Полковник Алексей Чернуха: самопожертвование военных укрепляет армию и делает ее непобедимой

Палкоўнік Аляксей Чарнуха: «Няма нічога даражэй за мірнае неба»

На нядаўнім пасяджэнні Савета Бяспекі Прэзідэнт звярнуў увагу, што тэма Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі была вызначана загадзя. Не страціў актуальнасці раней прыняты варыянт. Пабудаваная ў адпаведнасці з яго палажэннямі сістэма нацыянальнай бяспекі прадэманстравала эфектыўнасць у тым ліку ў самы востры перыяд знешняга ціску на Беларусь. Але выклікі і пагрозы, вынесеныя нашай краінай выпрабаванні надалі вопыту, карыснага для распрацоўкі стратэгіі далейшага развіцця. Таму канцэпцыя заканамерна мае патрэбу ў мадэрнізацыі.

Начальнік штаба — першы намеснік камандзіра 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання палкоўнік Аляксей ЧАРНУХА (на здымку) перакананы: адаптацыя Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі пад рэаліі сённяшняга дня — лагічны і вельмі своечасовы крок.


— На нашай шматпакутнай зямлі хопіць розных войнаў і іншых патрасенняў, — разважае Аляксей Аляксеевіч. — Мы заўжды дэманстравалі сваю адкрытасць. Але свет павінен ведаць, што, калі спатрэбіцца, зможам за сябе пастаяць. Лічу, што своечасова прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, вучонымі дэталёва распрацаваны праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Па значнасці гэты стратэгічны дакумент, які прыняты за аснову, другі пасля Канстытуцыі па абароне нашых нацыянальных інтарэсаў. У нашай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе пачалося азнаямленне з новымі палажэннямі гэтага важнага дакумента. Прапановы будзем занатоўваць і перадаваць у міжведамасную рабочую групу.

У адрозненне ад наёмнікаў, якія дзеля грошай збіраюцца ў гарачых кропках планеты, нашы вайскоўцы ахоўваюць спакой на сваёй зямлі. Як адзначыў наш Прэзідэнт, кожны грамадзянін павінен умець як мінімум карыстацца зброяй. Хаця б дзеля таго, каб пры неабходнасці абараніць сваю сям'ю, уласны дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні гэтага куточка, ні дома, нічога іншага. 

— Аляксей Аляксеевіч, галоўная задача армейскай службы — выхаваць сапраўднага абаронца Радзімы. З чаго пачынаецца гэты выхаваўчы працэс?

— З першых дзён службы. Адразу надаём значную ўвагу інфармаванасці навабранцаў. Ладзім сустрэчы з цікавымі людзьмі, знаёмім з грамадска-палітычным становішчам у свеце. А яно зараз напружанае. Неспакойна вакол нашых рубяжоў. Па сабе ведаю, што для кожнага прызыўніка на першым этапе службы трэба навучыцца падпарадкоўвацца. Калі гэта засвоіш, зможаш сам кіраваць іншымі. Для ваеннаслужачага важныя не толькі стойкасць характару, фізічная падрыхтоўка, галоўнае — самаахвяраванне. Калі развіваць гэта з маладых гадоў, сфарміруецца моцны характар, які станоўча адлюстроўваецца на паводзінах. Для такога чалавека пасля заканчэння працоўнага дня нескладана затрымацца на працы і зрабіць яшчэ нешта дадатковае. Самаахвяраванне вайскоўцаў мацуе армію і робіць яе непераможнай. Нашым вайскоўцам нестае баявога вопыту. Недахоп яго можа ў рашаючы момант прывесці да вялікіх страт. Таму ладзім з расійскімі калегамі сумесныя трэніроўкі. Немалаважная роля надаецца ўмовам, створаным для ваенных. Вялікі рускі палкаводзец Аляксандр Сувораў лічыў, што клопат пра асабісты састаў войск важнейшы за ўсё. 

— Калі вайскоўцы накормлены, апрануты, тады моцным будзе і баявы дух. Як абстаяць справы з забеспячэннем падначаленых? 

— З кожным годам узмацняецца клопат краіны пра армію. Дзяржава на высокім узроўні забяспечвае ўсім неабходным для правядзення вайсковых заняткаў, бытавых умоў службоўцаў. Днямі выйшаў загад аб прыватызацыі ваеннаслужачымі арэнднага жылля. Гэта вельмі своечасовы і важны крок з боку дзяржавы ў Год міра і стварэння насустрач тым, хто стаіць на варце мірнага жыцця краіны. У наш неспакойны час слова «мір» набыло асабліва глыбокі сэнс. Калі раней пра вайну чулі з радыёпрыёмнікаў ці з экранаў тэлевізараў, чыталі ў газетах і думалі, што гэта не­дзе далёка і нас не тычыцца, то зараз полымя вайны палыхае побач з нашымі рубяжамі. Групоўкі наёмнікаў з усяго свету, якія фарміруюцца ў заходнееўрапейскіх краінах, ваююць на Данбасе супраць расійскіх ваенных фарміраванняў, задзейнічаных у спецаперацыі. 

Як казала мая бабуля Настасся, якая перажыла ваеннае ліхалецце, нічога няма даражэй за мірнае неба. Кожнае лета з сястрою Галінай праводзілі ў бабулі і дзядулі. Жылі яны ў вёсцы Зялёнай, што ў Гомельскай вобласці. Утульны драўляны дом стаяў сярод старых яблынь. Зямля на агародзе мяккая, у адрозненне ад цяжкіх шаркаўшчынскіх глеяў, якія сухім летам пераўтвараліся амаль у камяні. Дзядуля Міхаіл Герасімавіч канём агарод не араў, а ўскопваў рыдлёўкай. Мы палолі грады, акучвалі бульбу на сотках. Дзядуля навучыў мяне трымаць касу ў руках, прызвычаіў і да іншых сялянскіх прылад: сякеры, малатка. 

Кранаюць шчырасцю ўспаміны палкоўніка Аляксея Чарнухі. Быццам вяртаўся ён у тыя часы, калі здзейснілася мара вучыцца ў Ваеннай акадэміі. Лекцыі і семінары ў аўдыторыі чаргаваліся з практычнымі заняткамі на палігоне. Жыццё курсанта пайшло па строгім распарадку. Аддушынай былі пісьмы ад бацькоў і сяброў пра жыццё ў родным гарпасёлку Шаркаўшчына. Кожны куточак там знаёмы. 

У сваіх лістах расказваў пра вучобу, дзяліўся марамі. Старанна рыхтаваўся да важнай падзеі — прыняцця ваеннай прысягі. На занятках паступова засвойваў ваенныя дысцыпліны, актыўна ўдзельнічаў у спартыўных мерапрыемствах і грамадскім жыцці акадэміі. Пасля выпускнога вечара ў параднай форме лейтэнанта як на крылах ляцеў дамоў на сустрэчу з роднымі. 

Мой суразмоўца раз-пораз спыняўся, каб адказаць на тэлефонныя званкі, аператыўна прыняць рашэнні, даць указанні і, адклаўшы тэлефон, зноў вяртаўся да ўспамінаў. Ажыўляўся, калі расказваў пра родных. Бацькі ажаніліся падчас вучобы ў Гомельскім дарожна-будаўнічым тэхнікуме. Маці Валянціна Міхайлаўна родам з прыгараднай вёскі Зялёнай, а бацька Аляксей Іванавіч — з украінскага гарадка Карукоўка, што на Чарнігаўшчыне. Бацька на год раней за маці атрымаў дыплом тэхніка па дарожным будаўніцтве і накіраванне на працу ў Шаркаўшчынскі дарожны рамонтна-будаўнічы ўчастак нумар 26. Праз год з дыпломам спецыяліста прыехала на Віцебшчыну і маці. Атабарыліся ў райцэнтры. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі ў дарожнай арганізацыі. Сем гадоў таму Валянціна Міхайлаўна аўдавела, але адзінокай сябе не адчувае. Дачка Галіна і сын Аляксей не забываюць шлях да яе. 

Аляксей Аляксеевіч шчыра прызнаўся, што амаль за два дзесяцігоддзі ваеннай службы ні разу не адпачываў у санаторыі ці на моры. Бачыў Балтыйскае мора падчас ваенных вучэнняў. Тры дні ішлі па ім на дэсантных караблях. Глядзеў на халодныя хвалі, а думкі луналі над Браслаўскімі азёрамі. У кожны водпуск з сям'ёй імчаць у Шаркаўшчыну, дзе чакае маці.

 — Шлях да роднага парога заўжды радасны, — у вачах Аляксея Аляксеевіча ўспыхвае іскрынка. — Мару пра летні адпачынак, каб з сям'ёй правесці яго ў родных мясцінах. Бацькі некалі купілі дом у суседняй з райцэнтрам вёсцы Пялікі. Мясціны прывабныя. Навокал шырокія палі і лугі, гаючае паветра.

— Куточак дзяцінства заўжды дарагі сэрцу. Што засталося ў памяці пра той цудоўны час?

— Школьныя ўрокі. У нас былі класічныя настаўнікі. Матэматыку выкладала Галіна Мікалаеўна Туманенка, рускую мову — Людміла Леанідаўна Карпава, наш класны кіраўнік — Валянціна Іванаўна Цыркіна. А хіба можна забыць першую настаўніцу Нэлу Пятроўну Ардынскую?! Педагогам быў і мой дзядуля Міхаіл Герасімавіч Шкода. Родам ён з Бабруйшчыны. Да вайны скончыў педвучылішча. Падчас вучобы ажаніўся. Атрымаў накіраванне настаўнічаць у гомельскую вёску Зялёную. Бабуля Настасся Міхайлаўна працавала ў паляводчай брыгадзе калгаса. Цяжка перажылі акупацыю. У 1943 годзе пасля вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дзеда прызвалі ў Савецкую армію. На фронце быў стралком, потым — камандзірам мінамётнага разліку. У адным з жорсткіх баёў з усяго разліку ён адзіны цудам застаўся ў жывых. Цяжка параненага, яго ўратавалі саслужыўцы. За гэты бой атрымаў першую ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля лячэння вярнуўся ў строй і ўзначаліў аддзяленне радыёсувязі. За ўдала праведзеную баявую аперацыю адзначаны другім ордэнам Чырвонай Зоркі. 

У інтэрнэце адшукаў франтавыя дакументы дзеда. Пра ўзнагароджванне другім ордэнам запісана: у складанай сітуацыі падчас жорсткага бою армеец Міхаіл Шкода забяспечыў радыёсувязь з падраздзяленнямі, што дазволіла паспяхова справіцца з адказным заданнем. Парадны касцюм дзядулі ўпрыгожваў і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. З бабуляй Настассяй Міхайлаўнай выхавалі трох сыноў і дачку — маю маці. Дзядуля ганарыўся сваімі баявымі сябрамі. Да апошніх сваіх дзён падтрымліваў з імі сувязь. Наказваў мне: сапраўдны мужчына павінен прайсці армейскую службу. Прызвычайваў да кніг. Памятаю, як уразіла повесць Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь». Разы чатыры перачытваў, захапляўся мужнасцю галоўнага героя Паўкі Карчагіна. Гэта шмат у чым паўплывала на выбар стаць ваенным. Фізічна рыхтаваў сябе да службы. У старэйшых класах стаў займацца гіравым спортам.

— І зараз у вашым рабочым кабінеце трэнажор. Падтрымліваеце спартыўную форму? 

— Лічу, што мужчына павінен быць падцягнутым. Трэнажор мяне выручае. Калі з Віцебска пераехаў служыць у Барысаў, і яго з сабою забраў. Цяпер сюды перавёз. Атрымаю жыллё і там усталюю. Спортам у нас займаюцца ўсе. За перыяд армейскай службы выхаванцы становяцца сапраўднымі мужчынамі. Салдат знаходзіцца ў абмежаваных рамках і вымушаны выконваць пастаўленыя перад ім задачы. Гэта загартоўвае яго і дазваляе раскрыць сапраўдныя мужчынскія рысы характару. У замкнёнай прасторы чалавек распазнаецца лепш.

— Як родныя паставіліся да вашага рашэння стаць ваенным?

— Бацькі былі задаволены. Дзядуля Міхаіл Герасімавіч, на жаль, не дажыў да майго паступлення ў Ваенную акадэмію. Бабуля Настасся радавалася і бласлаўляла пасля заканчэння даслужыцца да маёра. 

— Апраўдалі яе спадзяванні. Закончылі вучобу ў акадэміі, у няпоўныя 40 гадоў атрымалі званне палкоўніка. Пачатак усяму дала вучоба ў Ваеннай акадэміі. Чым яна вам больш усяго запомнілася?

— Строгай дысцыплінай і дакладным распарадкам дня. Звыклымі для мяне былі старанне, працавітасць. З малых гадоў працы не цураўся. Бацькі трымалі свіней, трусоў, кур. У 1990-я складана было жыць. Калі надзеў форму курсанта — і  адразу апы­нуўся ў асяроддзі высокай дысцыпліны. Нас вучылі падпарадкаванню камандзірам. Напачатку цяжкавата было перастройваць сябе.

— Не было сумненняў у правільнасці выбару?

— Шчыра кажучы, калі ехалі на ваенны палігон каля вучэбнага корпуса БНТУ, часам мільгала думка, што мог там вучыцца. На пачатку вучобы жорсткая дысцыпліна ўспрымалася як халодны душ. Хутка прызвычаіўся да распарадку. Заўзята вывучаў ваенную справу, займаўся баявой і фізічнай падрыхтоўкай. Амаль увесь вольны час бавіў у спартыўнай зале. Праз чатыры гады закончыў агульнавайсковы факультэт. З прысваеннем звання лейтэнанта мяне прыехалі віншаваць родныя, школьныя сябры. Служыць накіравалі камандзірам узвода ў 103-ю мабільную брыгаду, якая размяшчаецца ў Віцебску. За амаль два дзесяцігоддзі вырас да камандзіра батальёна. У нашай роце служыла медсястра Наталля Краўцова. Сціплая дзяўчына адразу прыглянулася. Пазнаёміўся і даведаўся, што мы з ёю землякі. Да чарнобыльскай аварыі сям'я яе жыла на чыгуначнай станцыі Церахоўка, што побач з украінскай мяжою. З-за радыяцыі бацькі пераехалі ў Віцебск. Там Наталля скончыла медвучылішча, прыняла ваенную прысягу. Амаль год мы сустракаліся, а потым згулялі вяселле. У нас падрастае дачушка Ганначка. Імя ёй далі ў гонар святой Ганны, падтрымку якой адчуваем. Сям'я пакуль жыве ў Віцебску. Там у нас кааператыўная кватэра. Рэдка даводзіцца наведваць сям'ю. Спадзяюся, што хутка будзем разам.

— Ваша маці — беларуска, бацька — ўкраінец. Даво­дзілася бываць ва ўкраінскіх сваякоў?

— Раней гасцявалі ў бацькавай сястры на Чарнігаўшчыне. Там побач рускія і беларускія землі. Паміж сабою ўсе гаварылі па-руску, і ніхто нікога не папракаў. З распадам СССР сваяцкія сувязі сталі слабець. А пасля падзей на Майдане перасталі сустракацца. Бацька пільна сачыў за падзеямі ў Кіеве. Кожны народ выбірае свой кірунак. Украінцы мелі шанц ісці шляхам міру і добрасуседства. Кіеўскія ўлады прадаліся Захаду. На іх сумленні — кроў і смерці тысяч людзей. Час паказаў іх сапраўднае аблічча. Нельга быць раўнадушным да тых падзей, што зараз адбываюцца побач. Тыя, хто задумвае пераступіць нашу мяжу, няхай ведаюць, што яны ў першую чаргу рызыкуюць сваім жыццём.

— У вас надзвычай адказная служба. Трэба аператыўна прымаць рашэнні. Часта даводзіцца рызыкаваць?

— Пастаянна. Разумею, што гэта небяспечна, але калі не рызыкаваць, то трэба было выбіраць больш спакойную прафесію. Зараз у ваенных галоўнае — хто каго перадумае. Ідзе псіхалагічная барацьба.

— Што натхняе вас у працы?

— Канчатковы вынік. Прыемна, калі твой варыянт дзеяння прыняты і дае плён.

— У якіх слабасцях не можаце сабе адмовіць?

— Як у любога чалавека, іх у мяне хапае. У выхадны хочацца адпачыць спакойна і нікуды не спяшацца. Разумею, што марную час і трэба нечым заняцца. Гэта як своеасаблівая мара пра ружовага каня: быццам ёсць ён, а быццам яго няма. Рэдка выпадае расслабіцца. 

— На службе, пэўна, немагчыма ўсім быць добрымі?

— Каму падабаецца, калі прымушаюць выйсці з зоны камфорту і рабіць так, як трэба, а не так, як хочацца? Армія моцная, калі ў ёй пануюць дысцыпліна і падпарадкаванне. З-за сваёй патрабавальнасці часам адчуваю крыўду некаторых. Але потым усё наладжваецца. Імкнуся навучыць навабранцаў уменню падпарадкоўвацца. Штодзённа з сямі гадзін раніцы і да першых зор на небе не пакідаю службу. Начальнік штаба — галоўны арганізатар усіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў брыгадзе. Калектыў у нас вялікі — 2200 чалавек. Кіруе брыгадай палкоўнік Ігар Мікалаевіч Гегельскі. З ім мы на роўных у адказе за агульныя справы. Каб спраўляцца з абавязкамі, трымаю належную фізічную форму.

— Сяброў надзейных маеце?

— Іх у мяне шмат, а самы галоўны — жонка Наталля Адамаўна. Нарадзілася яна ў Дзень дэсантніка — 2 жніўня. Па волі лёсу і стала жонкай дэсантніка. І яшчэ адна важная наша сямейная ўрачыстасць — дзень нараджэння дачушкі Ганначкі. У жонкі складанай і рызыкоўнай была цяжарнасць. Але вытрымала і падарыла мне дачушку. Вось толькі шкада, што рэдка бачымся. Служба ёсць служба.

— А ў  Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл выпадае быць разам з сям'ёю? 

— У адрозненне ад тых, хто не заняты на ваеннай службе, у гэты дзень звычайна на варце. Але віншаванні буду прымаць ад родных і сяброў. Цудоўна, што з савецкіх часоў захавалася традыцыя адзначаць гэты дзень. Агідна ад таго, што ўкраінскія ўлады вырашылі адмяніць святкаванне 8 Сакавіка, 1 і 9 Мая. Нічога святога няма ў кіеўскага рэжыму. Узгадваецца філасофскае выказванне: цяжкія часы робяць моцных духам людзей, моцныя людзі ствараюць лёгкія часы, а лёгкія часы даюць слабых людзей. А яны ў сваю чаргу вяртаюць цяжкія часы. Усе рухаецца па спіралі. 

— Што параіце выпускнікам школ, якім трэба выбіраць сваё будучае?

— Няхай ідуць тым шляхам, які падказвае сэрца. Так некалі паступіў я і цяпер, калі за плячыма амаль два дзесяцігоддзі службы ва Узброеных Сілах, задаволены, што з выбарам не памыліўся.

— Пра што марыцца маладому палкоўніку?

— Не толькі мару, але і жадаю, каб баявыя навыкі нашым вайскоўцам не давялося прымяняць на практыцы. Калі пануе спакой, то працай можна ўсяго дасягнуць. Любыя вышыні пакараюцца, пераадольваюцца ўсе складанасці, калі ў краіне пануе мір. Тых, хто ахоўвае яго, — калег з Узброеных Сіл, ветэранаў вайны, — усіх мужчын віншую з нашым цудоўным святам! 

— Шаноўны Аляксей Аляксеевіч, здароў'я і вернай ваеннай службы вам на карысць нашай роднай Беларусі!

ДАВЕДКА

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл загадам міністра абароны разам з іншымі ваеннаслужа­чымі званне палкоўніка прысвоена начальніку штаба — першаму намесніку камандзіра 120-й асобнай гвар­дзейскай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Аляксею ЧАРНУХУ. Першым у сямейным радаводзе ён абраў прафесію абараняць Радзіму. Продкі працавалі на зямлі, вырошчвалі хлеб, будавалі дарогі, калі неабходна было, адстойвалі родную зямлю. 

У той год, калі ён атрымаў атэстат сталасці, дазвалялася падаваць дакументы на паступленне ў некалькі вышэйшых навучальных устаноў. Скарыстаўся такой магчымасцю. Паспяхова вытрымаў іспыты ў Белнацтэхуніверсітэце і Ваеннай акадэміі. Перавагу аддаў ваеннай справе. Скончыў агульнавайсковы факультэт. У званні лейтэнанта атрымаў прызначэнне на пасаду камандзіра ўзвода 103-й мабільнай брыгады, што базіравалася ў Віцебску. Пазней фарміраванне стала паветрана-дэсантным. Камандаванне заўважыла адданасць маладога афіцэра справе і даручыла кіраваць батальёнам. Потым была вучоба на факультэце Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі. Пасля яе завяршэння Аляксей Аляксеевіч узначаліў аддзел баявой падрыхтоўкі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, а нядаўна атрымаў новае прызначэнне.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter