Музыка святыні

Для вялікай колькасці людзей хрысціянства непадзельна звязана з музыкай, якая дапамагае адарвацца ад часовых рэчаў. Таму засяродзім увагу на месцы музычнай традыцыі ў каталіцкай царкве.

Для вялікай колькасці людзей хрысціянства непадзельна звязана з музыкай, якая дапамагае адарвацца ад часовых рэчаў. Таму засяродзім увагу на месцы музычнай традыцыі ў каталіцкай царкве.

Касцёльная музыка з’яўляецца інтэгральнай часткай літургіі. Таму задача музыкі — служыць дасягненню мэты ўсёй літургіі, Божай хвалы і асвячэння чалавека. Толькі такую музыку можна лічыць сакральнай. Літургія становіцца больш урачыстай, калі выконваецца спеў, які спрыяе ўмацаванню малітоўнага духу і сам з’яўляецца малітвай. Пры гэтым не ўсе рэлігійныя спевы падыходзяць да выкарыстання ў час літургічных дзеянняў. Вернікі павінны імкнуцца як мага больш актыўна ўдзельнічаць у касцёльным спеве, бо гэта спрыяе ўзмацненню свядомасці таго, што літургія з’яўляецца “агульнай справай” усёй каталіцкай царквы. Аднак бываюць выпадкі, калі частку літургічных спеваў выконвае спецыяльна падрыхтаваны гурт спевакоў або хор.

Нягледзячы на розныя сучасныя тэндэнцыі, грыгарыянскі харал успрымаецца каталіцкай царквой як першачарговы спеў лацінскага (рымскага) абраду. Гэта не азначае выключэння іншых відаў касцёльнай музыкі з літургіі, калі яны выконваюць адпаведную ім ролю. У літургіі лацінскага абраду могуць выкарыстоўвацца музычныя інструменты, першае месца сярод якіх займае арган.

Да рэлігійнай музыкі адносяць вялікую колькасць акадэмічных музычных твораў. Так, напрыклад, пра музыку Вівальдзі папа рымскі Бенедыкт XVI сказаў, што “яна выражае праслаўленне, радасць, падзяку, а таксама здзіўленне ад дзеянняў Бога”. Увогуле, першая прафесійная музыка Заходняй Еўропы з’явілася ва ўлонні каталіцкай царквы. Рэлігійная музыка розных эпох і жанраў з’яўляецца скарбам каталікоў. У гэты скарб уваходзяць таксама культурныя традыцыі розных народаў. Стварэнне літургічнай музыкі — гэта справа касцёльных музыкантаў. Пра іх дакументы касцёла кажуць, што “яны пакліканы да культывавання сакральнай музыкі і ўзбагачэння яе скарбу”, іх заданне — складаць мелодыі, “якія будуць мець рысы сапраўднай сакральнай музыкі, прыдатныя не толькі для вялікіх гуртоў спевакоў, але таксама для меншых, і будуць спрыяць актыўнаму ўдзелу ўсяго сходу вернікаў” (Другі Ватыканскі сабор, “Sacrosanctum concilium” 121).

Такім чынам, неабходна ўсвядоміць, што не любая рэлігійная музыка ў шырокім значэнні гэтага слова з’яўляецца літургічнай (богаслужэбнай). Існуе таксама нелітургічная музыка, якая мае духоўны характар і можа пры гэтым выкарыстоўваць элементы грыгарыянскага харала. У сучаснасці ўзнікае рэлігійная музыка, блізкая да папулярных эстрадных жанраў. Пашыраецца колькасць музычных гуртоў, якія выконваюць такую рэлігійную музыку. Яны маюць асаблівую папулярнасць сярод моладзі, іх дзейнасць цалкам скіравана на маладое пакаленне. Дзякуючы названым тэндэнцыям, калі яны маюць здаровы пабожны характар, людзі прасцей успрымаюць духоўны змест музыкі, прадстаўленай прывычнымі для іх жанрамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter