Музей Дугі Струвэ ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы папоўніўся рарытэтнымi геадэзічнымі прыладамі

Крокi па карце

Легендарная Дуга Струвэ, якая аб’яднала 265 пунктаў дзесяці краін свету і працягнулася ад Белага да Чорнага мора, яшчэ ў 2005 годзе папоўніла Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. З цягам часу геадэзічны аб’ект не перастаў здзіўляць сведкаў своеасаблівым каларытам і навінкамі. Так, у 2012 годзе ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы пачаў дзейнічаць першы і адзіны музей у краіне, прысвечаны Дузе Струвэ. З тых часоў установа насычалася інфармацыяй пра аб’ект ды культуру з традыцыямі рэгіёнаў тых дзяржаў, якія праляглі праз дугу, прапаноўвала турыстам віртуальнае падарожжа па адметных геадэзічных пунктах. Сёння ж падарожнікі могуць азнаёміцца з выключнай экспазіцыяй, куды ўвайшлі разнастайныя прылады для геадэзічных вымярэнняў.

Хвілінка гісторыі

Дуга СТРУВЭ даўно знаходзіцца ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Дуга Струвэ агульнай працягласцю дзве тысячы восемсот дваццаць кіламетраў стваралася яшчэ ў XIX стагоддзі з мэтай развiцця картаграфіі. А потым выкарыстоўвалася для больш глабальнай задачы — дапамагала географам вызначыць сапраўдныя памеры і форму Зямлі. Так, геадэзічны аб’ект аб’яднаў дзесяць краін свету, пачынаючы з Нарвегіі і заканчваючы Украінай. 

Аўтамабіль пад’язджае да Тупішскай гары — аднаго з пунктаў Дугі Струвэ. Перад вачыма ва ўсёй красе паўстае мясцовая ўзгорыстая прастора. Мяне суправаджае метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, дарэчы, да бяспамяцтва ўлюбёны ў гісторыю і традыцыі роднага краю ўраджэнец Ашмяншчыны. 

Згодна з гістарычнымі звесткамі, праз тэрыторыю нашай краіны ў свой час праходзіла аж трыццаць чатыры пункты дугі, аднак на сёння знойдзена толькі дваццаць. Усе яны ўнесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны, а каля пяці з іх, што знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА, устаноўлены памятныя гранітныя знакі. 

Тупішская гара, на якую давялося паднімацца пешшу, узвышаецца на трыста адзінаццаць метраў над узроўнем мора. А над самай высокай яе кропкай узнялася своеасаблівая трубчастая піраміда. 

— У кожнай краіны пункты Дугі Струвэ адзначаюцца адметнымі знакамі. У нас гэта вось такія своеасаблівыя маякі-піраміды. Увогуле на тэрыторыі Ашмянскага раёна размясціліся цэлыя тры пункты сусветна вядомага геадэзічнага аб’екта, — уводзіць у курс справы Сяргей Жылік па дарозе ў Гальшаны. — Сёння наша ўвага сканцэнтравана на развіцці адзінага ў краіне музея Дугі Струвэ. З 2012 года мы сабіралі інфармацыю па звычаях і асаблівасцях кожнай з дзесяці краін, якія маюць дачыненне да аб’екта. Сёння ж установа папаўняецца геадэзічным матэрыялам. 

Сяргей ЖЫЛІК.

Па слядах унікальнага музея

Музей Дугі Струвэ размясціўся на другім паверсе Гальшанскай сельскай бібліятэкі і заняў два прасторныя пакоі. Чаму выбрана менавіта гэтае месца? Справа ў тым, што супрацоўнікі бібліятэкі зацікавіліся біяграфіяй знакамітага земляка Іосіфа Ходзькі. У маладосці ён уваходзіў у таемнае таварыства філаматаў і сябраваў з Адамам Міцкевічам, пазней стаў геадэзістам, географам і картографам з сусветным імем, удзельнічаў у экспедыцыі Васіля Струвэ. 

Спецыялісты пачалі збіраць інфармацыю пра геадэзічны аб’ект і папулярызаваць яе сярод мясцовых жыхароў. Сёння ў музеі сабраны каштоўны гістарычны матэрыял пра культуру і традыцыі тых рэгіёнаў, якія ўвайшлі ў геадэзічную лінейку. Таксама тут прадстаўлены каардынаты ўсіх пунктаў дугі, партрэты яе стваральнікаў Карла Тэнера, Васіля Струвэ і Іосіфа Ходзькі, геаграфічныя карты і кнігі. Супрацоўнікі бібліятэкі праводзяць бясплатную экскурсію на трыццаць хвілін. Гэта своеасаблівы аповед пра гісторыю стварэння музея і відэападарожжа на пункт Тупішкі. 

Згодна з гістарычнымі звесткамі, праз тэрыторыю нашай краіны ў свой час праходзіла аж трыццаць чатыры пункты дугі, аднак на сёння знойдзена толькі дваццаць.

Зусім нядаўна віртуальны тур і багатая фотагалерэя музея папоўніліся разнастайнымі геадэзічнымі прыладамі.

— Усе гэтыя прылады вельмі ўнікальныя. Вось гэтыя, напрыклад, адносяцца да першай паловы ХХ стагоддзя. Іх нам падарылі шведскія партнёры пасля міжнароднай канферэнцыі. З дапамогай вось гэтых з XIX стагоддзя Васіль Струвэ з аднадумцамі праводзілі вымярэнні. А вось гэтыя прылады 1950—1980-х гадоў больш удасканаленыя, — расказвае пра навінкі ўстановы Сяргей Жылік. 

Экспазіцыя ўсё яшчэ папаўняецца новымі лінейкамі, штатывамі, цыркулямі, транспарцірамі, компасамі і больш спецыфічнымі геадэзічнымі прыладамі. Мэтавую накіраванасць кожнай з іх цяжка вызначыць з першага погляду, таму ў бліжэйшы час супрацоўнікі музея будуць прыцягваць вузкіх спецыялістаў і займацца падрабязным апісаннем экспанатаў. У будучым музей мае ўсе шансы стаць дадатковым пунктам для наведвання не толькі для выпадковых падарожнікаў, але і для прафесіяналаў. 

ДАВЕДКА

Геадэзічная дуга Струвэ — сетка з 265 трыянгуляцыйных пунктаў (2820 км), якая перасякае з поўначы на поўдзень 10 дзяржаў (Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю, Расію, Эстонію, Латвію, Літву, Беларусь, Украіну і Малдову). Стваралася з 1816 па 1852 год з мэтай вызначэння памераў Зямлі. Названа па імені стваральніка — расійскага астранома Васіля Якаўлевіча Струвэ. На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў праходзілі вымярэнні, і было даказана, што Зямля мае форму не ідэальнага шара, а эліпсоіда. 

veronulas@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter