Фольклор останется, у всего настоящего есть будущее — ведущая музпрограммы Белорусского радио

Музычны рэдактар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Песнякевiч: «Што нi вёска, то асобны спеўны каларыт»

У нядзелю адзначаецца прафесiйнае свята работнiкаў радыё i тэлебачання. Першая перадача Беларускага радыё выйшла ў эфiр у 1925 годзе. Амаль праз тры дзесяцiгоддзi ў Мiнску адкрылася тэлевiзiйная студыя. Сёння Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя аб'ядноўвае некалькi тэлеканалаў i радыёстанцый. На працягу дзесяцiгоддзяў асноўнай iнфармацыйнай крынiцай для жыхароў рэспублiкi было радыё.

Амаль паўвека таму пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыi працоўную дзейнасць у Доме радыё пачала Таццяна ПЕСНЯКЕВIЧ. Голас яе не аднаму пакаленню слухачоў знаёмы. Яна аўтар i вядучая папулярных у розныя часы музычных радыёпраграм. Дзякуючы творчай дзейнасцi музыкаведа ў фондах Беларускага радыё захавалiся ўнiкальныя запiсы шматлiкiх фальклорных калектываў, эксклюзiўных выканаўцаў аўтэнтычных песень. Яе аўтарству належаць шматлiкiя публiкацыi пра нацыянальны музычны фальклор, яго выканаўцаў i даследчыкаў.

Творчая дзейнасць Таццяны Пятроўны адзначана ганаровым знакам Мiнiстэрства культуры «За ўклад у развiццё культуры Беларусi», ганаровымi граматамi Нацыянальнай тэлерадыёкампанii. Музыкавед унесена ў энцыклапедыю «Беларускi фальклор» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Тройчы станавілася лаўрэатам мiжнародных творчых конкурсаў музычных акадэмiчных i фальклорных радыёпраграм, што ладзiлiся ў Брно i Брацiславе. Лаўрэат рэспублiканскага творчага конкурсу Беларускага саюза журналiстаў «Залатое пяро», член праўлення Беларускага саюза кампазiтараў.


Больш за паўвека таму Чырвоную вулiцу сталiцы ўпрыгожыў арыгiнальны Дом радыё. Адсюль кожную ранiцу з гiмна краiны i слоў дыктара: «Гаворыць Мiнск!» пачынае вяшчанне Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Гэты ўнiкальны будынак — сапраўдная скарбнiца галасоў выбiтных асоб розных пакаленняў. Iх у фондах Беларускага радыё — звыш 125 тысяч. Сярод запiсаў залатая калекцыя ўнiкальных выступленняў перад мiкрафонам Янкi Купалы, Якуба Коласа, Пятра Машэрава, Юрыя Гагарына, Ларысы Александроўскай, слынных хлебаробаў Кiрылы Арлоўскага, Кузьмы Шаплыкi, Уладзiмiра Ралько, Уладзiмiра Бядулi i многiх iншых вядомых асоб зямлi беларускай.

Запiсаныя на магнiтафонныя стужкi галасы апошнiм часам перапiсваюць на лiчбавыя залатыя дыскi. Колькасць iх перавысiла ўжо чатыры тысячы. У фондавай калекцыi гэтага сапраўднага пантэона фанаграм захоўваецца i шмат музычных, фальклорных твораў. Амаль паўвека таму з экспедыцый па зборы аўтэнтычных песень пачала сваю творчую дзейнасць Таццяна Песнякевiч.

— Мой прыход на Беларускае радыё супаў з яго паўвекавым юбiлеем, — падкрэслiвае Таццяна Песнякевiч. — Творчае жыццё ў Доме радыё кiпела. Ладзiлiся грамадска-палiтычныя акцыi, радыёмасты памiж гарадамi i краiнамi, рыхтавалiся спецыяльныя выпускi для Усесаюзнага радыё. У той час хорам Дзяржаўнага камiтэта Савета Мiнiстраў БССР па тэлебачанні i радыёвяшчанні кiраваў народны артыст СССР, прафесар Вiктар Уладзiмiравiч Роўда, сiмфанiчным аркестрам дырыжыраваў апантаны маэстра Барыс Iпалiтавiч Райскi. У iнтэрв'ю для маiх музычных радыёпраграм яны расказвалi пра справы ў творчых калектывах, дзялiлiся планамi, задумамi. Цiкава было слухаць расповеды пра жыццёвы шлях народнага артыста СССР Генадзя Iванавiча Цiтовiча. У даваенны час ён закончыў Вiленскую духоўную семiнарыю, а потым i Вiленскую кансерваторыю. Выпускнiком гэтых навучальных устаноў быў i Вiктар Роўда. Да апошнiх сваiх дзён абодва выбiтныя дзеячы культуры моцна сябравалi.

Генадзь Iванавiч з цеплынёй узгадваў пра народны хор калгаснiкаў, створаны iм у ляхавiцкай вёсцы Вялiкае Падлессе i пазней рэарганiзаваны ў Беларускi дзяржаўны ансамбль песнi i танца, а потым i ў Нацыянальны акадэмiчны народны хор Рэспублiкi Беларусь iмя Генадзя Цiтовiча. Такiя цiкавыя iнтэрв'ю з творчымi асобамi поўнiлi залаты запас Беларускага радыё.

— Ведаю, што вы былi ля вытокаў стварэння фальклорнай фанатэкi на Беларускiм радыё. Чым запомнiлiся першыя экспедыцыi да вясковых спевакоў?

— Памятныя яны не толькi багаццем сабранага матэрыялу, але i стаўленнем жыхароў глыбiнкi да культуры. Дагэтуль нiколi не даводзiлася бываць на Палессi. Кранула душу гаворка ў лельчыцкай вёсцы Слабадзе! Летнiм днём дабралiся ў гэты аддалены паўднёвы куток. Разгубiлiся мы ад таго, што на шырокай вясковай вулiцы, ды i на падворках нi душы. Аказалася, што ўсе ад малога да старога былi ў лесе. Год выдаўся багатым на грыбы i ягады. Да змяркання чакалi, пакуль збяруцца аматары спеваў. За поўнач закончылi запiс мясцовага фальклору.

Запомнiлася i вандроўка ў багатую на галасiстых спевакоў вёску Тонеж, пра якую склаўся жарт «не едзь у Тонеж, бо ад песень там патонеш». Адтуль родам быў народны артыст Беларусi, прафесар Мiхаiл Паўлавiч Дрынеўскi. У сельскiм клубе слыннага земляка створаны музей. А цi магчыма забыцца пра пераправу праз наравiстую раку Гарынь да аўтэнтычных спявачак са столiнскай вёскi Адвержычы? Шмат уражанняў засталося i ад сустрэч з галасiстымi жыхаркамi салiгорскай вёскi Ананчыцы. Марознаю зiмою да iх наведвалiся. Зырка ад холаду было ў клубе. Разагравалiся спевамi ды скокамi. Пасля запiсу фальклору кiраўнiк самадзейнага калектыву запрасiла ўсiх да сябе на вячэру. Частавалiся звычайнымi вясковымi стравамi з печы, так цудоўна прыгатаванымi, што смак баршчу i прасянай кашы дагэтуль помнiцца. Пакiдалi вёску, калi вечар ахутваў наваколле. Ад усыпанага зорамi неба i абсалютнай цiшынi замiрала сэрца. Агортвала пачуццё знаходжання ў незвычайным асяроддзi.

— На вашых вачах за паўстагоддзя значна памянялася тэхнiчнае аздабленне Дома радыё. Як гэта паўплывала на творчы працэс?
— Зараз на Беларускiм радыё самае сучаснае лiчбавае абсталяванне. Стала працаваць лягчэй, таму што любую iнфармацыю можна знайсцi ў iнтэрнеце. Гэта вельмі дапамагае ў працы. У Доме радыё выдатныя ўмовы для запiсу шматлюдных музычных калектываў, радыёспектакляў. Ме­на­вiта ў нашай студыi заслужаны калектыў Беларусi Акадэмiчны хор Белтэлерадыёкампанii запiсаў эталонную версiю гiмна Беларусi, якi двойчы на дзень гучыць на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i на ўсiх афiцыйных мерапрыемствах краiны.
Жывыя канцэрты класiкаў i iншыя ўзоры тэатральнага мастацтва гучаць на радыёканале «Культура», якi ўваходзiць у структуру Беларускага радыё.

— Па кансерваторскай адукацыi вы музыказнаўца. А якiм музычным iнструментам валодаеце?

— З малых гадоў прызвычайвалася да музыкi. Тады на вулiцах Мiнска з ранiцы да вечара працавалi радыёдынамiкi. Памятаю, у канцы працоўнага дня крочым з мацi дамоў, а з рэпрадуктара даносяцца класiчная цi народная мелодыя альбо песнi. I дома не змаўкала радыё. З яго ўсё i пачалося. Мацi аддала мяне ў музычную школу па класе фартэпiяна. Удзячна ёй за гэта. Вышэйшую музычную адукацыю атрымала ў Беларускай кансерваторыi.

Цяпер, калi за спiнаю амаль паўвека любiмай працы, звязанай з музычным мастацтвам, iншага занятку не ўяўляю. З ахвотаю рыхтую музычныя радыёпраграмы. Акрамя фальклорнай тэматыкi займаюся выпускам перадач класiчнай i сусветнай этнамузыкi. Выкарыстоўваем фондавыя запiсы сусветнага этнасу, якiх шмат захоўваецца ў нашай фанатэцы.

— Багатую калекцыю беларускага этнафальклору ў свой час сабрала доктар мастацтва­знаўства Зiнаiда Мажэйка. У сваёй твор­часцi на радыё вы ка­рысталiся яе здабыткамi?

— З Зiнаiдай Якаўлеўнай, а таксама Тамарай Барысаўнай Варфаламеевай i Iнай Дзмiтрыеўнай Назiнай шмат калясiлi ў фальклорных экспедыцыях па Беларусi i новымi запiсамi папаўнялi культурны фонд радыё. Першы такi маршрут праклалi на Любаншчыну.

З кiраўнiком раённага метадычнага цэнтра Сяргеем Выскваркам ездзiлi ад вёскi да вёскi. Запiсалi шэсць дыскаў фальклору. Былi i на вiцебскiм Паазер'i. Калясiлi па Расоншчыне. Запалi ў душу спевы тутэйшых жыхароў. У ваенны час у расонскiх лясах базiраваўся партызанскi атрад, у якiм змагаўся з ворагам Пётр Мiронавiч Машэраў. Там свята захоўваюць памяць пра мясцовых змагароў.

— Па чым вызначаеце свае творчыя маршруты?

— Асаблiва не трэба нiчога мудрагелiць. Беларусь багатая на музычную спадчыну. Што нi вёска, то асобны спеўны каларыт. У аддаленых ад гарадоў мясцiнах больш захавалася песенная культура. Значную дапамогу ў вызначэннi «спеўных» адрасоў нам аказвала сталiчны культуролаг Рэгiна Гамзовiч. Душой яна хварэе за гэту справу. Дзякуючы ёй запiсалi багаты фальклорны матэрыял у розных кутках нашай спеўнай краiны.

— Каб дазваляць сабе раскошу адпраўляцца ў творчыя вандроўкi, трэба мець трывалы тыл. У вас ён надзейны?

— З сям'ёю мне пашчасцiла. Мужам стаў аднакласнiк Аляксандр. З першага класа i да апошняга школьнага званка з iм сядзелi за адной партай. Пасля таго як ён закончыў бiяфак БДУ, а я кансерваторыю, пажанiлiся. Аляксандр Георгiевiч абаранiў кандыдацкую дысертацыю i выкладае на бiяфаку Белдзяржунiверсiтэта. Калi нашаму сыну Сяргею не было i года, не стала маёй мацi. Суседка Марыя Дзянiсаўна Шымко дапамагала яго глядзець. Спакойная, мудрая жанчына. У нашым гарадскiм дворыку, што ў цэнтры Мiнска, жыхары адзiн аднаго добра ведалi, сябравалi сем'ямi. I зараз мы там жывём, а вось суседзi ў пад'ездзе памянялiся. У сына шматдзетная сям'я. Пасля заканчэння бiяфака БДУ ён не пайшоў па слядах бацькi. Знайшоў сабе iншы занятак. Дзецi i ўнукi пастаянна наведваюць нас.

— Таццяна Пятроўна, вы сталiчная жыхарка. З вёскаю акрамя фальклору што вас звязвае?

— Каранi маiх продкаў. Мацi Марыя Фамiнiчна з мсцiслаўскай вёскi Колтава. У дзяцiнстве я там у сваякоў праводзiла летнiя канiкулы. Навокал вёскi непаўторная прыгажосць. З аселiцай межаваў прасторны луг, на якiм пасвiлiся каровы. Далей, на перакаце, узвышалiся беластволыя бярозы. Праз гады давялося сустрэцца з земляком мацi Уладзiмiрам Аляксандравiчам Цiханоўскiм у студыi Дома радыё на запiсе чарговай фальклорнай радыёперадачы. Ён прыехаў з фальклорным калектывам «Серпавiца» з любанскай вёскi Рачэнь. Калi зайшла гаворка, адкуль самадзейныя спевакi чэрпаюць натхненне, кiраўнiк адказаў, што родам ён з мсцiслаўскай вёскi Колтава. Пасля заканчэння Магiлёўскага культасветвучылiшча прыехаў працаваць у вёску Рачэнь i застаўся назаўсёды. Мясцовым спевакам перадаў унiкальны фальклор сваiх родных мясцiн. Узгадваў ён, як у часы маладосцi ў Колтаве збiралася на гуляннi ўся навакольная моладзь. Песнi надавалi настрою.

На радзiме бацькi Пятра Мiкiтавiча мне так i не давялося пабываць. Родам ён з Разанскай вобласцi, з тых самых ясенiнскiх краёў. I сёння там жывуць сваякi. Бацька з першага да апошняга дня прайшоў франтавымi шляхамi-дарогамi. У баях з ворагам атрымаў раненне. Запомнiлася, як садзiў мяне, пяцiгадовую, на канапу i замест цукерак частаваў нарэзанымi кубiкамi варанага сталовага бурака. Запiвала кампотам, якi ён цудоўна варыў з сушанай садавiны i апельсiнавых лупiн.

Калi бацька лячыўся ў ваенным шпiталi, мы з мацi наведвалi яго. Падпiсаў ён мне паштоўку, упрыгожаную кветачкамi. Усе школьныя гады беражлiва захоўвала яе. Не стала бацькi, калi мне было пяць гадоў. Запомнiўся яго запавет, каб ва ўсiм слухала мацi.

— У радыёперадачах вы цiкава расказваеце пра вясковых спевакоў, музыкаў, узгадваеце народныя традыцыi, звычаi. Адкуль такiя веды?

— Кожная камандзiроўка ў рэгiёны ўзбагачае ўражаннямi, нечым новым. За дзесяцiгоддзi творчай дзейнасцi назапашаны вопыт падрыхтоўкi такiх праг­рам. Шмат чытаю спецыяльнай лiтаратуры, занатоўваю пачутае ад цiкавых асоб. У народных спевах мяне прыцягвае натуральнасць. Людзi праз песнi выказваюць свае пачуццi. Заўважыла цiкавую рэч, калi ў радыёстудыю прыехалi вясковыя спявачкi на запiс фальклорнай праграмы. Арганiзавалi iх выступленне ў сталiчнай гасцiнiцы «Турыст». Падчас спеваў жанчыны на вачах памаладзелi. Гэта сапраўдная фантастыка. А як цудоўна яны спявалi, iх настрой тут жа перадаваўся прысутным!

— Такiя запiсы вы пастаянна выкарыстоўваеце ў аўтарскай радыёпраграме «Гасцiнец». Вы­со­кую папулярнасць сярод слуха­чоў мае i перадача «Сустрэча з песняй», якую з першага выпуску па сённяшнi дзень вядзе артыст Алег Вiнярскi. Тэксты спецыяльна для яго рыхтуеце?

— Праграма пабудавана на пiсьмах радыёслухачоў. Вядучы сваiм спакойным аксамітным голасам надае непаўторнасцi выпускам. Слухачы вельмi любяць яго за ўменне перадаць сэнс кожнага радка рэдакцыйнай пошты. А яна ў нас заўжды багатая. Штодзённа атрымлiваем пачкi лiстоў. Гэта сведчыць пра высокi рэйтынг праграмы. Паўтара дзесяцiгоддзi яна пастаянна выходзiць у эфiр. Скажу шчыра: чытаючы допiсы, столькi слёз пралiла. Людзi сваю душу адкрываюць, давяраюць самае патаемнае. Пiшуць хто ручкай, хто алоўкам, часта неразборлiвым почыркам, i кожны радок уважлiва чытаю, прапускаю праз сваё сэрца. У гэтыя майскiя днi мой стол завалены рэдакцыйнай поштай. За гады iснавання праграмы склалася пэўнае кола аўтараў, якiя пастаянна трымаюць з намi сувязь. Люблю чытаць радкi, напiсаныя Васiлём Васiльевiчам Калячкам з Бабруйска. Па стылі мяркую, што ён гiсторык. Захапляльна распавядае пра розныя падзеi, цiкавых асоб, узгадвае незвычайныя жыццёвыя сiтуацыi. Каб усе так пiсалi, то лягчэй працаваць было б над поштай. Даволi часта нам пiша жыхар вiцебскай вёскi Кабiшча Яўген Пятровiч Паварэха. Захапляльна распавядае ён пра сваiх землякоў, параўноўвае, як iм жылося раней i зараз. I гэта выклiкае ў iншых радыёслухачоў зваротнае жаданне. Нашы музычныя перадачы становяцца своеасаблiвым клубам аматараў радыё. Вось так з пiсьмаў ствараецца летапiс жыцця краiны. У допiсах кранаюць сэрца жыццёвыя дэталi.

— Аўтары пiсьмаў звычайна называюць i песню, якую хацелi б пачуць у эфiры. А якi з мноства музычных твораў ваш любiмы?

— Кожны чалавек у музыцы выбiрае тое, што яму патрэбна. Адзiн спявае, каб ад чагосьцi адхiнуцца, а другi — каб адпачыць. Пацверджаны лекавыя ўласцiвасцi музыкi: каб заспакоiцца, варта слухаць Моцарта, хтосьцi слухае музыку з мэтай засяродзiцца i вырашыць нешта галоўнае ў сваiм жыццi. Колькi людзей, столькi i меркаванняў. Увогуле, песня дае выхад для энергii i душы. У музычным мастацтве мяне больш кранае джаз. З прыемнасцю слухаю фальклорных выканаўцаў, класiчную музыку. Бывае, што днямi не пакiдае цябе ўразлiвая мелодыя. Адкрыю сакрэт: у чарговай праграме «Сустрэча з песняй», якая выйдзе ў эфiр 13 мая, першым музычным падарункам слухачам будзе песня Уладзiмiра Карызны «Азёры дабрынi» ў выкананнi заслужанай артысткi Беларусi Валянцiны Пархоменкi. Папрасiла перадаць гэты твор слухачка з Гомеля. Да выхаду на заслужаны адпачынак яна працавала на гомельскай швейнай фабрыцы «Камiнтэрн». У вольны ад працы час у калектыве пад гармонiк спявалi. Асаблiва любiмай была песня, назву якой аўтар пiсьма забыла i ўзгадала толькi радок: «А крынiца поўная стаяла». Вядома, што гэта словы з песнi «Азёры дабрынi». Часта ў сваiх лiстах радыёслухачы ўзгадваюць фрагменты музычных твораў, мы амаль заўсёды адшукваем iх у нашай багатай фанатэцы.

— У ХХI стагоддзi, калi свет агарнула ўрбанiзацыя, якiм вам бачыцца будучае беларускага фальклору ў радыёэфiры?

— Раней скептычна на гэта гля­дзела, зараз усё больш спа­дзяванняў, што фальклор застанецца. Усё, што сапраўднае, мае будучыню. У нашай краiне шмат музычных калектываў з самымi роз­нымi кiрункамi дзейнасцi. Многiя апрацоўваюць фальклор у этнастылi. Iншыя захоўваюць аўтэнтыку. Культурная спадчына перадаецца. Вядомы беларускi музыкавед, доктар мастацтвазнаўства Зiнаiда Мажэйка ў навуковым даследаваннi пра песенную культуру звярнула ўвагу, што ў асноўным спяваюць жанчыны старэйшага пакалення. Але настае момант, калi ў iх эстафету падхоплiваюць маладзейшыя спявачкi i ўпэўнена нясуць яе далей.

— У нашай газеты дэвiз: «Пишем и пашем вместе», а на Беларускiм радыё якi?

— Наш дэвiз «Будзем разам!» таксама заклiкае да еднасцi. Нас усiх хвалюе, што вакол краiны адбываецца. Жыву спадзяваннем на лепшае.

— Ваш любiмы час года?

— Пасля летняга цяпла звычайна ў чаканнi шчодрага месяца жнiўня. У гэты час ажыўлена на хлебных нiвах. Навокал пануе водар новага ўраджаю. I зроблены ў вясковай печы з новага зерня хлеб. Духмянасць яго незабыўная. Хлеб дае нам жыццё. У гэтае слова ўкладзена многае: радзiма, зямля, бацькi, радавод, твая сям'я.

— Сёння Беларускае радыё — гэта…

— …новыя тэхналогii, праграмы, творчыя работнiкi. Часцей гучыць думка, што ўсё пойдзе ў лiчбавую прастору i радыё будзе ў iншым фармаце. На нашым вяку не стала праваднога радыё. Людзi пачалi скардзiцца, чаму яно знiкла. Нам пiшуць, што радыё нiколi не загiне i гэта абнадзейвае, што праца радыёжурналiстаў не марная, яна запатрабаваная ў грамадстве.

— Шаноўная Таццяна Пятроўна, дзякуй за iнтэрв'ю. Дазвольце павiншаваць вас i ўсiх вашых калег з прафесiйным святам — Днём радыё i тэлебачання i пажадаць усiм вам здароўя, новых творчых здзяйсненняў!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter