Деревни Малые и Великие Автюки давно заслуженно именуются белорусской столицей народного юмора

Калі смех падаўжае жыццё, давайце рагатаць да глыбокай старасці

Так кажуць аўцюкоўцы і маюць рацыю

Вёскі Малыя і Вялікія Аўцюкі, што ў Калінкавіцкім раёне, даўно і заслужана называюць беларускай сталіцай народнага гумару. А таму тут з 1995 года праводзіцца Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі», на які традыцыйна з’язджаюцца тыя, хто ўмее ацаніць добры жарт, сам любіць парагатаць.

Вось і 28—29 ліпеня вясёлыя і гаваркія аўцюкоўцы, якія лічаць, «што пакуль будзем смяяцца — будзе хацецца жыць», ветліва, гасцінна, з трапнымі жартамі і песнямі сустракалі ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, які адбыўся ў адзінаццаты раз.


Творчыя калектывы вечарам 28 ліпеня далі канцэрты ў Малых і Вялікіх Аўцюках, Каплічах, Бабровічах, Дудзічах, Юравічах і Сыродзе. Напрыклад, прадстаўнікам Слаўгарадскага раёна давялося выступаць у Юравічах.

— На фестывалі ўпершыню. Ужо дамовіліся, што прыедзем і ў наступны раз, бо ў захапленні і ад гасціннасці аўцюкоўцаў, і ад іх гумару, — дзеліцца ўражаннямі загадчыца сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Слаўгарадскага раёна Галіна Максімава. — І падворак абавязкова прывязём багацейшы, бо на свае вочы пабачылі: канкурэнцыя вельмі сур'ёзная.

Тэматычных падворкаў было дванаццаць. Швэндаючыся па іх, можна было надарваць жывот ад рогату, падсілкавацца беларускімі прысмакамі і аўцюкоўскай потраўкай (юшка з грыбоў і мяса), асвяжыцца квасам і кінуцца ў скокі пасля прыняцця «Рагатухі» — «таблеткі ад усіх хвароб», а таксама забіць тэлефон інстаграмнымі фота.


Дарэчы, фестываль быў багаты на гумарыстычныя фотазоны. А пачыналіся яны з парка аўцюкоўскіх артэфактаў, які да кожнага форуму папаўняецца новым экспанатам.
 Ёсць тут і выцягнуты глобус, і камень-валун, у якім захрасла піла, і лаўка прымірэння... А ў гэтым годзе з'явілася самая вялікая кветка ўсім беларускім артыстам — кветачка-адзінаццаціцветачка!
Апроч таго, прыцягвала ўвагу непрызнаная артыстка двух палёў і аднаго агарода Калінка Стар. Калі хто не ведае, Каласкі і Калінкі — гэта аўцюкоўцы, яны ўмеюць смяяцца і кпіць з сябе і сяброў. Вось і зараз вядучыя свята Каласок і Калінка назвалі старшыню Калінкавіцкага райвыканкама Сяргея Гваздзя, які вітаў прысутных, гваздом праграмы.


— Тэма адзінаццатага фестывалю — «Малыя аўцюкоўскія гульні». Так, у мінулы раз мы арганізавалі «Аўцюкоўскае еўрабачанне» ў адказ на тое, што нашы артысты не змаглі прыняць удзел у музычным конкурсе. Цяпер спартсменаў не дапускаюць да Алімпійскіх гульняў, і мы праводзім іх самі, — растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі.

Чэмпіёнаў-смехаспартсменаў з усіх абласцей краіны госці фэсту віталі цёплымі апладысментамі. Яны змагаліся за званне лепшых у намінацыях «Тэатр мініяцюр», «Прыпеўка», «Гутарковы жанр», «Модныя аўцюкоўцы», «Я дрынчу на чым хачу» і ў конкурсе тэматычных падворкаў.

Удзельнікі народнага тэатра эстрадных мініяцюр «Дамскія штучкі» прыехалі з Ельскага раёна за перамогай у намінацыях «Тэатр мініяцюр», «Модныя аўцюкоўцы» і «Гутарковы жанр». Жартуюць:

— На меншае не згодны. Калі журы не аддасць нам тры першыя месцы, то дадому не паедзем. Гэта наш чацвёрты, а мо ўжо і пяты фестываль. Атмасфера на «Аўцюках» цудоўная, таму сюды хочацца вяртацца зноў і зноў.


— Не, перамога ў намінацыі «Тэатр мініяцюр» будзе за намі, — упэўнены іх сапернікі з народнага тэатра гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы». За сцэнай форуму пачынаецца жартаўлівая спрэчка.

Прайсці на фестывальныя лакацыі і галоўную пляцоўку праз аўцюкоўскую мытню без жарту, прыпеўкі ці ўсмешкі да вушэй не атрымаецца: строгія таможнікі не дапусцяць. Старшыня журы Уладзімір Радзівілаў таксама прызапасіў анекдот:

— Бабуля без акуляраў з цікавасцю зазірае ў каляску: «Якія цудоўныя двайняты! Абодва хлопчыкі?» У адказ: «Не, толькі той, што злева, справа — дыня».


Таможнікі задаволены, дазваляюць прайсці, а наперадзе бясконцая выстава-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці «горад майстроў», выставы стылізаванай аўтамотатэхнікі «Аўцюкоўскія драндулеты» і фатаграфій «Аўцюкоўская фотасушка», сельскагаспадарчая латарэя «Злаві поспех», спартыўныя гульні, «Аўцюкоўская пластычная клініка», канцэрт заслужанага калектыву Беларусі «Песняры», дыскатэка, феерверк і шмат яскравага, смешнага і цікавага. Усяго не перакажаш. Трэба было прыязджаць на гумарыстычны форум і пабачыць усё на свае вочы.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter