Галоўны аграном СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Іван Галавенка 41 год таленавіта і годна служыць роднай зямлі

Галоўны аграном гродзенскага СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Іван Галавенка: «Добра, каб дзеці маглі атрымаць у спадчыну справу бацькоў»

Агранамічную службу ў вядомым гродзенскім СВК «Прагрэс-Верцялішкі» ўзначальвае Іван ГАЛАВЕНКА. З адзнакай скончыў ён Навагрудскі сельгастэхнікум, а потым і Гродзенскі сельгасінстытут. Перспектыўнаму выпускніку прапаноўвалі вучобу ў аспірантуры. Але ў сялянскага сына перамагло жаданне займацца непасрэднай працай на зямлі. Пачынаў аграномам-насенняводам. Потым служыў у арміі, дзе зарэкамендаваў сябе падаючым надзеі спартсменам. Камандаванне часці раіла здольнаму вайскоўцу паступаць у Ленінградскі ваенны інстытут. Пасля службы вярнуўся ў калгас да любімай справы. Іван Аляксандравіч 41 год не расставаўся з працай на зямлі. У тым, што верцялішкаўскія хлебаробы амаль да 100 цэнтнераў з гектара трымаюць планку ўраджайнасці збожжавых культур, безумоўна, заслуга і галоўнага агранома.


За высокія вытворчыя паказчыкі Іван Аляксандравіч адзначаны ордэнам «Знак Пашаны», ганаровымі граматамі Гродзенскага абл- і райвыканкама. Неаднаразова адзначаўся на фестывалях-кірмашах «Дажынкі».

Сустрэліся мы з Іванам Галавенкам на шырокім полі, што падступае да аграгарадка Верцялішкі. Зямля, сагрэтая сонцам за спякотнае лета, яшчэ дыхала цяплом. Рэдкія хмаркі праплывалі па халодным асеннім небе, наганяючы сум. У паднябессі пракурлыкалі журавы, адлятаючы на зімоўку. Іван Аляксандравіч правёў іх поглядам і накіраваў позірк на раллю, змочаную асенняй слотай.

— Праз дзень-два з'явяцца парасткі, — адзначыў ён. — Для ўсходаў патрэбна вільгаць. Ажыве, зарунее да халадоў хлебная ніва. Зямля адгукаецца на клопат. Так працавалі мае продкі, вырошчвалі хлеб, гадавалі жывёлу. У бацькі «за польскім часам» было 12 гектараў угоддзяў. Ён да апошніх сваіх дзён заставаўся хлебаробам. Прасіў мяне прывозіць яму новыя сарты збажыны. Высяваў іх на загоне, цікавіўся вынікам. Вырошчваў грэчку, займаўся пчалярствам. Лічыўся адмысловым майстрам. Сякера звінела ў яго руках. Вырабляў збрую для коней, рамантаваў вокны ў сялянскіх дамах. У дзятлаўскай вёсцы Студзяроўшчыне прыбудаваў да нашага ладную веранду. Сяляне з наваколля ехалі да яго за бочкамі.

— Дзецям расказваеце пра радавод?

— Сын Вадзім і дачка Настасся цікавяцца нашымі каранямі. Сын працуе ў Гродне. Настассі ад мяне перадалася здольнасць маляваць. Калі служыў у арміі, афармляў розныя стэнды. Дачка малюе карціны па заказе, і гэта стала яе бізнесам.

Мой лёс няпросты. Двойчы жаніўся. Першая жонка Галіна падаравала мне дачку Іну. Яна ў Гродне выкладала школьнікам англійскую мову. Шлюб не склаўся. Рассталіся інтэлігентна. На жаль, каронавірус забраў Галіну. 35 гадоў ладна жыву са Святланай Паўлаўнай. Не заўжды хапае часу на сям'ю. Сын скардзіцца, што яго сябры з бацькамі гуляюць, а мы ніколі мяч не паганялі. Аграномія стала сэнсам майго жыцця. Напэўна, ад продкаў. Бацька расказваў аб прадзедзе, які быў родам з-пад Кіева. Пан цаніў яго за працавітасць і, калі пераязджаў на беларускія землі, забраў прадзеда з сабою. Побач з маёнткам купіў яму надзел зямлі.

Маці Вера Антонаўна Шарэйка са збяднелага дваранскага роду. Дзядуля яе прыслужваў у царкве дыяканам. Свайго сына, майго дзядулю Антона, ён бачыў святаром. Было гэта ў пачатку мінулага стагоддзя, калі закіпаў рэвалюцыйны настрой. Сын не прыняў бацькаву прапанову. Юнака выгналі з дома, і ён апынуўся ў дзятлаўскай вёсцы Студзяроўшчыне. Стаў кавалём. Уступіў у мясцовую ячэйку бальшавікоў. У фільме «Чалавек з ружжом» указаны цітр: Шарэйка. Дзядуля быў паплечнікам Леніна. Калі ў 1920-я белапалякі захапілі Заходнюю Беларусь, дзеду пагражала кара. Выратавала пані: паручылася за яго маёнткам. У пасляваенны час, калі ў нашай мясцовасці пачалася калектывізацыя, дзед нагадаў словы Леніна пра добраахвотнае ўступленне сялян у калгасы. За гэта трапіў у Слонімскую турму. Пасля смерці Сталіна па амністыі выйшаў на волю. Пражыў нядоўга. Сваякі кажуць, што знешне надта на дзеда я падобны.

— Па размеркаванні вы трапілі ў Верцялішкі?

— Не, атрымаў накіраванне ў Брэсцкую вобласць. А вельмі хацелася бліжэй да бацькоў, да роднай Дзятлаўшчыны. У час вучобы на аграфаку Гродзенскага сельгасінстытута мы дапамагалі прыгарадным гаспадаркам на сенакосе, уборцы ўраджаю. Тады пазнаёміўся са старшынёй калгаса «Прагрэс» Аляксандрам Дубко. Ён дапамог мне пераразмеркавацца ў Верцялішкі. Пачынаў аграномам вытворчага ўчастка ў вёсцы Батароўка. Восенню пайшоў у армію. Адслужыў і вярнуўся ў Верцялішкі. Старшыня прапанаваў пасаду агранома-насеннявода. На маё «не спраўлюся» Аляксандр Іосіфавіч адказаў: «Тады і паведаміш пра гэта». Паступова ўцягнуўся. Падбіраў сарты, адчуваў адказнасць. Колькі было радасці, калі беларускі ячмень «заазерскі-85» даў амаль па 100 цэнтнераў зерня з гектара. Такой ураджайнасці ў рэспубліцы ні ў каго не было.

Значную частку ў севазвароце зай­мала бульба. Насенны матэрыял разрэзвалі папалам. Прапанаваў не рэзаць клубні, а насенную фракцыю адбіраць. Так і зрабілі — ураджайнасць павялічылася на трэць. Кожны поспех надаваў упэўненасці і жадання працаваць. Са старшынёю аглядалі пасевы, разважалі, як лепш паступіць. Ён ніколі адразу не прымаў рашэння. Казаў, што яно павінна, як ураджай, выспець. Праз пэўны час даваў адказ. Прыемна было, калі прымаўся мой варыянт. З галавою акунуўся ў працу.

— Яшчэ чаму навучыліся ў Аляксандра Іосіфавіча Дубко?

— Ён быў кіраўніком новай фармацыі. Знаходзіў час выслухаць кожнага працаўніка. Па палях я лётаў на службовым матацыкле. Аднойчы асмеліўся і папрасіў яго дапамагчы купіць аўтамашыну. У той час гэта было няпроста. Старшыня паабяцаў выканаць пры першай магчымасці. Так сталася, калі Аляксандр Іосіфавіч адправіўся ў Маскву на сесію Вярхоўнага Савета СССР, нашаму калгасу па разнарадцы выдзелілі некалькі «жыгулёнкаў». Дзякуючы яго званку з Масквы дасталася машына і мне. Умеў ён падтрымаць чалавека, не толькі адзначыць добрым словам, але і матэрыяльна аддзячыць, калі працаўнік гэтага заслугоўваў. Такім павінен быць сапраўдны кіраўнік.

Васіль Апанасавіч Рэвяка, калі прыняў эстафету кіравання гаспадаркай, прапанаваў мне ўзначаліць агранамічную службу. Часу на разважанні не было. Узгадаліся словы бацькі: «Калі трыма кіруеш, далей ужо не мае значэння колькасць падначаленых». Амаль чвэрць века нясу гэты крыж.

— На вашу думку, аграном — гэта…

— …Не прафесія, а спосаб жыцця. Выхадных з вясны да восені няма. Упусціш фазу развіцця пасеваў, не апрацуеш іх своечасова прэпаратамі ад шкоднікаў ці хвароб — згубіш многае. Гэта не завод, дзе закончылася змена — выключай станок. Зямля патрабуе пастаяннай увагі і клопатаў. Кожнае поле асаблівае. Загадчыкам вытворчых участкаў наказваю пастаянна валодаць сітуацыяй, як камандзір на фронце. Інакш не зможаш прыняць правільнае рашэнне. Маршал Георгій Жукаў у час вайны прыбыў на Ленінградскі фронт і загадаў камандуючаму злучэннем далажыць баявую абстаноўку. Той не змог. А начальнік палітаддзела, які гэтаму камандзіру падпарадкоўваўся, цудоўна справіўся з дакладам. Маршал тут жа назначыў яго камандуючым злучэннем, а былога камандзіра перавёў у палітрукі. Вельмі павучальны прыклад. Ад падначаленых патрабую кантраляваць вытворчы працэс, клапаціцца пра людзей.

— А да сябе якія патрабаванні?

— Стараюся заўжды быць у тонусе. У маім падпарадкаванні спецыялісты, механізатары. У кожным перш за ўсё бачу чалавека, цікаўлюся іх справамі, жыццём. У маладыя гады, калі пачынаў працаваць у калгасе, не вытрымліваў і часам павышаў голас, але потым прасіў прабачэння.

— Праца агранома — не толькі з сартамі, зямлёю, а і з людзьмі. Да кожнага трэба падабраць ключык. Атрымліваецца?

— Імкнуся спазнаць характары падначаленых. Калектыў пастаянна абнаўляецца. Да нас пераязджаюць з іншых раёнаў, гаспадарак. З кожным годам усё больш адчувальны недахоп механізатараў, жывёлаводаў. І гэта пры тым, што ў нас высокія заробкі, сацыяльны пакет. Не толькі аграгарадкі павінны працвітаць, сучаснай інфраструктуры патрабуюць самыя аддаленыя населеныя пункты. Трэба развіваць у вёсках невялікія промыслы, філіялы перапрацоўчых заводаў, зборачных цэхаў, каб сяляне мелі круглы год занятак і заробак. З наступленнем вясны касцяк працаўнікоў застанецца на дробнай вытворчасці, астатнія пойдуць у поле. Важна, каб кожны з іх меў права на частку агульнай уласнасці, перадачу яе ў спадчыну. Не варта захапляцца далучэннем заняпалых сельгаспрадпрыемстваў. Гэта дае эфект, калі ў эканамічна моцным калектыве не хапае сыравіннай зоны і ёсць сродкі для пад'ёму эканомікі далучаемай гаспадаркі да свайго ўзроўню. Калі аб'ядноўваць двух банкрутаў, то гэта іх не выратуе.

Зараз усё так хутка развіваецца. Упусціш дзень, не пацікавішся ты­дзень, спознішся на месяц — адстанеш на год. Рука павінна быць на пульсе часу. Да санкцый прымаў удзел у спецыялізаваных сімпозіумах, семінарах. У замежных калег, дзе была магчымасць, вучыўся, пераймаў вопыт. Сустракаўся з вядомымі навукоўцамі-аграрыямі. На маім працоўным стале сярод іншай спецыяльнай літаратуры — грунтоўныя выданні на рускай мове нямецкага вучонага-аграрыя Шпара. Радзіма яго — ГДР. Скончыў Ціміразеўскую акадэмію і мае статус ганаровага члена гэтай вышэйшай аграрнай установы. Яго навуковымі даследаваннямі многія карыстаюцца.

Трывалыя сувязі падтрымліваю з беларускімі вучонымі-селек­цыянерамі Іванам Канстанцінавічам Копцікам, Станіславам Іванавічам Грыбам. Займаюцца яны вывя­дзеннем сартоў азімай пшаніцы, яравога і азімага трыцікале. Чытаю шмат навуковай літаратуры. Запомнілася: для эфектыўнага функцыяніравання навукі неабходна мінімум 1 працэнт сродкаў выдзяляць з валавога ўнутранага прадукту. Лічу, што ў нашай краіне для развіцця аграрнай навукі трэба накіроўваць паўпрацэнта з падаткаў сельгасвытворцаў. Гэта дазволіць узмацніць эфектыўнасць даследаванняў вучоных.

У навуку не пайшоў, але ў багажы практычнага матэрыялу хапае на доктарскую дысертацыю. Стабільна трымаць высокую планку па ўраджайнасці — гонар і прызнанне прафесіяналізму. Прыемна, што на нас раўняюцца ў рэспубліцы.

— Што служыць асновай стабільнага атрымання на вашых палях высокай ураджайнасці?

— Поспех складаецца з многіх фактараў. У нас на першым плане эканоміка. Пільна падлічваем затраты. Важна, каб яны сябе апраўдвалі. Сярод гродзенскіх гаспадарак у Верцялішках са­мы нізкі сабекошт прадукцыі раслінаводства. Не ставім сабе за мэту атрымаць высокія паказчыкі любой цаной. Мінеральныя ўгнаенні ўносім лакальна, і эфектыўнасць выдатная. Рэнтабельнасць пра­дукцыі раслінаводства дасягнула 55 працэнтаў.

— У вашай гаспадарцы практыкуюцца студэнты аграфака Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта?

— Раней часцей прыязджалі. Наша гаспадарка базавая ва ўніверсітэце. У вучэбнай праграме трэба больш увагі надаваць практычным заняткам, каб будучыя спецыялісты назапашвалі вопыт. Таксама важна разумна прапагандаваць сельгаспрафесіі. Урбанізацыя адмоўна ўплывае на колькасць сельскага насельніцтва. На дзяржаўным узроўні трэба ствараць найбольш спрыяльныя ўмовы для замацавання маладых у вёсцы. Будучае, безумоўна, за буйнымі сельгасаб'яднаннямі. Там павінен быць гаспадар, каб была пераемнасць пакаленняў: дзеці маглі атрымаць у спадчыну справу бацькоў. Тады яны абавязкова застануцца працаваць на зямлі. Больш самастойнасці трэба даваць спецыялістам, каб з раёна не дыктавалі, што і дзе купіць для вытворчага працэсу. У Рымскай імперыі зразумелі: рабы працуюць неэфектыўна, і пачалі выдзяляць зямельныя надзелы гара­джанам — атрымаўся добры вынік. Трэба больш самастойнасці на месцах. Правяраючых занадта многа. Едзеш з поля, машыну спыняюць і трасуць. Мякка кажучы, непрыемна.

— Іван Аляксандравіч, ура­джай сабраны, азімыя пасеяны. Можна і перадыхнуць. Што вам сніцца асеннімі начамі?

— У снах прыходзяць падказкі для вырашэння злабадзённых праблем. Часта бачу бацькоўскую хату. Жылі мы не бедна, але і не раскошна. У калгасе за працадні разлічваліся збожжам. Бацька нешта з хатніх рэчаў на базары прадаваў, каб выжыць. Палягчэла, калі сталі плаціць грашамі. З далёкага дзяцінства помняцца цёплыя чалавечыя адносіны. Узгадваецца, як талакой будавалі дзядзьку хлеў. Закончылі працу, павесілі на дах вянок, разам паабедалі. Ніхто не напіўся. Калі хто ў свята перабіраў гарэлкі, назаўтра саромеўся з хаты выйсці. А як давяралі адзін аднаму. Каля падворкаў на шулы ставілі падойнікі з малаком. Зборшчык пад'язджаў на кані і забіраў. Нашы дамы не ведалі замкоў, закрывалі дзверы толькі на клямку. Веласіпед можна было пакінуць ля крамы і назаўтра забраць. Такой помніцца родная вёска.

— Што хвалюе ваша сэрца?

— На жаль, мала сустракаюся са старэйшай дачкою. Гэта мой грэх. Каюся, што не пазнаёміў першую і другую жонак… Яны па характары падобныя. Хачу паспець яшчэ многае зрабіць. Мару, каб кожны кавалачак зямлі вакол Верцялішак выглядаў па-райску. Калі дзе якая нізінка, пасадзіць там кусцік, паставіць лаўку, каб селянін мог прысесці і ў душы падзякаваць таму, хто гэта зладзіў. Мо і сам так некалі прысяду. Жыццё працягваецца.

— Вашы пажаданні нашчадкам.

— Даражыць кожным новым днём, шанаваць сям'ю. Гэта сапраўдны астравок душэўнага дабрабыту. Яна дае магутную энергію. Калі дома ўсё ладна, то і работа ідзе спарней. З сямей збудавана краіна.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter