О проблемах отцов и детей

«Каб не страціць святое штосьці»

Значная частка пісьмаў у нашай рэдакцыйнай пошце — аб праблемах бацькоў і дзяцей. Першыя пішуць аб тым, як шкада адпускаць дачок і сыноў у дарослае жыццё. Маўляў, выраслі і вылецелі з гнязда, пра бацькоўскі дом успамінаюць усё радзей. У лістах — бытавыя сюжэты, у цэнтры якіх, відавочна, нявырашаныя праблемы ўзаемаадносін пакаленняў. На многія пытанні, якія закранаюць гэту тэму, я шукала адказы, калі нядаўна наведвала сваю малую радзіму.



Штогод перад вялікімі святамі мы прыбіраем дом, белім печ. Сёлетняя сямейная традыцыя стала яшчэ больш запамінальнай: мама нарэшце адчыніла вялізны куфар, які бабуля пакінула нам у спадчыну. Праглядаючы рэчы, што захоўвалі ў ім на працягу амаль стагоддзя маміна мама і мама мамінай мамы, разумею, што менавіта ў такія моманты можна адчуць сувязь са сваім радаводам.

З самага дзяцінства памятаю, як гэты куфар стаяў у куце бабулінай хаты і здаваўся мне велічэзным. Драўляны, аздоблены арнаментам, з цяжкім жалезным вечкам. Бяруся за яго, і крышка вялізнай скрыні-рэліквіі скрыпіць — быццам напамінае гэтым гукам пра сваё багатае мінулае.

Вось перад вачыма два пакрывалы з узорамі яскравых адценняў. Матуля ўскідвае іх ў паветры, каб распасцерці. У вочы кідаюцца выявы птушачак, звернутых дзюбкамі адна да другой. Іх выткала на станку мая прабабуля Волька. Відаць, што яна была сапраўднай майстрыхай. Прала ніткі сваімі рукамі, вязала, шыла, вышывала. Пераглядаю яе посцілкі, ручнікі, абрусы, якія, дарэчы, зусім не пажаўцелі ад часу, і думкамі пераношуся ў наша Мыслава, што на Слонімшчыне. Успамінаю старэнькую хату ў ценю кучаравых кустоў бэзу, куды мы са стрыечнымі братамі любілі прыязджаць на зімовыя канікулы. Бабуля сядала бліжэй да святла, раскручвала калаўрот і пачынала прасці. За справай расказвала прытчы, вясковыя байкі.

Бяру бялюткую намітку, такі галаўны ўбор, у якім некалі на вясковых святах красавалася бабуля, пачынаю спяваць з матуляй бабуліну любімую песню:

Ой, сівы конь бяжыць!

На ім бела грыва!

Ой, спадабалася, ой, спадабалася

Мне тая дзеўчына!

Сэнс песень перадаваўся і ў ткацкіх вырабах. Мама расказвае, што бабуля аздабляла пакрывалы выявамі птушачак не проста так. Справа ў тым, што нашу сям’ю па-вясковаму клікалі Галубкамі — вельмі ж міла выглядалі маладыя Марыя ды Пятрок на мясцовых вячорках. Так тэма галубкоў як сімвала ўзаемнага кахання перанеслася на ткацкія вырабы. Цяпер зразумела, чаму, калі я прыязджаю ў вёску, суседскія бабулі мяне клічуць «унучкай Мані Галубковае».

На дне куфра знаходжу невялічкую скрыначку з чорна-белымі фотаздымкамі. На адным з іх — вяселле дзядулі і бабулі. Прыгожая ў белым уборы нявеста, статны, з ветлівай усмешкай жаніх. З адваротнага боку пазначаны 1957 год. Побач той самы, з галубкамі, ручнік, на які ступалі маладыя, калі бралі шлюб.

У плеценай скарбонцы — заручальны пярсцёнак, металічны значок бабулі з подпісам «За добрасумленную працу». Яна амаль пяцьдзясят гадоў працавала даглядчыцай цялят у калгасе «Чырвоны Партызан».

Перакладваем з матуляй рэчы і ўсур’ёз задумваем на наступны год маленькую каморку на лецішчы адвесці пад своеасаблівы музей нашай сям’і. Няхай цяпер чацвёртае пакаленне нашчадкаў дзівіцца сямейным рэліквіям з вялізнага куфра. Каб ведалі гісторыю сваёй сям’і і бачылі каштоўнасць у тым, што засталося ім у спадчыну ад продкаў. Каб маглі, як і мы з матуляй, дакрануцца да сціплых помнікаў даўніны, адчуць сувязь з роднымі каранямі. І абавязкова вярталіся да роднага парога. Каб, як напісаў Рыгор Барадулін:

Помніць свой на іржышчы цень,

Не забыць, як завуць суседа,

Не забыць, як пяе пад дзень

За вясёлым сталом бяседа…

А якія адчуванні перажываеце вы, дарагія чытачы, калі вяртаецеся на сваю малую радзіму?


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter