Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомы беларускі мастак, які даўно жыве ў Малдове, выяўляе мелодыі паўднёвага горада ў сонечных фарбах

Кішынёў і Вячаслаў

Летам бачыліся ў Мінску з Вячаславам Ігнаценкам, сябрам рэдакцыі: быў на З’ездзе беларусаў свету. Пагулялі над Свіслаччу, а ў Парку Горкага трапілі нават пад цёплы дождж. Паказваў мастак свае эскізы ды замалёўкі, якія робіць, бадай, штодня. Велізарная калекцыя. Пастаянны творчы пошук. Натхнёная працавітасць заслугоўвае вялікай павагі. Прызнаваўся: з такіх нарыхтовак нешта скарыстоўвае і ў карцінах. 

Вячаслаў Ігнаценка на вернісажы “Мелодыя горада”
Пад вясновым сонцам

Нядаўна Вячаслаў напісаў у рэдакцыю: у яго — чарговая выстава, якую сабраў за два дні. Дарэчы, з рукою загіпсаванаю, якую на вернісажы схаваў за кветкі. Маленькі подзвіг у імя мастацтва... Дададзім канкрэтыкі: выстава “Мелодыя горада” мастака з Падняпроўя, з беларускай Лоеўшчыны Вячаслава Ігнаценкі працуе ў кішынёўскім Доме нацыянальнасцяў. Там, дарэчы, і Бюро міжэтнічных адносін Малдовы. А зладжана выстава да 26-х угодкаў незалежнасці Рэспублікі Малдовы. Раней, удакладняе Вячаслаў, да святочнай даты выставы рабілі балгары, гагаузы, габрэі, расіяне, украінцы — мастакі розных нацыянальнасцяў, што жывуць там... Сёлета далі слова й беларусу.

Якую, думаў, зрабіць экспазіцыю, каб тое цікава было кожнаму гледачу, незалежна ад сацыяльнага статусу ды ўзросту? Хацелася паказаць, што напісана як у Беларусі, так і ў Малдове: глядач змог бы параўноўваць пейзажы абедзвюх краін. І, дарэчы, тое Вячаславу лёгка б далося: з сёлетняй паездкі на Бацькаўшчыну ён прывёз і новыя эцюды. Аднак, падумаўшы, спыніўся на выявах малдаўскай сталіцы: усю ўвагу на гэты раз скіраваў на горад Кішынёў.

Экспануюцца 19 твораў. Іх, патлумачыў аўтар, напісаў з натуры за апошнія чатыры гады ў старой частцы горада, у розныя поры года. Некаторыя з твораў: “Бэз на Ільінскай”, “Цёплы вецер”, “Пасля дажджу”,“Альтанка. Над возерам”, “Асенні сон”. Што ж, заўсёды цікава паглядзець пад іншымі ракурсам, і з іншым мастакоўскім досведам на звычныя “гарадскія карціны”. Вячаслаў згадвае, як на адной з ягоных выстаў малдаўскі мастак Дзмітры Пейчаў з гумарам казаў: “Вось прыехаў да нас беларус, каб паказаць, як трэба пісаць Кішынёў. І ў Вячаслава — добра атрымліваецца!” Пэўна ж, працы мастака беларускай школы вылучаюцца колерам, малюнкам, стылістыкай. Яны не падобныя да  прац мастакоў малдаўскіх, якія пішуць Кішынёў. Цяпер жыхары й госці горада могуць пабачыць і пачуць ягоныя мелодыі такімі, якімі пачуў-пабачыў беларус Вячаслаў Ігнаценка.

Голас Радзімы № 36 (3540), чацвер, 21 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter