Хотя Глубокский лицей и сам зарабатывает деньги, но приобрести мощную технику за них нельзя

«На полі майстар давярае мне трактар»

Глыбоцкі прафесійны ліцэй адметны сярод спецыялістаў, нашых і замежных, высокім узроўнем навучання. Сюды, напрыклад, некалькі гадоў запар прыязджалі за вопытам дэлегацыі вучняў і педагогаў з каледжа французскага горада Фёр. Аб цесным супрацоўніцтве дзвюх устаноў адукацыі сведчыць прыгожая алея бярозак каля ліцэя. Слаўную старонку ўпісаў у росквіт установы, якая рыхтуе такія патрэбныя кадры для сельскай гаспадаркі, цяперашні старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Менш года таму дырэктарам ліцэя стаў былы дырэктар СШ № 3 Васілій Любоза, які імкнецца замацаваць набытае папярэднікамі і ісці далей.

Навучэнцы першага курса на сяўбе (справа налева): Данііл БЕЛЬСКІ, Віталь ГРЭЦКІ, Аляксандр ТОЛКАЧ, Уладзіслаў АЛЬХІМЁНАК, Кірыл ВАЙЦЯХОВІЧ, Дзмітрый ВАСЮКОВІЧ.

Па суботах каля ліцэя можна заўважыць некалькі жоўтых аўтобусаў з надпісам «Школьны». Падумалася, што гэта са школ раёна прывезлі вучняў на экскурсію. На справе ж аказалася: старшакласнікі прыязджаюць сюды ў свабодны ад заняткаў дзень, каб набыць прафесіі слесара па рамонце сельгасмашын і абсталявання, муляра, спецыяліста па азеляненні, агародніка, повара, швачкі.

Так, майстар з дваццацігадовым стажам Ігар Зусько вядзе групу слесараў па рамонце сельгасмашын і абсталявання. Нягледзячы на тое, што заняткі пачаліся толькі паўгода таму, вучні даволі прафесійна ўпраўляюцца з металам. Іх вырабы — граблі, матыкі і іншыя — не адрозніш ад фабрычных. Некаторыя ўзоры прадэманстраваў вучань глыбоцкай СШ № 2 Андрэй Канапелька. Каб заахвоціць дзяцей, асобныя іх вырабы дазволена браць дахаты.

У другім корпусе прафесію повара спасцігаюць дзяўчынкі. У групе 18 чалавек. Ім пашанцавала, бо адкрывае для іх таямніцы кухарскай справы не хто-небудзь, а сама Таццяна Кургузава. Яна раней працавала тэхнологам грамадскага харчавання райспажыўсаюза і нават напісала кнігу «Кулінарная спадчына Глыбоччыны».

— Навучылася гатаваць розныя супы, кашы, пельмені, — дзеліцца вучаніца 10-га класа Карабоўскай сярэдняй школы Люба Альхімовіч. — Гэта мне спатрэбіцца ў будучым.

Майстар Таццяна КУРГУЗАВА вучыць кухарскай справе Аляксандру КОЦІКАВУ і Любоў АЛЬХІМОВІЧ, вучаніц глыбоцкай СШ № 2 і Карабоўскай сярэдняй школы.

— Рыхтую цяпер дома сама стравы. Мама амаль нічога на кухні не робіць, — не без гонару прызнаецца Аляксандра Коцікава, вучаніца глыбоцкай СШ № 2.

Поўны курс навучання — 2 гады. Пасля яго заканчэння вучні атрымліваюць пасведчанне повара 3-га разраду.

У прынцыпе, гэта нагадвае ў нейкай меры вяртанне да савецкіх часоў, калі ў Глыбокім існаваў так званы вучэбны міжшкольны камбінат. Сюды прывозілі вучняў са школ раёна і давалі азы рабочых прафесій. Аднак зараз падрыхтоўка на больш высокай ступені: зусім іншая матэрыяльная база, не гаворачы аб выкладчыках і майстрах.

Васілій Любоза пагаджаецца, што для ліцэя гэта дадатковая немалая нагрузка, аднак справа вельмі патрэбная. Па-першае, выпускнік сярэдняй школы разам з атэстатам атрымлівае дакумент аб першай рабочай прафесіі, а па-другое, што немалаважна, некаторыя, верагодна, пажадаюць потым паглыбіць атрыманыя ў дадзенай прафесіі навыкі, папоўніць рады ліцэістаў.

Свідравальны станок асвоілі вучні глыбоцкай СШ № 1 Яўген ХРОЛ і Мікіта АЛЬШЭЎСКІ.
Сёння навучэнцы ліцэя атрымліваюць некалькі пра-фесій у комплексе. Напрыклад, калі трактарыст — то яшчэ вадзіцель і слесар, калі дарожны рабочы — муляр і трактарыст, электразваршчык — мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і слесар па рамонце і абслугоўванні сістэм вентыляцыі і кан-дыцыяніравання; для дзяўчат — повар, швачка, агароднік.

Абнаўляецца, асабліва ў апошні год, матэрыяльна-тэхнічная база. Набыты трактар МТЗ-1221, дызельны аўтамабіль ГАЗ, наборы слясарных інструментаў. Абсталяваны камп’ютарны клас. Падшэфныя арганізацыі — аграсэрвіс, аўтакалона АТП-16, ААТ «Чарневічы» і іншыя — ахвяравалі для практычных заняткаў рухавікі, каробкі перадач, масты і іншыя вузлы да энерганасычаных трактароў МТЗ-3022, МТЗ-3525, якія адслужылі сваё. Ідзе рэканструкцыя трэцяга корпуса. На ўсё пра ўсё выдаткавана 437 тысяч рублёў, за што дырэкцыя ліцэя ўдзячная начальніку абласнога ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыю Хаме, а таксама старшыні райвыканкама Алегу Морхату.

Вядома, сродкаў патрабуецца шмат, а таму ліцэй і сам актыўна зарабляе грошы. Для абслугоўвання насельніцтва і арганізацый прадастаўляецца транспарт. Узведзены 4 вялікія цяпліцы, з якіх на продаж ідзе расада капусты, агуркоў, памідораў, перцаў, кветкавых культур. Толькі сёлета для высадкі гародніны і кветак закуплена насення на 400 рублёў. На 2 гектарах вырошчваецца бульба, на значных плошчах — буракі, капуста, морква. Прадукцыя ідзе ў сталоўку вучэбнай установы, а рэшткі рэалізуюцца на раённых і абласных кірмашах. У бліжэйшай перспектыве — разбіць сад на 10 гектараў і заняцца рапсам.

Амаль 200 гектараў адводзіцца пад зерневыя культуры. Разам з Васіліем Любозам мы пабывалі на сяўбе яравой пшаніцы, якую вялі адразу за горадам навучэнцы пад наглядам майстроў Аляксандра Зуева, Арцёма Зайца, Яўгена Шчэбета і Анатоля Лабецкага.

— Стараемся даць лі-цэістам больш практычных навыкаў, — пракаменціраваў дырэктар. — Гэта дапамагае лепш замацоўваць тэорыю. Да таго ж праяўляецца большая зацікаўленасць навучэнцаў да набыцця прафесіі.

Вось што расказалі ліцэісты:

Віталь ГРЭЦКІ:

— Сам я з аграгарадка Навасельцы Шаркаўшчынскага раёна. Пасля заканчэння вучобы атрымаю правы трактарыста-машыніста, вадзіцеля катэгорыі «С» і прафесію экскаватаршчыка, слесара.

Данііл БЕЛЬСКІ:

— З бацькамі жыву ў  аграгарадку Чарневічы Глыбоцкага раёна. Тата — жывёлавод, маці — аператар машыннага даення. У сям’і трое дзяцей. Мой старэйшы брат Руслан таксама вучыцца ў ліцэі, толькі на трэцім курсе.

Дзмітрый ВАСЮКОВІЧ:

— Прыехаў з вёскі Беразіно Докшыцкага раёна. Мой тата — механізатар, а мама — аператар машыннага даення, таму і выбраў такую прафесію, каб працаваць у сельскай мясцовасці. Вучыцца ў ліцэі падабаецца: і калектыў, і абсталяванне ў кабінетах, і бясплатнае даволі смачнае харчаванне ў сталоўцы.

Майстры вытворчага навучання Аляксандр ЗУЕЎ, Арцём ЗАЯЦ, Яўген ШЧЭБЕТ, Анатоль ЛАБЕЦКІ.

Як бачна, навучэнцы ў ліцэі не толькі з Глыбоцкага раёна, але і з суседніх. Тым не менш з кожным годам набор ідзе цяжэй. І гэта нягледзячы на тое, што выкладчыкі рэгулярна выязджаюць у школы. Створана агітбрыгада з навучэнцаў, якая ў цікавай і даходлівай форме расказвае аб прафесіях, культурным і спартыўным жыцці ўстановы. Усебаковая інфармацыя аб ліцэі змешчана на спецыяльным сайце.

Аднак Васілій Любоза лічыць, што ў праф- арыентацыі ёсць важны прабел — далёка не заўсёды існуе зацікаўленасць заказчыка кадраў:

— Плачуць многія кіраўнікі на планёрках: «Не хапае механізатараў, слесараў. Няма таго, няма іншага. А хто з кіраўнікоў прыйшоў у школу?! Так, з’яўляюцца перад выпускам. Але позна ісці ўжо ў 9-м класе. Добра памятаю сваё дзяцінства, Ураджайнаўскую базавую школу. Прыходзіў да нас у класе 6—7-м аграном калгаса, прапаноўваў папрацаваць у полі, такім чынам вызначаў, хто больш да гэтага схільны. Бывалі калгасныя электрыкі, інжынеры. Частым госцем быў старшыня калгаса імя Свярдлова Віктар Стараннік. Так, у вёсцы ўсё менш застаецца вучняў. Тым больш трэба праяўляць павышаную ўвагу да іх з боку сельгаспрадпрыемстваў. Асабліва да шматдзетных сем’яў, а таксама да тых, дзе бацькі занятыя ў сельскай гаспадарцы.

Праблем, як і ўсюды, хапае. Некаторыя вырашаюцца, іншыя пытанні дырэктар імкнецца «прабіць». Так, адна з балючых — у ліцэі няма энерганасычаных трактароў. Парадокс: выпускнік павінен асвойваць такую тэхніку толькі ў гаспадарцы, дзе яе не заўсёды яму давераць. Калісьці была заключана дамова з Мінскім трактарным заводам, і ён даваў у арэнду на выпрабаванне які-небудзь адзінкавы новы экзэмпляр. Цяпер пакуль што справа далей перамоў не ідзе. Вельмі патрэбны ліцэю і МАЗ з прычэпам, бо для таго каб атрымаць правы вадзіцеля катэгорыі «Е», даводзіцца ездзіць у Докшыцы.

Наспела пытанне дастаўкі на вучобу ліцэістаў з суседніх раёнаў, а для гэтага неабходны адзін, а лепш два аўтобусы. Возяць жа ў прафтэхліцэй вучняў у суботу са школ раёна. А чым ліцэісты горшыя?!

saulich@bk.ru

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter