Мы сачылі, каб ні адзін кавалачак зямлі не пуставаў

ЗВАНОК заінтрыгаваў. Патэлефанавалі з унітарнага прадпрыемства “Каралі” Глыбоцкага раёна і папрасілі напісаць пра Уладзіміра Мяфодзьевіча НОВІКАВА (на здымку). Ведаю яго даўно, неаднойчы сустракаліся з ім на палетках і фермах СВК “Таргуны” Докшыцкага раёна, дзе ён амаль чатыры дзясяткі гадоў быў старшынёй. У той самай гаспадарцы, якую на заранку калектывізацыі ўзначальваў яго бацька Мяфодзій Яўстафавіч. Дарэчы, калгас і называўся доўгі час “Зара камунізму”.


Ні бацька, ні сын камунізм так і не пабудавалі, але калі хто і падышоў да яго бліжэй, то гэта, напэўна, Уладзімір Новікаў. Ён яшчэ пры Саюзе пабудаваў аграгарадок, а людзі атрымлівалі не толькі прыстойную зарплату, але і мелі добры прыварак ад падсобнай гаспадаркі.

Уладзімір Мяфодзьевіч — кавалер ордэнаў “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыны III ступені, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага і абласнога Саветаў. У розныя часы яму прапаноўвалі многія высокія пасады, але ён заставаўся верным свайму калектыву, малой радзіме.

Пасля складвання паўнамоцтваў у 2011 годзе яшчэ некаторы час працаваў намеснікам дырэктара ААТ “Таргуны”, а пасля пайшоў на заслужаны адпачынак. Аднак доўга там не пабыў, дырэктар Глыбоцкага мясакамбіната Анатоль Дук папрасіў яго ўзначаліць сельскагаспадарчы філіял прадпрыемства “Каралі”.

За два няпоўныя гады Новікаў перазалужыў там 800 гектараў выпасаў, пабудаваў дзевяць жалезабетонных, кожная ёмістасцю па тысячу тон, траншэй для кармоў, два прафілакторыі для маладняку, рэканструяваў некаторыя старыя жывёлагадоўчыя памяшканні. Гаспадарка па ўсіх паказчыках выйшла ў лік перадавых.

Вось, аказваецца, чым і тлумачыўся тэлефонны званок з “Каралёў”. Напрыканцы дабавілі: “З ахвотай чытаем у “Сельской газете” пра лепшых прадстаўнікоў старшынёўскага корпуса краіны. Уладзімір Новікаў, лічым, таксама заслугоўвае ўвагі. Хоць з верасня і на пенсіі, але рэгулярна наведвае гаспадарку, цікавіцца ўсім, падказвае, як зрабіць лепей”.

Не адгукнуцца на такую просьбу, нягледзячы нават на тое, што наш герой ужо на пенсіі, было нельга.

— Уладзімір Мяфодзьевіч, як здарылася, што вы, гарадскі чалавек, трапілі ў вёску і ўсе лепшыя гады свае аддалі ёй?

— Нарадзіўся сапраўды ў Докшыцах, але ў горадзе давялося пабыць нямнога. З райцэнтра сям’я пераехала ў вёску Лапуты, а неўзабаве ў Вецеру, дзе бацька ўзначаліў калгас, а маці стала даяркай. У сям’і было сямёра дзяцей. Пачынаючы з трэцяга класа, улетку пасвіў цялят. У школу ж пайшоў на год раней, а атэстат атрымаў у вячэрняй. Такім чынам сэканоміў два гады. І калі паступаў у інстытут, мне было ўсяго шаснаццаць. Не хацелі нават браць дакументы. Тым не менш з другога курса атрымліваў павышаную стыпендыю. У дваццаць вярнуўся ў родную вёску з дыпломам ветэрынарнага інстытута. Адслужыў у арміі, потым працаваў і заатэхнікам, і галоўным заатэхнікам. А з 19 снежня 1974 года стаў старшынёй калгаса “Зара камунізму”. Было мне 26 гадоў.

На полі з перадавым камбайнерам Мікалаем МАСКАЛЁНКАМ

— Што гэта была за гаспадарка?

— Па сённяшніх мерках — брыгада: 2700 гектараў сельгасугоддзяў, ворыва ўсяго — 1500. Намалочвалі па 30 цэнтнераў зерня з гектара. Мне ставілі задачу ўтрымаць гэты рубеж. Але калектыў пайшой далей, ужо ў тыя гады ўраджайнасць збожжавых у нас пераваліла за паўсотню цэнтнераў.

З часам да сябе далучылі суседнія сельгаскааператывы і адзін саўгас. У выніку плошча сельгасугоддзяў павялічылася да 16,5 тысячы, ворыва — да 9 тысяч гектараў. Пабудавалі два вялізныя комплексы для буйной рагатай жывёлы, давялі да ладу з дзясятак фермаў. Каб аб’ехаць усю гаспадарку, уставаў у 4 гадзіны раніцы і вяртаўся дахаты апоўначы. Нярэдка за дзень на спідометры набягала да паўтысячы кіламетраў. Ды што тут многа казаць: сельгаскааператыў даваў трэць прадукцыі раёна.

Рэзка ўзрасла нагрузка на галоўных спецыялістаў, механізатараў. На жніве былі задзейнічаны 12 камбайнераў, і амаль усе яны станавіліся тысячнікамі. А Мікалай Антонавіч Маскалёнак намалочваў нават звыш 2 тысяч зерня і неаднойчы быў удзельнікам рэспубліканскіх “Дажынак”.

— Сельгаскааператыў адзначаўся на рэспубліканскім узроўні за высокую культуру земляробства не толькі на грамадскіх угод- дзях, але і на прысядзібных участках жыхароў.

— Так, мы сачылі, каб ні адзін кавалачак зямлі не пуставаў, годна абраблялі. На тэрыторыі сельгаскааператыва каля паўсотні вёсак. Ля хат, якія даўно пакінулі людзі, заворвалі межы, уздымалі дзірван. Такім чынам штогод дабаўлялі па 100 гектараў. Што тычыцца прысядзібных участкаў, то ад паўгектара і больш практычна пазбавіліся яшчэ год трыццаць назад. Мы першыя ў вобласці, калі не ў рэспубліцы, прапанавалі калгаснікам вынесці свае прысядзібныя ўчасткі ў агульны севазварот. Як ні круці, але на сваё ўласнае поле трэба ж было і вывезці ўгнаенне, і ўзараць ніву, і пасеяць на ёй, і ўбраць ураджай. Колькі часу і працы чалавек вымушаны быў траціць? Гэта адно. А па-другое, на вузенькіх шнурочках і тэхніку праблема прымяніць, асабліва камбайны. Праўда, не ўсе гаспадары прысядзібных участкаў пайшлі адразу на агульнае поле, пакуль не пераканаліся, што гэта выгадна: атрымаць гатовае зерне, бульбу, буракі. А ёсць кармы — трымай жывёлу, бяры за яе прадукцыю грошы. Хочаце верце, хочаце не, але ў нашых сялян дойны статак налічваў 1200 галоў. У адных толькі Таргунах 400 кароў... Трэцяя частка малака гаспадаркі ішла на перапрацоўку з падсобных гаспадарак.

— Памятаецца, вашу работу з падсобнымі гаспадаркамі жыхароў  хваліў Прэзідэнт пры наведванні сельгаскааператыва вясной 1999 года.

— Аляксандр Рыгоравіч быў у нас тры разы. Аглядаў мехдвор, фермы, палі. Сустракаўся і размаўляў з людзьмі. І вось падчас аднаго візіту, а гэта было вясной 1999 года, ён закрануў праблемы падсобных гаспадарак увогуле. Добра памятаю яго словы: “Трэба тут зыходзіць з магчымага, рэальнага. Што магчыма? Магчыма, каб селянін трымаў не адну, а дзве каровы? Магчыма! Ну дык давайце створым умовы, каб гэты селянін быў зацікаўлены трымаць дзве каровы — і будзе ў два разы больш малака ад падсобнай гаспадаркі, чым было ўчора”. Канкрэтна жыхарам, якія трымалі кароў, завозілі гатовае сена, па 5—8 рулонаў на кожную. І ў некаторых жыхароў было нават не па дзве, а па тры, чатыры каровы і больш.

— Уладзімір Мяфодзьевіч, вы заўсёды рабілі стаўку толькі на ўласныя кадры?

— Так, у мяне ўсе амаль былі мясцовыя. Гэта і галоўны бухгалтар Ніна Гатоўка, і галоўны інжынер Сяргей Гушчык, і галоўны аграном Аляксей Каротчык, і начальнік комплексу Іван Канзакоў, і маладыя механікі Дзяніс Дзегцяроў і Аляксандр Лапінскі, і іншыя. Дарэчы, многія і цяпер працягваюць працаваць. Аднак праблема кадраў увогуле сапраўды вострая. Асабіста я лічу, што патрэбна падумаць над тым, ці браць гарадскіх у вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці “заатэхнія” і “агранамія”. Ці надоўга яны затрымаюцца ў вёсцы?! Яшчэ адзін момант: як прымаюць маладых спецыялістаў на месцах? Згодзен, што маладым патрэбны і жыллё, і дастойная зарплата. Аднак не трэба забываць і пра маральную падтрымку.

— Чуў, што вы не глядзелі ў рот начальству, часта рабілі ўсё па-свойму, з-за чаго мелі шмат непрыемнасцей...

— Каб жыць, згадзіцеся, патрэбна мець свой пункт гледжання. І калі загады, дырэктывы зверху яўна шкодзілі справе, не мог пагадзіцца. Напрыклад, прыйшоў загад сеяць цукровыя буракі. Гэта ў нас, на Віцебшчыне, дзе тэмпературны рэжым глебы не дазваляе вырошчваць гэтую культуру. Мы хоць гэтыя буракі жывёле скармілі, а ў некаторых яны проста згнілі. Потым усё-такі гэтую дырэктыву адмянілі. Лічу, што кадры на месцы лепей ведаюць, што сеяць, калі сеяць і ўбіраць. Узяць лён. Ён якраз у нас на Віцебшчыне і расце. І наша гаспадарка ў гэтым плане была, як кажуць, заканадаўцай моды. Да 1987 года атрымлівалі да 16 цэнтнераў ільновалакна з гектара. Прадавалі да 600 тон. Наш механізатар, звеннявы Аляксей Дорц, прыехаў з ВДНГ на легкавым аўтамабілі, а калгас атрымаў дзве “Волгі” і “ўазік". Тады адной выручкі за лён хапала на гадавую зарплату калгаснікаў. А пад канец майго старшынства мы два гады чакалі разліку за здадзеную льнопрадукцыю, і ніякія гаспадарчыя суды не маглі нам дапамагчы.

— За амаль чатыры дзясяткі гадоў вы, вядома, перажылі ўсяго. А што давялося пераадольваць цяжэй за ўсё?

— Бюракратызм. Гісторыя, пра якую раскажу, пачалася ў 2000 годзе. Рашэннем Докшыцкага райвыканкама да нас далучылі суседні саўгас “Камунар”. Нічога ў гэтым асаблівага не было, калі б не яго мільярдныя даўгі, якія нам трэба было ўзяць на сябе. Людзям па паўгода не выплочвалі зарплату. На машынным двары — тэхніка без колаў, без матораў, затое каля трыццаці трактароў чамусьці аказаліся ў прыватных руках. Сяўбу вялі ўсім раёнам і закончылі апошнімі.

Першае, што зрабіў, — выплаціў людзям заробленыя грошы. Спакваля расплаціўся з даўгамі, ліквідавалі картатэку. Складаней было знайсці агульную мову з механізатарамі, жывёлаводамі былой гаспадаркі, якім раней налічвалі зарплату не па выніках працы, а за выхад на яе. Ушчыльную заняліся дысцыплінай на вытворчасці, якая, дарэчы, далёка не ўсім прыйшлася па душы. Некаторыя нават напісалі заявы аб звальненні.

Справы пачалі наладжвацца, і тут як гром з яснага неба: “Віцебскмаёмасць” прызнае далучэнне саўгаса “Камунар” да сельгаскааператыва “Зара камунізму” незаконным, бо гэта два віды ўласнасці несумяшчальныя: саўгас — дзяржаўная, а калгас — прыватная. Але гэта, аказалася, быў толькі пачатак. Калі звярнуліся ў банк, каб вярнулі сродкі за пагашаныя крэдыты далучанай гаспадаркі, тэхніку, угнаенні, нам катэгарычна адмовілі. Больш за тое, пайшлі розныя іскі. Напрыклад, за дом, які ў свой час прыдбаў “Камунар” і не аплаціў за яго. Каля пяці гадоў давялося хадзіць па розных інстанцыях, патраціць шмат нерваў і часу, каб даказаць сваю праўду.

— Уладзімір Мяфодзьевіч, акрамя старшынства, вам часта даводзілася займацца і многімі грамадскімі справамі. Што лягчэй?

— Яны, па праўдзе, не былі для мяне асаблівай нагрузкай: камусьці патрэбна машына, каб даставіць у бальніцу хворага, камусьці — падвезці дроў. А калі памеркаваць, то да каго гэтым людзям, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў гаспадарцы, яшчэ ісці, акрамя старшыні. І хто, як не апошні, павінен ім дапамагчы. У прынцыпе, дрэнных людзей не бывае, ёсць дрэнныя кіраўнікі. Я заўсёды прытрымліваўся гэтай думкі.

saulich@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter