Як Магілёў мяняецца напярэдадні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Глянец гораду глянецца

Нават скептыкі не стануць спрачацца: Магілёў за апошні час змяніўся даволі прыкметна. Прычым больш адметным і прыгожым стаў не толькі яго цэнтр, а і мікрараёны. Напярэдадні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які напачатку кастрычніка будзе прымаць горад, плануецца здаць яшчэ некалькі новых аб’ектаў. Што гэта за праекты, наколькі яны знакавыя для Магілёва, як упішуцца ў гарадскую інфраструктуру? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, мы прагуляліся па гарадскіх вуліцах і асабіста паназіралі за тым, як горад рыхтуецца да падзеі вялікага ўзроўню.

Вуліца Ленінская спалучае гісторыю і сучаснасць.

Першае, што кідаецца ў вочы, — дадатковы глянец пешаходнай Ленінскай. Першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Пацёмкін лічыць, што гэта вуліца — адна з візітак горада. Да таго ж менавіта на Вялікай Садовай, як яе называлі раней, падчас форуму прапішацца кірмаш-выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, яна стане месцам выступлення аматарскіх калектываў абедзвюх краін. На гістарычнай Ленінскай, дзе арганічна спалучаюцца мінулае і сучаснае, ужо асвяжылі фасады дамоў, добраўпарадкавалі бульвар і двары. Жамчужынай гэтай старадаўняй вуліцы, бясспрэчна, стане яшчэ і адноўлены музей Бялыніцкага-Бірулі, які сёння ўрачыста адкрыецца пасля рэканструкцыі. Зараз галерэя зможа прымаць выставы еўрапейскага ўзроўню. Тут таксама створана магчымасць для арганізацыі навучальных заняткаў, сімпозіумаў, анлайн-канферэнцый. 

Плошча Славы атрымала новае напаўненне.

Новы выгляд звонку і знутры набудзе таксама Палац культуры вобласці. У будынку, які адзначыў больш за сорак гадоў свайго існавання, з’явіцца сучасная шматфункцыянальная выставачная зала, некалькі кафэ, абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі студыі, рэпетыцыйныя, харэаграфічныя і іншыя класы. Чакаецца, што да форуму будзе прымеркавана і адкрыццё Падмікольскага парку з яго ўнікальнай лесвіцай з каскаднымі фантанамі. Дарэчы, плошча гэтай зоны адпачынку для дзяцей і дарослых займае амаль 9 гектараў! Аляксандр Пацёмкін нагадаў:

У новым корпусе БРУ ўжо пачалі аддзелку памяшканняў.

— Год таму Магілёў адзначаў сваё 750-годдзе. Да юбілею таксама шмат чаго зроблена. Узяты кірунак прадоўжылі і надалей: да гэтага спісу, напрыклад, можна аднесці рамонт плошчы Славы. Каменныя агароджы тут устанавілі ў мінулым годзе, а сёлета завяршылі абліцоўванне мармурам помніка і контуру памяці вакол Вечнага агню.

З кожным годам Магілёў становіцца прыгажэй.

Многае зроблена і ў справе рэканструкцыі Мінскай шашы, якая пачалася два гады таму. На этапе 2018-га будзе пастаўлены апошні штрых у капрамонце пуцеправода па вуліцы Якубоўскага. А на ўездзе ў Магілёў з боку сталіцы завершыцца афармленне яшчэ аднаго сімвала горада — аркі. На яе фасадзе напішуць даты значных падзей горада і пажаданні яго насельнікам і гасцям. Аднак і гэта не ўсё: хутка адзначыць наваселле яшчэ і дзевяціпавярховы корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Чакаецца, што ён стане своеасаблівым інавацыйным цэнтрам для генерацыі новых ідэй, навуковых распрацовак і ўкаранення іх у вытворчасць.

Арка стане адным з сімвалаў горада.

Ацаніць прыгажосць горада, гасціннасць яго жыхароў і ўзровень падрыхтоўкі да форуму будзе каму. Чакаецца, што ўдзел у гэтым мерапрыемстве возьмуць больш за дзве тысячы чалавек — палітыкаў, дыпламатаў, бізнесменаў. Традыцыйна адбудзецца пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Акрамя таго, пройдуць Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва, маладзёжны форум, злёт студэнцкіх атрадаў і шмат іншых падзей. А ў памяць аб форуме яго ўдзельнікі маюць намер залажыць на Буйніцкім полі алею з ліп, якая будзе сімвалізаваць дынамічнае супрацоўніцтва і сяброўства двух братэрскіх народаў.

Мост цераз Днепр пасля рамонту стаў упрыгажэннем горада.

markova@sb.by

Фота аўтара, Ірыны Савосінай і Галіны Гаўрыловіч
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter