльных абавязкаў. Гэта — устойлівасць пенсійнай сістэмы (у асноўным існуючай па прынцыпе салідарнасці пакаленняў), неабходная падтрымка самых розных неабароненых слаёў насельніцтва, рашэнне найважнейшых сацыяльна-эканамічных задач соцыуму.

sb.by

  Сённяшняя гаворка пра рэфармаванне і ўдасканальванне  пенсійнай сістэмы і той факт, што ў глабальным маштабе расце колькасць працуючых пенсіянераў. Як правіла, адказаў на пастаўленае пытанне ўзнікае адразу некалькі. Бясспрэчна, у свеце паступова расце працягласць жыцця і пэўныя людзі з надыходам пенсійнага ўзросту не жадаюць страчваць грамадзянскую сацыялізацыю, звыклы лад і ўзровень жыцця. Наогул, чалавек, калі ў яго ёсць фізічныя і духоўныя сілы, напрацаваны выдатны прафесійны вопыт і адпаведны чалавечы патэнцыял, — здольны і павінен прыносіць карысць. Гэта разумна і правільна.

Так, сацыялагічныя апытанні ў межах міжнароднай супольнасці сведчаць, што многія еўрапейцы не хочуць жыць толькі на стандартныя пенсійныя выплаты ці дапамогі — армія работнікаў пенсійнага ўзросту ў Еўрасаюзе, Паўночнай Амерыцы з пачатку 2000-х мае сталы трэнд на павелічэнне. Паводле звестак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), у дадзены перыяд у Канадзе, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Нідэрландах колькасць спецыялістаў, старэйшых за 65 гадоў, падвоілася. А, скажам, у ФРГ наогул павялічылася ў тры с паловай разы, нягледзячы на вострую міграцыйную праблему ў ЕС. Акрамя Польшчы, дзе чысло працуючых пенсіянераў не змянілася. Адмоўная дынаміка росту ў гэтым сектары рынку працы засталася толькі ў Мексіцы, Славеніі, Турцыі ды Партугаліі.

Нагадаю, што па інфармацыі германскага Федэральнага агенцтва занятасці, у 2003-м у прыватным малым бізнесе гэтай буйной еўрапейскай краіны былі задзейнічаны работнікі ўзроставай катэгорыі ад 35 да 40 гадоў (каля 688 тысяч чалавек). Цяпер сітуацыя дыяметральна супрацьлеглая — за пятнаццацігоддзе колькасць састарэлых людзей у гэтай галіне эканомікі ўзрасла з 587 тысяч да 1,1 мільёна.

АЭСР сведчыць: згодна маніторынгу арганізацыі ў 50 кантрольных краінах з пачатку нулявых колькасць працуючых на пенсіі павялічылася як мінімум на 50 працэнтаў. Сярод іншых вылучаецца Ісландыя, дзе больш за палову грамадзян ва ўзросце 65—69 гадоў маюць работу. Амаль такая ж колькасць працуючых пенсіянераў у Інданэзіі, Паўднёвай Карэі і Японіі. У Злучаных Штатах працуе кожны трэці пенсіянер.

Многія ўрады, улічваючы ціск сацыяльнай, дэмаграфічнай і падатковай нагрузкі, у бліжэйшай будучыні мусяць перагледзець у сябе тэрміны выхаду на заслужаны адпачынак. Скажам, у Вялікабрытаніі і Польшчы з 67 гадоў, у ЗША з 69 (цяпер 65), у Францыі выйсці на пенсію можна будзе ў 62. На сёння самы вялікі ў Еўропе пенсійны ўзрост адзначаны ў Албаніі — мужчыны тут становяцца пенсіянерамі з 69,5 года, жанчыны з 64,5.

Нядаўна рашэнне аб паэтапным павышэнні пенсійнага ўзросту прыняла суседняя Расія: у сярэднетэрміновай перспектыве для мужчын з 65 гадоў, для жанчын з 60. Гэта дасць магчымасць непрацуючым расійскім пенсіянерам у 2024 годзе атрымліваць штомесяц 20 тысяч рублёў (альбо дамагчыся ў нацыянальным вымярэнні росту пенсій на 10 працэнтаў) і ўзняць аб’ём гэтых выплат на 25 працэнтаў у 2034-м.

Беларусь таксама правяла ўласную пенсійную рэформу, паводле якой да 2022 года жанчыны паступова пачнуць выходзіць на пенсію ў 58 гадоў, а мужчыны ў 63. З цягам часу ў нас колькасць працуючых пенсіянераў аб’ектыўна нават знізіцца. Зараз, па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у рэспубліцы пенсіі налічваюцца прыкладна для 2,6 мільёна чалавек. Колькасць працуючых пенсіянераў — каля 650 тысяч. У 2011 годзе на сто занятых у народнай гаспадарцы прыходзілася 57 пенсіянераў, цяпер іх звыш 60. Цікава, што ў 1990-м гэты паказчык быў 46.

Паводле слоў міністра працы і сацыяльнай абароны краіны Ірыны Касцевіч, у нашай краіне будзе распрацавана стратэгія актыўнага даўгалецця.

Не трэба забываць, што актыўная праца падаўжае жыццё чалавека.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter