Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Нацыянальная бібліятэка прэзентуе ў замежжы вынікі рэалізацыі міжнароднага навуковага і выдавецкага праекта: факсімільна ўзноўленую кніжную спадчыну Францыска Скарыны

Кнігі збіраюць сяброў

Год, які праходзіў пад знакам 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання, у мінулым, аднак прадаўжаюцца праекты, скіраваныя на пашырэнне духоўнай спадчыны першадрукара ў свеце. З чарговага прэс-рэліза, дасланага ў рэдакцыю з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, вынікае: шануючы сваю кніжную спадчыну, Беларусь падвышае свой аўтарытэт у свеце — і набывае новых сяброў. Дарэчы, заслугоўвае павагі, што да падобных акцый падключаюцца і беларусы замежжа. Прынамсі, так было ў Рызе: там у сярэдзіне лютага ладзілася беларуская вечарына. Пад час яе прадстаўнікі беларускіх грамадскіх суполак, устаноў культуры й навукі Латвіі, Амбасады Беларусі, госці з нашай краіны разам абмеркавалі супольныя дасягненні, пагаварылі аб перспектыўных кірунках супрацоўніцтва. “У плыні сяброўскай сустрэчы прайшла прэзентацыя вынікаў рэалізацыі міжнароднага навуковага і выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, — чытаем у прэс-рэлізе. — Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша перадаў поўны камплект факсімільнага выдання ў дар Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта”. Дырэктаркай жа ў бібліятэцы, нагадаем, працуе Вента Коцэрэ, якая з вялікай прыязнасцю ставіцца да беларусаў, іх культурных, асветніцкіх праектаў. 

Удзельнікі беларускай прэзентацыі ў сценах Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта

А згаданыя імпрэзы якраз і праходзілі на базе самай старадаўняй бібліятэкі Латвіі: Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Яна была заснавана яшчэ ў 1524 годзе, там зберагаюцца ўнікальныя кніжныя зборы, у тым ліку й некаторыя знакавыя помнікі беларускага паходжання. Пра тое ведаюць і актывісты Саюза беларусаў Латвіі, якія ўдзельнічалі ў прэзентацыі, ёсць на здымках, дасланых нам. У сценах бібліятэкі дасягнуты важныя дамоўленасці: пра арганізацыю супольных сустрэч, прэзентацый, выстаў, навуковых форумаў і дыскусій па актуальных пытаннях кніжнай культуры краін.

Варта нагадаць, што вялікі Міжнародны навуковы і выдавецкі праект па ўзнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, рэалізаваны НББ і Банкам БелВЭБ, ужо завяршыўся. І якраз гэты праект быў знакавай “чырвонай лініяй” у вялікім шэрагу юбілейных мерапрыемстваў у Беларусі ды за мяжой. Алесь Суша гаварыў на сустрэчы ў Рызе, што гэты праект стаў каталізатарам цэлага шэрагу новых ініцыятыў. Яны цяпер набываюць рэальныя абрысы, а імпрэзы пройдуць у бліжэйшыя гады ў Беларусі, а таксама за мяжой, будуць скіраваныя на папулярызацыю кніжнай спадчыны Бацькаўшчыны. Дарэчы, беларускім суполкам замежжа таксама варта выходзіць на сувязь з Нацыянальнай бібліятэкай, рэалізуючы свае задумы. Мяркуем, ад такога “кніжна-культурнага” супрацоўніцтва будзе вялікая карысць для пашырэння ведаў пра Беларусь у свеце, падвышэння яе міжнароднага статусу.

Як наша газета пісала ўжо: на восень 2018-га запланавана чарговае правядзенне Дзён беларускай культуры ў Латвіі. Пройдуць Дні, як заўсёды, па розных гарадах.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter