Ад чаго пайшла назва Краснае?

Краснае: песня вясны лебядзіная

АЖЫЎЛЕНАЯ аўтамагістраль з Мінска на Нарач пралягае праз мястэчка Краснае, якое раней мела назву Краснае Сяло. У пісьмовых крыніцах яно ўпершыню ўзгадваецца ў другой палове ХV стагоддзя як уладанне вялікіх князёў літоўскіх, мела статус мястэчка і цэнтра павета. Велічна ўзвышаўся на адным з пагоркаў яго гатычны касцёл. 


Згодна з адміністрацыйнай рэформай другой паловы ХVI стагоддзя, паселішча ўвайшло ў Мінскае ваяводства і пазней стала цэнтрам стараства, а потым воласці. 

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Краснае апынулася ў Вілейскім павеце Расійскай імперыі. Адкрыліся народнае вучылішча, дзве школы для сялянскіх дзяцей. Дзейнічалі пошта і фельчарскі пункт. Упрыгожыла мястэчка белакаменная царква, пабудаваная ў рэтраспектыўна- рускім стылі. Падобныя храмы атрымалі назву “мураўёўскія”. 

Пасля маніфеста 1905 года, які абвясціў свабоду рэлігіі ў Расійскай імперыі, на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалі будавацца неагатычныя каталіцкія храмы. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі паўстаў у Красным. 

Кіраўнік справамі сельвыканкама Алена ШЫКАВА і натарыус Таццяна СЦЕФАНЕНКА

Не абмінулі мястэчка ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам паселішча адышло да Польшчы і стала цэнтрам гміны Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства. Тут размясцілася гарнізонная сядзіба батальёна Корпуса аховы памежжа. Пасля ўваходу ў склад БССР Краснае ў 1940 годзе атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу. 

Крывавы след пакінулі ў ім нямецка-фашысцкія захопнікі, якія закатавалі і спалілі 2000 жыхароў. На месцы трагедыі ўстаноўлены помнік. На мемарыяльных дошках трох брацкіх магіл выбіты прозвішчы савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні Краснага. У ваеннай аперацыі асабліва вызначыўся танкавы экіпаж Героя Савецкага Саюза Рыгора Кіяшкі. Помнікам ушанаваны генерал Карбышаў.

Старшыня сельвыканкама Валянціна КІСЕЛЬ

У пасляваенныя гады ў Красным, якое зноў стала вёскай Маладзечанскага раёна, пачалі дзейнічаць кансервавы завод, ільнозавод, лясгас, збожжапры- ёмны пункт, хімічны цэх і лесазавод прамкамбіната, каўбасны цэх, саўгас, які пазней быў рэарганізаваны ў КСУП “Відзеўшчына”.

КРЫЖЫ мураванага з чырвонай цэглы касцёла і белакаменнай царквы з раніцы зіхацелі ў сонечных промнях. Ажыўлены паток аўтатранспарту раз-пораз спыняў устаноўлены святлафор. Чародка хлопчыкаў і дзяўчынак, дачакаўшыся зялёнага сігналу, прабегла праз дарогу да школьнага двара. Прыгожы будынак сярэдняй школы побач з сельвыканкамам, перад якім кіпеў гандаль ля перасоўнага фургона. На вітрыне вабілі вока разнастайныя мясныя далікатэсы. Маладзенькая гандлярка ўвішна абслугоўвала пакупнікоў. На пляцоўку пад’ехаў незвычайнай канструкцыі трактар. Гаспадар яго, які сваімі рукамі змайстраваў такі агрэгат з невялікім кузавам, Руслан Кіргізаў ахвотна пачаў расказваць пра сябе. Нарадзіўся ва Уладзімірскай вобласці Расіі, з маці потым вярнуліся да сваякоў у Беларусь. Пасля школы працаваў трактарыстам, зваршчыкам у сельгаспрадпрыемстве “Відзеў- шчына”. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Наталляй Сініцкай, якая працавала на збожжатаку. Гаспадарка выдзеліла маладым катэдж у аграгарадку Відзеўшчына. Пайшлі дзеткі. Шасцёра іх цяпер у Кіргізавых. Адчувальна для сям’і дзяржаўная падтрымка.

Галоўны інжынер-энергетык кансервавага камбіната Вячаслаў ХАЛЯВІНСКІ

Старшыня сельвыканкама Валянціна Кісель, з якою сустрэліся ў яе кабінеце, адзначыла, што пастаянна наведвае шматдзетныя сем’і, якіх у сельсавеце больш за шэсцьдзясят. З увагай і павагай ставяцца і да састарэлых адзінокіх вяскоўцаў, за імі замацаваны сацыяльныя работнікі. 

Увогуле ж з пяці тысяч тамтэйшага насельніцтва больш як паўтысячы — дзеці і моладзь. Многія выпускнікі сярэдняй школы пасля атрымання спецыяльнай адукацыі вяртаюцца дамоў. Праблемы працаўладкавання няма. Побач сталіца, Маладзечна, рабочы пасёлак Чысць са шматлікімі прадпрыемствамі. Электрычкі, маршруткі, аўтобусы сноўдаюць туды-сюды пастаянна. 

Ветэран працы Вольга ГАМАНОВІЧ

СТАРШЫНЯ Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец адзначыў, што ў пасёлку Чысць паступова пашыраюцца аб’ёмы прамысловай вытворчасці, і жыхары Краснага маюць магчымасць там працаўладкавацца.

Пасля рэарганізацыі ажывілася дзейнасць былога кансервавага завода, якім 35 гадоў нязменна кіруе Лідзія Шарамет. Адкрытая ў пасляваенныя гады вытворчасць спецыялізавалася на выпуску кансерваў з агародніны. Сем гадоў таму завод закрыўся, і на яго базе створана ААТ “Красненскі кансервавы камбінат” з прыватным капіталам. Захавалася больш за паўсотні працоўных месцаў. Летам арганізуецца двухзменная работа па выпуску разнастайных соўсаў, якія карыстаюцца добрым попытам у рэспубліцы і за яе межамі. Няма затрымак з выплатай заробкаў.

Акампаніятар Дома культуры Рыгор КАЖУШКА

Вострай застаецца праблема будаўніцтва вакол Краснага аб’язной аўтадарогі рэспубліканскага значэння. Інтэнсіўны транспартны рух праз вёску выклікае нараканні жыхароў, таму актыўна вышукваюцца крыніцы фінансавання важнага праекта. 

Старшыня сельвыканкама гаворыць, што ў мясцовым бюджэце недастаткова сродкаў на добраўпарадкаванне дарог паміж вёскамі. Хвалюе Валянціну Мікалаеў- ну і праблема водазабеспячэння малых вёсак. Вадаправоды пракладзены ў аграгарадку Відзеўшчына, больш буйных вёсках Краснае, Ракуцёўшчына, Касцюшкі, Уланаўшчына, Свечкі, Гірдзі, Баяры, Уша, Мазалі, Лосі і Малыя Кашэўнікі. Жыхары астатніх 16 вёсак і вёсачак па-ранейшаму карыстаюцца калодзежамі. За бюджэтныя сродкі раёна ў Красным да канца года будзе пабудавана станцыя па абезжалезванні вады, якая разлічана на абслугоўванне левай паловы вёскі. Праз два гады плануецца ўвесці ў эксплуатацыю і другую станцыю, што цалкам здыме праблему.

Гаспадар шматдзетнай сям’і Руслан КІРГІЗАЎ

Дзверы ў кабінет Валянціны Мікалаеўны заўжды адчынены. Пасля заканчэння аграфака Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута пачынала яна з брыгадзірства ў маладзечанскім калгасе “Селяўцы”, потым была аграномам. Бацька яе, Мікалай Іванавіч, кіраваў саўгасам “Краснае”, а маці Галіна Паўлаўна — стаматолаг. Восьмы год Валянціна Мікалаеўна ўзначальвае мясцовую ўладу. Людзі ідуць да яе за падтрымкай, парадай, дапамогай. 

Пад адным дахам з сельвыканкамам размешчаны філіял АСБ “Беларусбанк”, дзе раней кліентаў абслугоўвалі два спецыялісты. У выніку так званай аптымізацыі застаўся адзін, філіял два дні на тыдзень —у чацвер і нядзелю — закрываецца на выхадны. Тое, што вяскоўцам гэта нязручна, нікога з банкаўскага кіраўніцтва не хвалюе. 

Санітарка Таццяна КСЯНДЗОВА і медсястра амбулаторыі Іна САРОКА

З ПАЧАТКАМ вясны дадаюць клопатаў Валянціне Мікалаеўне і дачнікі. Амаль сорак садовых таварыстваў на тэрыторыі сельсавета. З іх кіраўнікамі спецыялісты сельвыканкама падтрымліваюць сувязь. Заключаюцца дамовы на вываз смецця, добраўпарадкаванне тэрыторый. Вялікім попытам у жыхароў сталіцы і маладзечанцаў карыстаюцца зямельныя ўчасткі на тэрыторыі сельсавета. З пачатку года праведзена ўжо тры аўкцыёны па іх продажы. За мінулы год ад рэалізацыі чатырох зямельных надзелаў пад будаўніцтва бюджэт сельвыканкама папоўніўся больш як на 20 тысяч рублёў. Але, як адзначыла старшыня сельвыканкама, апошнім часам попыт на зямлю ўпаў. Па новым заканадаўстве гаспадар прыдбанага на аўкцыёне надзела павінен на працягу года пачаць будоўлю, інакш яго адбяруць і зноў выставяць на аўкцыён.

У КРАСНЫМ закінутых сядзіб няма. Кожная з 26 вясковых вуліц выглядае прывабна. Дажываюць свой век адзінкі старэнькіх пасляваенных дамоў. На крутабокім пагорку прывабны падворак сям’і Тамары і Аркадзя Гамановічаў. Разам з імі жыве і 94-гадовая маці гаспадара Вольга Піліпаўна. Сіроцкім было яе дзяцінства, а юнацтва апаліла вайна. Яе родную вёску Дзедзіна, як і суседнія докшыцкія вёскі Сценка, Рэчныя, нямецка-фашысцкія акупанты спалілі дашчэнту. Разам з маці, бабуляй і чатырма братамі і сёстрамі Вольга падалася ў лес да партызан. У зямлянках зімавалі. Разам з сяброўкамі пяклі хлеб, кухарылі, пралі адзенне байцоў. Гітлераўцы акружылі лясны лагер народных мсціўцаў, тых, хто не паспеў вырвацца, забралі ў палон. Да драбніц памятае гэта Вольга Піліпаўна. Памятае, як іх сагналі ва Ушачы, адкуль адправілі ў докшыцкі лагер. Ганялі будаваць вузкакалейку. Аднойчы па дарозе на працу Вольга і яе сяброўка Кацярына Карпіловіч падабралі момант і на лясной дарозе саскочылі з грузавіка. Праз лес дзяўчаты выйшлі на бальшак, уздоўж якога квітнеў бэз. З букетамі вярнуліся да родных. Была вясна 1944 года. Чырвоная Армія гнала фашысцкія войскі на захад.

Матушка Марыя ХАДАКОЎСКАЯ

З нявесткай Вольгі Піліпаўны Тамарай слухаем яе ўспаміны. Спрацаванымі рукамі сялянка раз-пораз нервова папраўляе хусцінку. Распавядае, як рыдлёўкамі падымалі зляжалую за вайну зямлю. Запрагаліся ў плуг і аралі калгаснае поле. Час быў такі, што і апрануць не было чаго. Вось і здарылася, што Вольга з сяброўкай Кацярынай завербаваліся на ўральскую будоўлю. Асвоіла там прафесію кранаўшчыцы. Будавала жылыя дамы. За год зарабілі грошай, апрануліся і вярнуліся дамоў. Вольга выйшла замуж за Рыгора Гамановіча, які вярнуўся з нямецкага палону. Бацькі яго дапамаглі пабудаваць дом. Вольга пайшла даіць кароў на калгасную ферму. Праўленне гаспадаркі ім выдзеліла цялушку. Тры дзесяцігоддзі да выхаду на пенсію працавала даяркай у докшыцкім калгасе “Праўда” Вольга Піліпаўна. У яе чыста прыбраным пакойчыку цёпла і ўтульна. 

Прыемнай была і сустрэча з матушкай Марыяй Хадакоўскай. У цеснай кухні яна гатавала просвіры для праваслаўнага храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы, дзе службы раней правіў яе муж, а цяпер сын Мікалай. Яе карані ў палескай вёсцы Альгомель. 

Настаўнік працоўнага навучання Іван ШУКЕЛОВІЧ і вучні Іван ІВАНОЎ і Уладзіслаў ТРАЦЦЯК

Родным стаў гэты беларускі куточак для Іамзе Зурыкаеўны. Пасля неспакойных падзей на Паўночным Каўказе яе бацькі знайшлі прытулак на Маладзечаншчыне. Дачка выйшла замуж за мясцовага хлопца Вячаслава Халявінскага. Падрастае сын Аляксандр. Маладая сям’я будуе свой дом. Іамзе і Вячаслаў працуюць на кансервавым камбінаце.

НАПРЫКАНЦЫ падарожжа не мог не завітаць да знаёмага возера. Пара лебедзяў ужо вярнулася з зімоўкі і цешылася сваім хараством. Прыбярэжныя дрэвы скінулі зімовыя чары. Незвычайнай прыгажосцю чаруе лебядзіная вясна Краснага.

Маладзечанскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter