“Мастацкай літаратуры” – 50. Чым сёння жыве адно з буйнейшых выдавецтваў краіны?

Працягвае працу па выданню твораў Уладзіміра Караткевіча і Янкі Брыля і стварае новыя літаратурныя праекты

Сёлета “Мастацкай літаратуры” спаўняецца 50 гадоў. Адлік – з 1972 года, калі на аснове дзвюх рэдакцый выдавецтва “Беларусь” было створана новае выдавецтва. Сёння “Мастацкая літаратура” – гэта своеасаблівае люстэрка, у якім адлюстроўваецца ўвесь сучасны літаратурны працэс, адзначае дырэктар выдавецтва, вядомы пісьменнік і публіцыст Алесь Бадак:

– Невыпадкова мы гаворым пра тое, што “Мастацкая літаратура” мае самае непасрэднае дачыненне да стварэння летапісу краіны. Мы па-ранейшаму імкнемся ўплываць на літаратурны працэс, развіваць тыя ці іншыя жанры і накірункі айчыннай літаратуры, падтрымліваць маладых аўтараў. Дарэчы, іх першыя творы можна знайсці ў альманахе “Першацвет”, дзе друкуюцца дэбютанты, а таксама ў кнігах серыі “Час 21”, якая прысвечана творчасці аўтараў XXI стагоддзя.


За 50 гадоў існавання выдавецтва свет пабачыла больш за 5 тысяч найменняў кніг – і гэта досыць шмат, звяртае ўвагу Алесь Мікалаевіч:

– У 1972 годзе, то бок у першы год існавання выдавецтва, у ім выйшла 106 найменняў кніг. 50 гадоў – гэта можа не так шмат у чалавечым лёсе, але для літаратуры гэта вельмі добры ўзрост. Мы ацэньваем гэты перыяд нашымі дасягненнямі, а дасягненні за 50 гадоў у нас вялікія і значныя. Ужо ў 1972 годзе былі абазначаны прыярытэты “Мастацкай ліатаратуры”: перавыданне твораў класікаў, выданне новых твораў, а таксама крытыка, публіцыстыка і пераклады. У 1972 годзе пачалося выданне збораў твораў Якуба Коласа ў 14 тамах і Кузьмы Чорнага ў 8 тамах. Асаблівую ўвагу ўдзялялі выданню выбраных твораў пісьменнікаў. Чаму гэта было важна? Таму што аўтары пішуць шмат – і выдаюцца таксама шмат. І далёка не кожны чытач заўсёды можа зарыентавацца: а што лепшае ў таго ці іншага пісьменніка альбо паэта? Таму вось менавіта гэтыя зборнікі выбраных твораў дазваляюць чытачу сканцэнтраваць увагу на найбольш цікавых творах.


Алесь Бадак прыводзе такія лічбы: у 1972 годзе раман “Плач перапёлкі” Івана Чыгрынава выйшаў тыражом 14 тысяч асобнікаў, “Хрыстос прызямліўся ў Гародне” Уладзіміра Караткевіча – тыражом 10 тысяч асобнікаў, аповесці Васіля Быкава “Абеліск” і “Сотнікаў” пад адной вокладкай – тыражом 20 тысяч экзэмпляраў.

– Сёння гэтыя творы – ужо класіка беларускай літаратуры. І такія лічбы ў дадзеным выпадку – гэта не сухая матэматыка. Гэта сведчанне таго, наколькі беларуская літаратура была цікавай і запатрабаванай, яе ведалі далёка за межамі нашай краіны. Безумоўна, тагачасныя тыражы нельга параўноўваць з сучаснымі. Сёння не так шмат чытачоў, як было некалі. Бо кніга, на жаль, перастала быць аб’ектам першай неабходнасці. Але інтарэс да яе па-ранейшаму ёсць.



Нядаўна калектыў “Мастацкай літаратуры” скончыў працу па выданню збораў твораў Івана Шамякіна і Івана Навуменкі. Працягваецца праца па выданню твораў Уладзіміра Караткевіча і Янкі Брыля, дадае Алесь Мікалаевіч:

– Паралельна мы зрабілі новы праект пад назвай “Народная бібліятэка”. Гата выбраная творы Якуба Коласа ў 12 тамах, Васіля Быкава і Янкі Купалы ў 2 тамах, а таксама аднатомнік Максіма Багдановіча, які, на жаль, не пакінуў нам вялікую літаратурную спадчыну. Чаму праект называецца “Народная бібліятэка”? Таму што ў кнігі ўключаны творы, якія запатрабаваны чытачамі. Мы праводзілі апытанку сярод бібліятэкараў, пісьменнікаў, студэнтаў… На аснове гэтага апытання выбралі самыя любімыя беларускімі чытачамі творы. Спадзяюся, калісьці ў гэтай серыі будуць і кніжкі нашых сучасных празаікаў і паэтаў.


Сярод самых запатрабавных выданняў выдавецтва – “Дзіцячы атлас Беларусі”, узгадвае Алесь Бадак:

– Выйшла ўжо трэцяе выданне. Першапачаткова “Дзіцячы атлас” быў самастойнай кніжкай, але набыў такую папулярнасць, што мы прадоўжылі, умоўна кажучы, гэтую серыю і падрыхтавалі кнігі пра звяроў Беларусі, пра легенды і паданні, крэпасці і замкі і гэтак дадей. Таксама вельмі добра разыходзіцца серыя “100 вершаў”. Пачалі з кнігі Міхася Старльцова і зараз працягваем іншымі класікамі. Ёсць у серыі і калетыўныя зборнікі, прысвечаный, напрыклад, маці, вайне, Беларусі.

Нагадаем, “Мастацкая літаратура” выдае не толькі кнігі, але і літаратурныя часопісы. Гэта “Маладосць”, “Нёман” і “Полымя”, якія нарошчваюць публіцыстычны, літаратурны, інтэлектуальны і навукова-даследчы патэнцыял і адлюстроўваюць сучасны стан літаратуры. Намеснік дырэктара “Мастацкай літаратуры”, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп працуе ў выдавецтве ўжо 18 гадоў:



– На той час штат быў 45 чалавек, з іх 12 – рэдактары, якія працавалі над кніжкамі. Час змяніўся. Змяніліся і патрабаванні для тых, хто зараз прыносіць рукапісы. Спачатку публікуем творы ў часопісах, пасля ўжо могуць выйсці самастойныя кніжкі. На жаль, публіцыстаў і крытыкаў сёння не шмат, усе хочуць быць майстрамі мастацкага слова.

Дырэктар інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы пры Нацыянальнай акадэміі навук доктар філалагічных навук Іван Саверчанка дапаўняе:

– Славутыя літаратурныя традыцыі выдавецтва калектыў “Мастацкай літаратуры” працягвае і сёння, працуючы прафесійна, сумленна і на карысць краіны і культуры. Вельмі цешыць тое, што беларуская літаратура не страчвае пазіцыі ў жыцці грамадства і працягвае місію эстэтычнага выхавання грамадзян. Але гэтым місія літаратуры не абмяжоўваецца. Яна таксама кансалідуе грамадства.



Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы выдае зборы твораў супольна з “Мастацкай літаратурай” – і гэта ўнікальная з’ява. Бо што для пісьменніка самае важнае? Каб яго спадчына была падсумавана, падкрэслівае Іван Васільевіч:

– Гэта сэнс яго жыцця. І мы разам робім гэтую велізарную працу. Дарэчы, і наш інстытут, і выдавецтва добра падрыхтаваліся да Года гістарычнай памяці. Выданне твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы – гэта таксама частка нашай гістарычнай памяці. Навука – гэта стрыжань. Яна павінна ісці калі не наперадзе, то побач з літаратурай.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter