Кейтеринг по-мотольски, мясные деликатесы, экохлеб – чем удивит Международный фестиваль «Мотальскія прысмакі»

XII Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі» запрашае ў аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна 12–13 жніўня. Рэстаранныя паслугі па-мотальску, дэлікатэсы з мяса і рыбы, экахлеб і чай на травах. Якія дзіковінкі яшчэ сёння можна будзе ўбачыць на свяце? 

Фото из архива «СБ»

Як паведамілі арганізатары, акцэнт свята будзе зроблены на нацыянальных дыяспарах. У Моталь прыедуць прадстаўнікі розных этнічных груп нашай краіны. Нямала чакаецца і гасцей. У каларытнае палескае мястэчка прыедзе дэлегацыя з Іркуцкай вобласці. Удзельнікі разам пройдуць у тэатралізаваным шэсці-адкрыцці фестывалю, а таксама парадуюць гледачоў творчымі нумарамі падчас вялікага святочнага канцэрта, прадставяць стравы традыцыйнай кухні.

Старшыня Мотальскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Піліповіч паведаміў: летась у Іркуцку было падпісана пагадненне аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж Мотальскім сельскім Саветам і сельскім паселішчам Тургенеўка Баяндаеўскага раёна Іркуцкай вобласці. Пабрацімы Моталя плануюць прыехаць на прысмакі. У мястэчку сяброў з Расіі вельмі чакаюць. 

Вёска Тургенеўка заснавана беларускімі перасяленцамі ў 1909 годзе падчас сталыпінскай рэформы. Большасць жыхароў Тургенеўкі – выхадцы з Заходняга Палесся. Іх продкі на працягу стагоддзя заховалі не толькі ўнікальную культуру земляробства, але і старажытныя славянскія абрады і традыцыі. У вёсцы пабудаваны гісторыка-этнаграфічны музей, арганізаваны беларускі народны хор «Варэнічкі», пры школе дзейнічае фальклорная дзіцячая студыя «Рушнічок».

Праграма «Мотальскіх прысмакаў», як звычайна, цікавая і насычаная. Адбудзецца круглы стол «Нацыянальная кухня – ключ да дружбы народаў». Гасцей чакаюць кейтэрынг па-матольску, магчымасць пакаштаваць мясныя і рыбныя дэлікатэсы, стравы і напоі традыцыйнай кухні маталян. Падчас свята можна будзе наведаць гандлёвыя і выставачныя падворкі майстроў-рамеснікаў, а таксама паспрабаваць экахлеб на заквасцы.

На пляцоўцы «Кухня здароўя» можна будзе пакаштаваць травяныя чаі і набыць зборы лекавых траў. Сваю прадукцыю на фестывалі прэзентуюць мясцовыя прадпрыемствы і фермерскія гаспадаркі. Бывалыя наведвальнікі фестывалю папярэджваюць, што на свята ў Моталь трэба браць нямала грошай, каб прысмакаў набыць на ўсю зіму. 

Не менш разнастайнай абяцае быць і праграма фэсту: фестывальны баль, майстар-класы палескіх бытавых танцаў, пляцоўкі народнай музыкі і гумару, шматжанравы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці «Мотальскія перазвоны», вячэрняе фольк-шоу і святочны феерверк.

Прыязджайце ў Моталь! Будзе сапраўды цікава! 

Сустрэнемся на фестывалі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter