Известный скрипач и дирижер Евгений Бушков подготовил уникальную программу для юных слушателей

Дзяцінства з класікай

Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Яўген Бушкоў некалькі гадоў таму прыдумаў цыкл канцэртаў для дзяцей «Класіка — гэта класна!». Гэта шэраг забаўляльна-адукацыйных праграм, на якіх юныя слухачы далучаюцца да класічнай музыкі, прычым у вельмі свабоднай форме. Яўген Бушкоў размаўляе з дзецьмі падчас канцэрта, дазваляе ім хадзіць па зале, прыдумляе гульні, каб малыя не засумавалі. Заўтра ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца першы ў гэтым сезоне канцэрт з цыклу «Класіка — гэта класна!». Маленькіх слухачоў і іх бацькоў чакае музычные падарожжа пад назвай «Прыгоды скрыпкі, або Як маленькая Скрыпка стала каралевай».

У аддзеле інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Белдзярж­філармоніі так апісваюць сюжэт праграмы: ­«Сустрэліся аднойчы Альт з Віяланчэллю. Звычайна вясёлыя і бесклапотныя, яны па звычцы настроіліся, зверылі ў актаву струны — ля, рэ, соль і самую нізкую до — і зайгралі музыку... трохі сумную. Не змаўляючыся, яны паглядзелі адзін на аднаго праз акуляры і зразумелі, чаго ім не хапала. Ім не хапала тоненькага «мімішнага» галаску струны «мі», які мог быць толькі ў скрыпачкі. І вельмі хутка ў гэтай сям’і з’явіўся маленькі, вельмі падобны на іх інструмент». Ніхто і падумаць не мог, што праз некалькі стагоддзяў гэты інструмент стане сапраўднай каралевай музыкі. А дапамогуць яму ў гэтым розныя выдатныя музыканты — Антоніа Вівальдзі, Джузэпэ Тарціні, Вольфганг Амадэй Моцарт, Мікола Паганіні. Іх музыка і будзе гучаць у заўтрашнім канцэрце.


mila@sb.by

Фота philharmonic.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter