Спецкор АТН Белтелерадиокомпании — о победе над тяжелым недугом, любимой работе и смысле жизни

«Наша краіна ўвасабляе ў сабе вобраз матулі»

Спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі Наталля Бардзілоўская — пра вясковую працу, любімую справу і сэнс жыцця

Тэлежурналістку Наталлю Бардзілоўскую памятаю з дзяцінства. Як і многія дзяўчынкі, у школьным узросце марыла стаць актрысай ці тэлевядучай. Першыя ўрокі даводзілася браць, штодзень сочачы за працай рэпарцёраў, гледзячы выпускі навін. Адна з самых прыгожых, што запаміналася адразу, была Наталля Бардзілоўская. І нядзіўна: сакавітая беларуская мова, вялікія блакітныя, як зоры, вочы, шыкоўныя каштанавыя валасы. І канечне, высокі прафесіяналізм. На сваім журналісцкім пасту яна амаль 27 год. Сёння наша гераіня, азіраючыся назад, успамінае той перыяд, як быццам першае жыццё. Другое для яе настала пасля пераадолення цяжкага захворвання, калі яна прыйшла на працу і ўзяла ў рукі мікрафон. Нібыта ўваскрэсла. Пра гэта і многае іншае расказала ў інтэрв'ю нашаму карэспандэнту.


— Наталля, за гады працы на тэлебачанні прысвяцілі дзясяткі сюжэтаў тэме духоўнасці. А што для вас азначае Вялікдзень? Якія дзіцячыя ўспаміны з ім звязаны?

— Дзяцінства маё прайшло ў савецкія часы, таму Вялікдзень не надта святкавалі. Бабулі і мама пяклі кулічы, булкі з разыначкамі, але малым ніхто ў падрабязнасцях не расказваў пра сэнс свята. Значэнне Вялікадня ўсвядоміла ў 1990-я, калі бацькі павялі ў царкву і пахрысцілі. Успамінаецца, як мне, стрыечным братам і сёстрам святар павязаў крыжыкі. Гэта падзея на ўсё жыццё.

Паўнавартаснае адчуванне Вяліка­дня прыйшло, калі пачала працаваць на тэлебачанні. У час падрыхтоўкі рэпартажу (для тэлерадыёкампаніі «Магілёў») пашчасціла пазнаёміцца з чалавекам, што прыслужваў пры вясковым храме. Ён для мяне стаў, можна сказаць, духоўным бацькам. Дзякуючы яму пачала прыходзіць да веры, усвядоміла сэнс Пасхі Хрыстовай.

Канешне, гэта велізарнае свята. На жаль, многія ўспрымаюць яго больш з боку сімвалаў. Хацелася б, каб акцэнт ставіўся ўсё ж на духоўнасці: выбачаць, паважаць бацькоў, любіць бліжніх. Добра, што Вялікдзень адзначаецца штогод і дае нам надзею на ўдасканаленне.

— За амаль тры дзесяцігоддзі працы над культурнай тэматыкай дасягнулі поспехаў. А хто быў вашым настаўнікам у прафесіі?

— Мой бацька Уладзімір Бардзілоўскі. Доўгі час ён быў галоўным рэдактарам магілёўскага радыё, потым працаваў у газетах «Магілёўская праўда», «Веснік Магілёва». Увесь гэты час падаваў мне прыклад. Назірала, як ён прыходзіў дадому з чамаданчыкам «Рэпарцёр». Туды ўмяшчаўся мікрафон, невялікія «бабінкі» са стужкай, на якіх запісваліся інтэрв'ю. Потым доўга сядзеў за пісьмовым сталом, праслухваў, рабіў рэпартажы. Шмат распавядаў пра сваю працу. На яго ўроках і вучылася, марыла стаць тэлевядучай. І мая мара спраўдзілася!

— Аднак шлях у журналістыку праклалі праз музычнае вучылішча і акадэмію музыкі…

— Так, бо гэта была воля бацькоў. Тата мяне бачыў музыкантам, а журналістыку лічыў мужчынскай прафесіяй. Вось я і вучылася музыцы. Але ўсё роўна пайшла па тэлевізійнай сцяжыне. І не шкадую…

— Звычайна адбываецца наадварот: дзеці ў творчай сям'і часта выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці.

— Дзякуй богу мяне ніхто не прымушаў. Калі пачынала працаваць на тэлебачанні, тата адгаворваў, а калі зразумеў, што ў мяне някепска атрымліваецца, дапамагаў і шмат што падказваў. А было так: прайшла кастынг, выпрабавальны перыяд, і паціху мая рэпарцёрская работа завіравала.

— Тым больш і знешнасць фотагенічная вельмі…

— Сапраўды, на гэтым столькі год у прафесіі і трымаюся (смяецца). І справа тут не ў тым, прыгожы ты ці не. Вось які сакрэт: кадр або цябе любіць, або — не. Дайсці з ім да ладу можна ў любым узросце. Тады нават пры рэальных знешніх недахопах на экране ператвараешся. І наадварот, можна быць прыгожым, але на экране прывабнасці не будзе.

— Ці праўда, што экран спрыяе раздваенню асобы: у кадры ты адзін, а ў жыцці іншы?

— Не, гэта акцёр на сябе маскі апранае, а журналіст павінен быць самім сабой. Дакладна адно: тэлебачанне — свет, які зацягвае. Як аднойчы туды трапіў, то ім і жывеш. І зазначу: гэта такая цудоўная магчымасць адкрываць новых людзей, цікавыя мясціны, прафесіі. Здаецца, звычайны чалавек і пяці працэнтаў не бачыць таго, што дзякуючы прафесіі бачым мы, журналісты. Я і ў кароўніку была, і на жніве! І ў экспедыцыі хадзіла з пошукавымі батальёнамі. Фермы наведвала яшчэ тады, калі мала што было механізавана: ручная праца, пахі натуральныя, а малако даяркі цадзілі праз марлю….

— І глядзелі на ўсё гэта як жыхарка гарадская...

— Пашанцавала, што дзяцінства прайшло ў вёсцы Шклоўскага раёна, дзе жылі бабулі і дзядулі. Яны і карову мелі, і парасят. Працу на зямлі ведаю. І зараз па тым жыцці сумую. Вёска мне сніцца часта.

— Што падчас стварэння сюжэтаў асабліва ўражвае?

— Да глыбіні душы кранаюць гісторыі ветэранаў Вялікай Айчыннай, уражвае іх прага да жыцця. Паглядзіце, колькі сярод іх доўгажыхароў! І нават у сто год многія з іх маюць светлы розум, самі ўсё дома робяць.

— На жаль, сёння хварэе і моладзь. Чамусьці цяжкія выпрабаванні выпадаюць на долю светлых душой людзей… Раскажыце, як вам удалося перамагчы анкалагічнае захворванне?

— Веру, што з любымі выпрабаваннямі дапамагае спра­віцца Бог. Усё, што з намі адбываецца, па волі Усявышняга. І хвароба даецца чалавеку для чагосьці. Як выжыла? Проста вельмі гэтага хацела. Першы час было шмат нядобрых думак. На зямлі мяне трымаў і абавязак перад маёй дачкой. Выратавалася не толькі дзякуючы клопату сяброў, родных і калег, але і прафесіяналізму ўрачоў. Свайму доктару давярала на сто працэнтаў.

Было цяжка, пасля сеансаў хіміятэрапіі проста поўзала. Але вырашыла пераадолець, настырна караскалася наперад. Тым больш і падтрымку добрую адчувала ад людзей. Дачушка, сястра былі са мной разам, на працы мне вельмі добрую дапамогу аказалі. Выйшла ў «Фэйсбук», дзе публікавала асабістыя дзённікі з бальнічнай палаты. Атрымлівала адтуль светлую энергетыку ад нераўнадушных да майго болю (прызнацца, і мінусы былі ў гэтай публічнасці). Але чакала кожнага дня, каб нечым падзяліцца.

— І сёння дорыце пазітыў і знаёміце з культурай Беларусі на ўласным тэлеграм-канале «Матуля Беларусь». Чаму абралі такую назву?

— Наша краіна ўвасабляе ў сабе вобраз маці, матулі. Усе мы, дзе б ні былі, заўсёды імкнёмся прытуліцца да роднага чалавека, адчуць клопат і дабрыню. Стварыла тэлеграм-канал, каб папулярызаваць беларускую культуру, мову, традыцыі. Відавочна, ад ведання гістарычнай спадчыны і бярэ пачатак любоў да Радзімы.

— Натхнення і поспехаў вам! Дзякую за размову!
БЛІЦАПЫТАННЕ

Любімы колер — бэзавы.

Любімыя кветкі — ландышы.

Музычны твор — «Авэ Марыя».

Дэвіз: «Стаўся да іншых так, як бы хацеў, каб ставіліся да цябе».
kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter