Народнай музыкі сталіца

Так дзякуючы фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” цяпер называюць Паставы

Лепшыя аматарскія інструментальныя калектывы, ансамблі народнай музыкі, індывідуальныя выканаўцы на тры дні ператварылі Паставы ў эпіцэнтр добрага настрою і натхнення. Міжнародны фестываль народнай музыкі, хоць і мае назву “Звіняць цымбалы і гармонік”, прымае на сваёй сцэне не толькі цымбалістаў і гарманістаў. У Беларускае Паазер’е — так яшчэ называюць Пастаўшчыну — з’язджаюцца бандурысты, гітарысты, флейтысты, балалаечнікі, дудары... За больш чым дваццацігадовую гісторыю фестываль стаў сапраўдным брэндам не толькі на сваёй радзіме.

Усёй сям’ёй на фестываль ў Паставы прыехаў кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Будзьмо” з Кіева Мікола Голічык. “Мы паважаем “Звіняць цымбалы і гармонік” за тое, што тут шануюць мастацтва ад народа, — гаворыць ён. —  Нямнога дзе ў свеце сустрэнеш такое. Жонка прывезла на фестываль дзіцячы ансамбль бандурыстаў. Бандура — гэта інструмент — сімвал украінскай народнай музыкі”.

Пераможцамі конкурса “Хто каго?..” сталі заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” Іванаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, вакальна-інструментальны ансамбль з Харватыі і выкладчык Дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Міхась Слізкі.

Фестываль вітаў народных музыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Харватыі і Венесуэлы. Сімвалічна, што сустрэча аматараў народнай музыкі і спеваў адбылася напярэдадні траецкіх святкаванняў. Удзельнікі свята ў час урачыстага адкрыцця выканалі абрад кумлення — абмяняліся падарункамі і павязалі на галінках бярозы стужачкі з нацыянальным арнаментам. Пакуміцца па традыцыі беларусаў — значыць, застацца сябрамі на ўсё жыццё.

Хто каго?..

Ужо на прэзентацыі ўсіх калектываў стала зразумела, што ў традыцыйным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах “Хто каго?..” шмат прэтэндэнтаў на перамогу.

Калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі прадставілі народную музыку і спевы, характэрныя менавіта для іх мясцовасці.  Самабытнасцю вылучаўся ансамбль гарманістаў узорнага фальклорнага гурта “Нежачкі” Расонскага цэнтра пазашкольнай работы. “Творчая дзейнасць калектыву пачалася са збору калекцыі гармонікаў, — расказвае мастацкі кіраўнік ансамбля Валянціна Літвінава. — Удзельнікі нашага калектыву пераймаюць традыцыйную манеру ігры ад старэйшых гарманістаў Расоншчыны. У нашым рэпертуары — вясковыя найгрышы, традыцыйныя мясцовыя танцы “Межаўскі матлёт”, “Расонскі вальс”. Ігру гарманістаў дапаўняюць свістулькі, дудачкі, акарына, шумавыя інструменты”.

Незвычайную цікавасць гасцей фестывалю выклікаў дзявочы ансамбль “Сальтарэлла” дзіцячай музычнай школы № 1 г.Пінска,  першай у Беларусі, дзе практыкуецца навучанне ігры на старадаўніх інструментах. Калектыў выконвае музыку, што гучала ў Беларусі ў эпоху Рэнесансу і барока для знатных княжацкіх асоб. Сёння ў рэпертуары  ансамбля інструментальная і вакальная музыка XVI—XVII стагоддзяў — творы з Полацкага і Віленскага сшытка, кампазіцыі Джона Даўленда, папулярнасць музыкі якога ў 1560-я гады, як сцвярджае кіраўнік калектыву Юрый Дубнавіцкі, можна параўнаць з папулярнасцю “Бітлз”. Унікальнасць ансамбля яшчэ і ў тым, што ён іграе на дакладных копіях гістарычных музычных інструментаў — на лютні, віоле да гамба, віоле д’амор, віоле да браччо, якія вырабляе пінскі майстар Андрэй Шклёда.

Сто адзінгармонік

Міхась Іванавіч на фестывалі прадставіў экспанаты са свайго асабістага музея гармонікаў. Музыкай ён захапляецца з дзяцінства. Віртуозна на скрыпцы іграў яго бацька. Свайго ж гармоніка ў сям’і не было. А як толькі ў маленькага Мішы гэты інструмент з’явіўся, ён стаў яго захапленнем на ўсё жыццё. У калекцыі Міхася Слізкага сто адзін гармонік. Сярод іх — не толькі вырабленыя беларускімі майстрамі, але і прывезеныя з Расіі, Аўстрыі, Германіі. Каштуюць яны нятанна, але Міхась Іванавіч вызначае іх кошт не грашыма, а гісторыяй стварэння і музычнымі асаблівасцямі. “Самы каштоўны ў калекцыі гармонік, якому больш за сто гадоў, — гаворыць музыкант. — Гэта петраградская трохрадка. Ёсць гармонік, у якога замест звычайных кнопак — клавішы. Ад таго яго па гучанню можна пераблытаць з акардэонам”. У рэпертуары Міхася Іванавіча — мноства беларускіх мелодый, якія ён сам збіраў у экспедыцыях па Беларусі.

Гарачыя апладысменты

Працяглымі авацыямі ўзарвалася зала Дома культуры пасля выступлення фальклорнага калектыву Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла “Гальперас де Дон Піо”. Музыка венесуэльскага калектыва адрозніваецца скрыпячымі гукамі (чэррыда), якія ствараюцца правядзеннем пальца па скураной паверхні бубна, а таксама ўдарамі па гітары (такі прыём называецца дэльтора). Калектыў выкарыстоўвае тры віды гітар — ласінта, рэкінта, кватро з рознай колькасцю струн.

Венесуэльскія музыкі ехалі на фестываль амаль семнаццаць гадзін. Яны прызналіся, што ведалі — у Беларусі вельмі суровы клімат, а калі ступілі на беларускую зямлю, упэўніліся ў гэтым самі. Ім было халаднавата. Гэта нягледзячы на тое, што ў першыя дзянькі лета сонца прыпякала няслаба. “Нас тут прынялі як сваіх, — прызнаўся мастацкі кіраўнік ансамбля Тэофіла Антоні Эскалона. — У Беларусі вельмі прыгожыя жанчыны, і нас уражвае, з якой ўвагай яны да нас ставяцца. Нам падабаецца беларуская народная музыка. Асабліва нас уразілі двухсотгадовыя цымбалы ў мясцовым Доме рамёстваў. Хоць мы не разумеем мовы, але дзякуючы настрою, эмоцыям, якія ідуць ад музыкаў на сцэне, мы разумеем ідэю беларускай музыкі”.

Па барадзе цякло, і ў рот трохі трапіла

Пастаўчане і жыхары раёнаў-суседзяў не маглі гасцей фестывалю не пачаставаць стравамі нацыянальнай кухні. Дарэчы, яна ў кожным раёне мае свае асаблівасці. На стале пастаўскіх майстрых-кулінарак галоўны пачастунак — сыр, а таксама салодкія прысмакі. Удзельнікі народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” прапанавалі гасцям пакаштаваць хлеба, спечанага на кляновым і капусным лісцях. А яшчэ дзеруноў, каўбасы з маласольнымі агуркамі і крупніку на мёдзе...

Фестываль адгрымеў звонам цымбалаў, галасамі гармонікаў, але не стаў проста чарговым мерапры-емствам, праведзеным па плану. Афіцыйныя дэлегацыі з рэгіёнаў Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі падпісалі з Пастаўскім раёнам дамовы аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, эканомікі, спорту і турызму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter