Кража или присвоение: почему найденная и подобранная подростком вещь может сделать его фигурантом административного процесса

Не кожная знаходка — скарб

Разам з дзецьмі «растуць» і цацкі, якія яны могуць прыхапіць на вуліцы і прынесці дадому. Спачатку гэта не свае вядзерцы, формачкі і лапаткі з пясочніцы, потым пластмасавыя машынкі і лялькі, а пазней можа наступіць чарга і больш дарагіх рэчаў. І тут бацькам лепш трымаць вочы шырока адкрытымі і быць уважлівымі, таму што пакінутыя кімсьці і падабраныя веласіпед або тэлефон могуць зрабіць падлетка фігурантам адміністрацыйнага працэсу, а то і крымінальнай справы. Як адрозніць крадзеж ад прысваен-ня, карэспандэнт «Р» разбіралася разам з супрацоўнікамі ІСН.

Так далёка пакінуты заплечнік можа стаць ахвярай крадзяжу.

Чужое ёсць чужое

Праблема крадзяжоў, прысваенняў и знаходак вельмі актуальная для падлеткаў, тым больш што статус быццам знойдзенай рэчы не заўсёды можа вызначыць і дарослы. На думку Дзмітрыя Юсько, начальніка ІСН Партызанскага РУУС, самае важнае тут — прафілактыка, каб не давялося пазней раскрываць злачынства, не пацярпелі людзі:

— Пры правядзенні прафілактычнай работы з непаўна-гадовымі мы тлумачым, калі рэч лічыцца знойдзенай, а калі адбыўся крадзеж. Праводзім размовы з групамі навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, падчас якіх расказваем аб асаблівасцях крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Часта падлеткі лічаць, што калі яны не выцягнулі рэч з чужой кішэні або з сумкі, не ўзялі яе ў кватэры, а падабралі, дапусцім, з лаўкі, то нічога дрэннага яны не зрабілі. Але гэта не так!


Кожны ўчастковы інспектар ІСН падчас дзяжурства патрулюе свой участак. Акцэнт звычайна робіцца на месцах адпачынку — менавіта там падлеткі забываюць рэчы ці пакідаюць іх, калі ўвага адцягваецца на нешта іншае. 

— На тэрыторыі Партызанскага раёна, на Сталетава, 1 знаходзіцца парк экстрэмальных відаў спорту, — акрэслівае наш кірунак Міхаіл Акостка, участковы інспектар ІСН. — Там бываюць факты прысваення, крадзяжоў маёмасці. Таму наведваем парк пастаянна, размаўляем з дзецьмі, папярэ-джваем, каб не пакідалі без нагляду свае рэчы і не чапалі чужога. 

Размовы дзейнічаюць не заўсёды. Інспектары сходу прыпамінаюць некалькі выпадкаў, якія закончыліся крымінальнымі справамі. Не так даўно 14-гадовы хлопчык пакінуў без нагляду свой BMX-веласіпед, каб пазаймацца на турніках, а калі закончыў падцягвацца, спецыялізаванага для скейт-пляцоўкі транспарта не знайшоў. Здаецца, і паставіў побач, прыхінуўшы да лаўкі, і раз-пораз на яго паглядаў, але так і не злавіў момант, калі транспарт укралі. Хлопчык звярнуўся ў адміністрацыю парка, а там выклікалі міліцыю. Знайсці злодзея дапамаглі камеры відэаназірання. Веласіпед вярнулі гаспадару, а ў дачыненні да 17-гадовага выкрадальніка пачалі крымінальную справу. У некаторым сэнсе яму пашанцавала: падлетак трапіў пад дзеянне амністыі. Але частых сустрэч з інспектарамі ІСН з нагоды пастаноўкі на індывідуальна-прафілактычны ўлік яму ўжо не пазбегнуць.

Да апошняга трымаў-ся версіі аб прысваенні юнак, якога прыцягнулі да адказнасці за крадзеж чужога тэлефона. Было так: апранаючыся ў файе, 16-гадовы навучэнец каледжа паклаў апарат на крэсла побач і не забраў. Яго равеснік, убачыўшы «бясхозны» тэлефон, хуценька падабраў яго і не менш жвава прадаў па аб’яве ў інтэрнэце. Выявіць яго асобу таксама дапамаглі камеры відэаназірання. 

Михаіл Акостка нагадвае школьнікам, што лепш не пакідаць без нагляду свае рэчы і не чапаць чужога.

Каб не запляміць рэпутацыю

— Лічыцца, што маёмасць, часова пакінутая без нагляду, па-ранейшаму належыць уласніку, — тлумачыць Дзмітрый Юсько. — Такі статус маюць рэчы, якія пакінуты гаспадаром у пэўна вядомым яму месцы, напрыклад, на лаўцы ў парку або ля пад’езда, ці на прылаўку крамы, ці ў гардэробе на кароткі час, і ён плануе за імі вярнуцца. Завалоданне такой рэччу кваліфікуецца як крадзеж. 

Як жа паступіць у выпадку, калі вам здаецца, што маёмасць згубленая? Каб не запляміць сваю рэпутацыю, лепш за ўсё не забіраць чужую рэч, а звярнуцца ў міліцыю ці да адміністрацыі ўстановы, дзе яна была знойдзена. Завалоданне сапраўды страчаным прадметам без спробы знайсці гаспадара расцэньваецца як прысваенне. Для асоб, дасягнуўшых 16 гадоў, гэты ўчынак цягне адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 10.6 КаАП і караецца папярэджаннем обо штрафам у памеры да 5 базавых велічынь — і гэта калі рэч каштуе не надта дорага, інакш і да крымінальнай справы можа дайсці. Адказнасць жа за крадзеж наступае з 14 гадоў. 

Мокрым пасля дажджу абсталяваннем карыстацца не рэкамендуецца, але наведвальнікі ў парку на Сталетава ёсць. На пляцоўцы для паркура трэніруецца 9-гадовы Арцём. Ён сцвярджае, што ніколі не пакідае ўласныя рэчы без нагляду, ды і ўвогуле стараецца прыходзіць сюды ўлегцы. Але чый жа заплечнік стаіць на лаўцы каля пешаходнага тратуара? Для чалавека, які праходзіць побач, нічога не варта падхапіць яго і, не затрымаўшыся ні на секунду, рушыць далей. Даводзіцца не раз перапытаць, перш чым ад скейт-пляцоўкі адзываецца 13-гадовы Саша з самакатам. Хлопчыку прыйшлося праслухать лекцыю ў выкананні ўчастковага інспектара ІСН Яўгена Мешчаракова аб неабходнасці сачыць за сваімі рэчамі, каб не было потым крыўдна. 

Паступова пляцоўку заліваюць сонечныя прамяні, а за імі падцягваюцца і дзеці. Што ж, на нашых вачах самакаты і веласіпеды яны з рук не выпускаюць, тэлефоны трымаюць у кішэнях, а больш ніякіх рэчаў пры сабе не маюць. Верагодна, штодзённая прафілактычная праца прыносіць свой плён. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter