Малоткавічы – радзіма продкаў генеральнага дырэктара карпарацыі “Майкрасофт” Сцівена Балмера

Малоткавічы: тут белыя бусліхі і мудрыя дзяды

Размешчанае непадалёку ад старажытнага Пінска мястэчка Малоткавічы ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў 1471 годзе як уладанне ўдавы кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча княгіні Марыі Іванаўны Гаштольд. Звесткі пра паселішча ёсць і ў прывілеях вотчыны роду Анцушковічаў, які меў свой двор і іншую ўласнасць ад вялікага князя Вітаўта і караля Сігізмунда.


У Вялікім Княстве Лі- тоўскім Малоткавічы адносіліся да Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. Уладарылі імі заможныя Шчэпы, ад якіх праз суд і падтрымку каралевы Боны паселішча перайшло Алізарам, ад іх – Журавіцкім. Права на валоданне маён- ткам прад’яўляў луцкі грэка-каталіцкі святар Кірыла Цярлецкі. Праз суды дабіваліся ўладання Фядковічы, Валадковічы, Самюэль Бжэскі, харунжы Ежы Завацкі, граф Ігнацій Красіцкі. У вёсцы дзей- нічалі народнае вучы- лішча, праваслаўная царква Параскевы Пятніцы, якая захавалася да нашых дзён і ахоўваецца дзяржавай як гісторыка-культурная каштоўнасць. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Малоткавічы ўвайшлі ў склад маёнтка Жабчыцы паноў Красіцкіх Пінскага павета Мінскай губерні. Праз стагоддзе становяцца дзяржаўнаю вёскаю, у якой новыя гаспадары пабудавалі вінакурню, пераабсталяваную ў вінаробчы завод, а потым — у кандытарскі цэх, які і сёння працуе.

Развіццю паселішча са- дзейнічала пралеглая праз яго чыгунка Брэст—Пінск. Побач з Малоткавічамі праходзіць Дняпроўска- Бугскі канал, які злучае рэкі Заходні Буг і Прыпяць.

У трыццатыя гады мінулага стагоддзя каля вёскі пабудавалі ваенны аэрадром, які фашысцкія бамбардзіроўшчыкі знішчылі ў першы дзень вайны. Ад выбуху бомб згарэла палова вёскі. Акупантам не давалі спакою партызаны і падпольшчыкі. Усталяваны помнік на брацкай магіле, дзе пахаваны савецкія воіны і народныя мсціўцы, што загінулі пры вызваленні Малоткавіч ад гітлераўцаў.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр КУРЫЛЬЧЫК і дырэктар сярэдняй школы Дзмітрый ТАРАСЁНАК

З 1955 па 1957 год Малоткавічы — раённы цэнтр Брэсцкай вобласці. У 2007 годзе атрымаў статус аграгарадка і стаў цэнтрам ААТ “Малоткавічы”. Тут жылі продкі генеральнага дырэктара карпарацыі “Майкрасофт” Сцівена Балмера.

ДА аднапавярховых, патанаючых у буйной зеляніне садоў Малоткавіч, куды паклікала мяне чарговая вандроўка, падбіраюцца катэджныя забудовы Пінска. Аграгарадок выцягнуты ўздоўж чыгункі Брэст—Гомель. Адсюль адпраўляюцца транзітныя пасажырскія саставы ў Брэст, Гомель, Мінск, Маскву. У былыя гады летам курсіраваў поезд Брэст—Кіеў. З першых дзён мая адкрылася навігацыя па Дняпроўска-Бугскім канале, што перасякае тэрыторыю сельсавета за вёскай Дамашыцы. Па некалькі разоў на дзень ладзіць рачныя круізы пасажырскі цеплаход “Белая Русь”. Асабліва папулярны водны маршрут па Беларускім Палессі сярод расійскіх турыстаў. 

Стараста Малоткавіч Вера ЯКУБЧЫК

З вокнаў кабінета старшыні Пінскага райсавета дэпутатаў Іосіфа Гузіча, да якога завітаў перад адпраўленнем у Малоткавічы, як на далоні – сутокі паўнаводных Піны і Прыпяці, бязмежная зарэчная пойма і высокі жалезабетонны мост праз раку, па якім няспынна рухаюцца грузавыя, легкавыя аўтамашыны. Іосіф Іванавіч, перахапіўшы мой позірк, удакладніў, што ў міжсезонне толькі праз гэты мост можна дабрацца ў зарэчныя населеныя пункты Малоткавіцкага сельсавета. З вясны і да першых маразоў кругласутачна працуе паромная пераправа. 

ПА дарозе ў Малоткавічы са старшынёю сельвыканкама Аляксандрам Курыльчыкам збочылі да ракі. Цыбатыя буслы адмервалі крокамі прыбярэжную нізіну, выхопліваючы з мелкаводдзя сваю здабычу. Некалькі мужчын на пароме перабіралі драўлянымі прыстасаваннямі па нацягнутым паміж берагамі металічным тросе. Рака нешырокая, цячэнне павольнае. За лічаныя мінуты паром пераадольвае раку.

Амаль 70 гадоў разам Іосіф і Ганна СТАЛЯРЧУКІ

Берагавы матрос Віктар Серада расказаў, што раней працаваў механізатарам у гаспадарцы. Другі сезон кіруе пераправай. Яшчэ чатыры паромшчыкі пазменна тут нясуць вахту. Вяскоўцы Кончыц, Жытнавіч, Вялікай Вулькі, Ізіна задаволены, што ў любы час можна дабрацца да сельвыканкама. У зарэчных вёсачках засталіся ў асноўным пенсіянеры. Старшыня і спецыялісты сельвыканкама наведваюцца да іх, цікавяцца справамі, калі неабходна – дапамагаюць. За адзінокімі састарэлымі вяскоўцамі замацаваны сацыяльныя работнікі. 

Дбае пра пенсіянераў і кіраўніцтва ААТ “Малоткавічы”. Часта бывае ў зарэчных вёсках кіраўнік Васіль Клімавец. Асабліва зараз, калі пачалася нарыхтоўка кармоў. Праз паром пераправілі тэхніку. Механізатару Андрэю Анечкіну на корманарыхтоўчым камбайне КВК-800 і Андрэю Касцечку на касілцы прадстаіць скасіць травы на 900 гектарах. Сянажную масу трамбуюць у траншэі каля вёскі Жытнавічы. Зімою паромную пераправу заменіць пантонны мост і па ім фураж даставяць на жывёлагадоўчыя фермы. Хлебныя нівы гаспадаркі — паабапал Малоткавіч.

Берагавы матрос паромнай пераправы Віктар СЕРАДА

НА ўскрайку аграгарадка размешчана Пінская зверагаспадарка Белспажыўсаюза, дзе вырошчваюцца норкі дзясятка колераў. Да клетак, у якіх ўтрымліваюцца звяркі, падыходзіць забаронена. Пачалося масавае папаўненне пагалоўя. Норка — жывёла далікатная, любіць цішыню і спакой. Тэрыторыя гэта пільна ахоўваецца. 

Намеснік дырэктара прадпрыемства Дзмітрый Старадубаў, з якім сустрэліся, адзначыў, што прадукцыя зверагаспадаркі запатрабаваная. Выпрацаванае па тэхналогіі футра пастаўляецца на расійскі аўкцыён пушніны, які ладзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Трывала зацвердзілася малоткавіцкая пушніна і на міжнародным футравым аўкцыёне ў Хельсінкі. Прадпрыемства развіваецца. 270 чалавек маюць тут працу.

Прафесіі трактарыста, вадзіцеля аўтамабіля, машыніста экскаватара, агародніка, повара і іншыя атрымліваюць тры сотні навучэнцаў Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці, які размешчаны на тэрыторыі сельсавета ў вёсцы Жабчыцы. Выпускнікі штогод папаўняюць працоўныя калектывы раёна.

Намеснік дырэктара зверагаспадарк і Дзмітрый СТАРАДУБАЎ і намеснік галоўнага бухгалтара Лілія ПУКОВІЧ

Развіваецца на тэрыторыі сельсавета і фермерства. Тры гаспадары спецыялізуюцца на вырошчванні клубніц, гародніны. 

РАБОЧЫЯ прафесіі атрымліваюць амаль дзве сотні выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната, што размешчана ў маляўнічым кутку аграгарадка. Пяць гадоў таму школа займела замежных інвестараў. Дырэктар Вячаслаў Ізотаў узгадвае, што пачалося ўсё з візіту ў Малоткавічы па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі Беларусі дарадцы пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі Паўла Еса. Наведваў школу-інтэрнат і былы пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. Было вырашана дапамагчы ў адкрыцці керамічнай майстэрні, каб навучэнцы засвоілі выраб сувеніраў з гліны. Для рэалізацыі іх адкрылі кіёск. 

Пасля чарговага наведвання школы-інтэрната польскія інвестары фінансава дапамаглі ў стварэнні вучэбнай багетнай майстэрні. Праз год адкрылася міні-вытворчасць па зборцы і вырабе корпуснай мэблі. Былі змайстраваны тумбачкі, сталы, шафы для патрэб школы. Збіраецца мэбля і на продаж.

Ляснічы Малоткавіцкага лясніцтва Андрэй ТАЛКАВЕЦ

Летась палякі выдзелілі дадаткова 150 тысяч еўра на будаўніцтва вытворчага корпуса, у якім застануцца працаваць выпускнікі. 

Для дзяўчынак адкрылася швейная майстэрня, дзе яны авалодваюць прафесіяй. За год яе дзейнасці забяспечаны патрэбы школы-інтэрната ў спальнай бялізне.

За сродкі інвестараў рэканструяваны стары будынак, у якім рабочыя выпускаюць тратуарную плітку, а вучні дапамагаюць і адначасова авалодваюць навыкамі мастаўшчыка. 

Саюз сельскіх гмін Падляскага ваяводства Польшчы адкрыў і майстэрню халоднага кавання металу. Вопытныя спецыялісты навучаюць падлеткаў кавальскай справе. 

Шматдзетная сям’я Таццяны і Віталя ЛІТВІНЧУКОЎ

За пяцігоддзе атрымана дапамога амаль на трыста тысяч еўра. Добраўпарадкавана тэрыторыя школы-інтэрната. Увогуле, кожны закутак аграгарадка выглядае прывабна. Падтрымліваецца парадак на падворках, у грамадскіх мясцінах. 

СТАРАСТУ Малоткавіч Веру Якубчык засталі за палівам кветнікаў каля будынка сельвыканкама. Дзякуючы такім старанным жыхарам зялёныя газоны, алеі дрэў, сады і кветнікі ўпрыгожваюць аграгарадок. 

Сапраўдны дэндрарый акружыў будынак лясніцтва. Тут мы ўбачылі рэдкія заморскія пароды дрэў і кустоў: спірэю японскую, магонію падубалісцевую, снежнаягаднік, фарзіцыю звычайную, піхту белую, аксаміт амурскі, розныя віды ліп, бяроз, дубоў. Каля кожнага экзатычнага экзэмпляра – таблічка з назвай і кароткімі звесткамі пра яго. 

Настаўнік фізкультуры Аляксей КАХНЮК і сямікласніца Яніна ТРУШКО

Невялікі калектыў абслугоўвае амаль дзве тысячы гектараў лесу, большая частка якога – хваёвыя пароды. 35 працуючых у лясніцтве на чале з Андрэем Талкаўцом за вясну пасадзілі 60 гектараў сасны, бярозы, клёна. 

Дзейнічаюць у Малоткавічах ААТ “Пінскі мехтранс”, філіял ДРБУ-104 і іншыя арганізацыі і ўстановы. У асноўным кандытарскую прадукцыю выпускае ААТ “Пінскі вінаробчы завод”. Два дзясяткі рабочых у цэху дрэваапрацоўкі Пінскага лясгаса.

НА пілараме працаваў да выхаду на пенсію ветэран вайны і працы Іосіф Сталярчук з суседняй вёскі Дамашыцы, на падворак якога наведаліся. Павіталіся з гаспадыняй Ганнай Васільеўнай, што прысела на лаўку каля квітнеючага бэзу. Ногі не слухаюцца. Ратуе спецыяльная стойка. Дачка Раіса дапамагае састарэлым бацькам. З кавелькай з дому выйшаў Іосіф Рыгоравіч. Пачаліся ўспаміны аб перажытым за доўгі век.

Настаўніцы Вольга ЛОКУН і Ганна КАРЫПАНАВА-БУРЧУК

Пасля вызвалення Піншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яго прызвалі ў армію. Пачаў службу з вывучэння кулямётнай справы ў вучэбнай дывізіі, што размяшчалася ў вызваленым Мінску. З 1-м Беларускім фронтам прайшоў да нямецкага горада Лінда, дзе ў баі быў кантужаны. Лячыўся ў ваенным шпіталі польскага горада Пулавы. Там сустрэў Перамогу. 

За баявыя дзеянні Іосіф Рыгоравіч адзначаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і чатырма баявымі медалямі. Вярнуўся на родную Піншчыну.

Ветэрана вайны і працы запрашаюць на сустрэчы з моладдзю. Базавую школу ў Дамашыцах плануецца на наступны год аб’яднаць з Малоткавіцкай сярэдняй, дзе зараз звыш 400 вучняў. Кожны год колькасць іх павялічваецца. Малоткавічы і навакольныя вёскі прырастаюць новымі сядзібамі. Пасля пракладкі газаправода ў зарэчную вёску Жытнавічы пінчане выкупілі там усе пустуючыя ўчасткі. Летась праз аўкцыён у сельсавеце прададзена пяць сядзіб і сёлета ўжо тры. Новыя вуліцы забудоўваюцца ў вёсках Дамашыцы і Чарнеявічы. За мінулыя два гады сельсаветам раздадзены пад сядзібы каля сотні ўчасткаў. Два дзіцячыя сады перапоўнены.

Школьныя спартсмены Мікіта ХМЯЛЕЎСКІ і Уладзіслаў БАНДАРЭНКА

Ёсць каму жыць і працаваць у гэтым куточку Палесся, якому прысвяціла вершаваныя радкі зямлячка — вядомая беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц: 

Прыедзь у край мой ціхі 

Праз доўгія гады.

Тут белыя бусліхі

І мудрыя дзяды…

Пінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter