Многодетная семья в Столбцовском районе мечтает восстановить дом предков

«Не прадаецца хата бацькоў…»

Для Кацярыны Разбіцковай гэтыя словы — сапраўдны дэвіз жыцця. Калі завіталі ў маленькую вёску Акалова амаль на мяжы Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў, фотакарэспандэнт не паверыў, што наша гераіня гадуе траіх дзяцей. Спрытная, смяшлівая 33-гадовая Кацярына Мікалаеўна басанож імчыць у хлявок і выганяе статак — пяць кароў. А побач козы, дзіўныя чорныя парсючкі, авечкі, гусі, куры — двор віруе жыццём. Сям'я з дзяржаўнай падтрымкай пабудавала хату ў Дзяржынску, але гэта не задаволіла звыклую да сельскай працы маці. Яна марыла адрадзіць хутар продкаў, якіх ведае аж да сёмага калена. А яшчэ Кацярына вядзе блог, дзе звыш 16 тысяч падпісчыкаў: «Пішу, каб людзі не баяліся ехаць у вёску». Захапляюся жыццялюбствам гаспадыні, толькі цяжка за ёй паспець: за гадзіну і пакасіла, і жывёлу пакарміла, і падаіла, і з дачушкай пагаманіла. Але паслухаем.

Пра маленства

У мяне лепшыя бацькі, сям'я, іх мне падараваў Бог. Маленства прыпала на 1990-я, было цяжка. Тата накіраваўся працаваць на Далёкі Усход, маці разрывалася — ездзіла і ў Польшчу, і ў Маскву… Калі суседскія дзеці гулялі ў прыстаўкі, мы прападалі на агародзе… Пазней скардзілася на гэта бацьку, а ён у адказ: «Каця! Затое зараз табе ўсе праблемы вырашыць нібы шчоўкнуць пальцамі!» Кожнае лета школьніцай праводзіла ў бабулі Дануські ў Стаўбцоўскім раёне, навучылася ўпраўляцца і з каровай, і са свіннёй, і з птаствам. Арала і баранавала.
Малая гаварыла: «Стану жыць там, дзе гадавалася, і ў мяне будзе пяцёра дзяцей, як у бабкі Любы Лявончык».

І мужа Алёшу выбірала, каб паехаў са мной. Атрымалася так: у нас дзве сястры пайшлі замуж за двух братоў. Вучылася ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, на трэцім курсе нарадзіла дачушку Мілану, падчас госэкзаменаў — другую, Ангелінку. Памятаю, патэлефанавала маці з раддома і папрасіла… аднесці дакументы на другую вышэйшую адукацыю. Атрымала спецыяльнасць «тэхнолаг». Ды ніколі не забывала пра хутар, дзе жылі продкі матулі. Пераехаць туды яна нас адгаварыла: зімой, у завею, дзеці не дабяруцца ў школу. Да яго некалькі кіламетраў, пасяліліся бліжэй да людзей, але не пакідаю думкі аднавіць яго.

Пра гаспадарку

І паштоўкі развозіла на ровары, і сацыяльным работнікам працавала, і ветэрынарам у калгасе, але заўсёды марыла пра сваю вялікую гаспадарку. Першапрычына, несумненна, у тым, што я ветэрынар, жыўнасць люблю. Здавалася б, дзяцей трое, адной работы па доме з мыццём, гатаваннем процьма: лазня ў нас, выгоды простыя. Але паспяваю яшчэ дагледзець столькі жывёлін. Вядома, усе на вёсцы гэта робяць, але ж… Муж Алёша часта заняты на будаўнічых аб'ектах, таму я ініцыятар любога прыбаўлення ў статку.

Усіх каровак расціла з цялятак, прывозілі зусім малымі на заднім сядзенні жыгулёнка. Яны рудыя, джэрсі, малако вельмі тлустае і добра падыходзіць для сыроў, а ежы ім трэба няшмат, магу пракарміць. Адну рагулю ўзялі ў фермера Аляксандра Швідкага з Валожынскага раёна (калісьці падарыў цялушку Прэзідэнту).
Раскажу, як набывала чацвёртую. Прыкінула і… купіла! Выгадуюцца каровы, думаю, час хутка праляціць! Мужу не казала, каб не нерваваць. Пакармлю хуценька, яны ляжаць, маўчаць. А ён калі прыедзе, дзюдзькам паесці занясе, вылье ў карыта... Усе яны цяліліся ў полі на адзіноце, шукала іх на ровары. Вядома, побач лес, нават адну казу задрала рысь. Каб было больш зямлі, паша і сенакос, каня б купіла. Часам даводзіцца стрымліваць энтузіязм. Трактар стаіць і есці не просіць, толькі запраўляй, калі на работу выязджаеш. Набылі па цане металалому, правім… Паціху будуемся, але трэба было спачатку гэта зрабіць, а потым разводзіць жывёлу. Але ж у жыцці так не бывае!

Малечу па гаспадарцы не нагружаем. Хіба што папасвіць, падаіць коз, карову, калі трэба. Затое ўсе разам прыбіраемся на двары.

Пра дзяцей

Нічога проста не даецца. Каб купіць дом ў Акалове, скідваліся ўсёй сям'ёй, нават родзічы бралі крэдыт. Магла б зрабіць кар'еру, але выбрала сям'ю! Калі нарадзіла траіх дзяцей, вырашыла, што хачу быць побач. З імі вялікіх клопатаў няма, цягнуцца адзін да аднаго. Старэйшая Міланка паступае на дызайнера пасля дзявятага класа, займалася ў школе мастацтваў, марыць аб падарожжах. Некалькі год вучылася ў музычнай школе па класе цымбалаў. Ангелінка ў сёмым, удзельнічае ў творчых конкурсах, абяцае прадоўжыць маю справу. Ездзіць да пчаляра вучыцца, кажа: «У мяне будзе вялікая сям'я, стану фермерам, буду шмат працаваць, разводзіць коней, збіраць зёлкі» (у суседніх Рубяжэвічах славутая аптэка, дзе шмат ведаў сабрана пра фітатэрапію). Сынок Цімур ў трэцім класе, вельмі хораша чытае вершы. Часам сваволіць і катаецца вярхом на… казле. Галоўнае, каб усе выраслі добрымі людзьмі, працы не баяліся, а якую дарогу выбера кожны, якую прафесію — не так важна.

Пра вёску

Улетку амаль не заходзім у хату, начуем у сене. У нас ніколі не бывае сумна. Калі надыходзіць выхадны, усе разам выязджаем на рэчку Сулу, любім застацца з начоўкай у палатках. Абавязкова нешта арыгінальнае гатуем у казане: суп з першай крапівы, гародніну, шурпу з дзікай качкі... Адпачываем, вудзім рыбку, хоць далёка не выберашся з такой гаспадаркай.


На вёсачцы, здаецца, час ляціць інакш. Днём спраўляюся. Зімой нават раніцай устаём пазней. Дзяцей важу ў школу ў Рубяжэвічы за дзесяць кіламетраў. А вось улетку даводзіцца ў шэсць, а то і ў пяць падымацца. Да ўсіх клопатаў дабаўляецца агарод. Работу не дзелім: хто свабодны, той і робіць неабходнае па гаспадарцы.

На вялікую сям'ю трэба час, каб нагатаваць ежы, а ў нас крышку інакш. Сама вінаватая, дзяцей распесціла: няма такога, каб зварыў адну страву — і ўсе елі. У кожнага свае перавагі. Напрыклад, зранку сыночку абавязкова кашу, дачушкам — сырнікі. I гарніраў некалькі адразу, бо адзін любіць бульбу, а другому рыс давай ці з малаком, ці з разынкамі, ці з мясам. Нават з макаронамі трэба дагадзіць. Узімку гатуем толькі ў печы, газу ў нас няма. Але дзяўчынкі самі могуць зрабіць, што ім захочацца. Вару сыры, раблю масла, але значным заробкам гэты занятак не назвала б.


Цікавы вопыт — удзел ў праекце блогера Марыі Сас, дзе мяне прыгожа апранулі, меліравалі валасы і зрабілі макіяж. Пасля на маю старонку ў соцсетках і падпісаліся многія.

У раённых мерапрыемствах наша сям'я прымала ўдзел з задавальненнем. Неаднойчы нас адзначалі рознымі дыпломамі, падарункамі. Разам выходзілі на сцэну, загадзя рыхтавалі прэзентацыю ці выставу ўласных вырабаў. У

2016 годзе ўдзельнічалі ў абласным этапе конкурсу «Уладар сяла» і сталі пераможцамі ў спартыўнай эстафеце. Лічу, што ў вёсцы многа цікавых людзей, нам яшчэ шмат трэба зрабіць, мы не ідэальныя. Але тут я ведаю кожную сцяжынку і ніколі не пакіну «хату бацькоў»…


yasko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter