В Логойском районе обновили клуб и готовят уникальные блюда

«Дзе які фэст, там і мы ест»

У швабскіх гаспадынь з Лагойшчыны нават бульба з «пярсцёнкам»

Кожная жанчына мае свае хітрасці, дадае сакрэтныя інгрэдыенты ў традыцыйныя стравы. Але ў майстрых са Швабскага сельскага клуба ў Лагойскім раёне ўсё прыпраўлена яшчэ і вострым словам, вясёлай прыпеўкай, жаночым абаяннем. Цікавых гісторый у Швабах даведаліся шмат, але, перш чым пераходзіць да кулінарыі, пазнаёмімся з гераінямі.

Аксана Аляшкевіч.

Яшчэ некалькі гадоў таму мясцовы сельскі клуб быў пад пагрозай закрыцця: будынак не адпавядаў патрабаванням бяспекі. Старыя вокны, дзверы, выйшла са строю сістэма ацяплення. Між тым у сельсавеце каля 800 жыхароў, а летам мінімум у два разы больш — прыязджае шмат дзятвы. Дзякуючы спонсарам аднавіліся шматлікія сацыяльныя аб'екты, у тым ліку клуб. Зараз у ім прасторная глядзельная зала амаль на сотню месцаў, танцавальная і выставачная прастора. Адразу пасля рамонту тут можна было ўбачыць карціны жыхара вёскі Мяхеды Юрыя Кадолкі. А для нас, збіральнікаў народных традыцый і рэцэптаў, самае прыцягальнае месца — музейны пакой, дзе беражліва адноўлены старадаўні сельскі побыт. Загадчыца сельскага клуба Наталля Васько пералічвае сем аб'яднанняў, у якіх удзельнічаюць жыхары Швабаў: аматарскія — «Гаспадыня», «Флора» (пра кветкі), «Суразмоўніца» і «Непаседы», тры гурткі па сольных спевах, вакальным і мастацкім чытанні для дарослых. Наталля Мікалаеўна спачатку вучылася на бухгалтара-рэвізора-кантралёра, потым скончыла Віцебскі каледж мастацтваў. І вось амаль трыццаць гадоў працуе ў культуры. 

Да нас далучаюцца і іншыя ўдзельніцы аб'яднання «Гаспадыня», мясцовыя жыхаркі Наталля Мароз і Ірына Мыцько. Як быццам на нейкае свята, ідуць з прысмакамі — блінцамі з капустай і тварагом, дамашнім сырам. Свае прамудрасці ўносіць у агульную скарбонку кулінарнага майстэрства і Наталля Міхаленя. На імправізаваным стале амаль няма купленых прадуктаў, нават хлеб культарганізатар Аксана Аляшкевіч выпякае сама па традыцыйных рэцэптах. Перш за ўсё вучымся… варыць бульбу, «лышаную» па-швабаўску: лупіну на клубні трэба здымаць толькі пасярэдзіне колцам. Калі яе зварыць у мундзіры, лёгка можна зняць пакінутыя паловы.

Ірына Мыцько.

Мы прапелі вам прыпеўкі, 
Запрашаем не тужыць, 
Бо пакуль гармонік грае,
Мы на вёсцы будзем жыць!

Распавядаючы пра рэцэпты, Аксана Мікалаеўна так і сыпле прымаўкамі. Вось што кажа пра калектыў «Швабскія весялухі» (выступаў на «Зажынках»): «Дзе які фэст, там і мы ест». Таксама яна спецыяліст па зёлках: прэзентуе нам святаяннік як вырашэнне ўсіх праблем, валошкі — для добрага зроку. Для яе быццам няма нічога цяжкага ні ў якой справе.


— Сыр вару нават на газе, — здзіўляе гаспадыня. — Літр свойскага малака (трымаю коз) стаўлю на пліту, узбіваю 2—3 яйкі са сталовай лыжкай солі і 300 грамамі смятаны. Потым гэтую сумесь тонкім струменьчыкам уліваю ў малако, калі тое пачне пеніцца. Праз 5—7 хвілін адкідаю атрыманую масу і прыціскаю грузам на чатыры гадзіны. Як паспее, трэба пераварочваць час ад часу.
 Дзякуючы свойскім яйкам сыр атрымліваецца жоўценькім, прывабным, як і ўсе прысмакі швабскіх гаспадынь.
— Вельмі хочацца перадаваць нашы веды моладзі, — дзеляцца суразмоўцы запаветным. — Пажадаць вам шчыра хочам доўгіх і шчаслівых год, неба сіняга і міру ды каб менш было турбот!

Рэцэпты ад швабскіх гаспадынь

Марынаваныя кабачкі

На 0,5 кілаграма вычышчаных кабачкоў 0,5 чайнай лыжкі солі. Парэзаць гародніну на тонкія кавалачкі, пасаліць і пакінуць на дзве гадзіны ў халадзільніку. Для марынаду: 2 сталовыя лыжкі мёду, 5—6 зубчыкаў часнаку, 2 сталовыя лыжкі воцату, 50 грамаў алею, кроп. Заліць атрыманай прыправай кабачкі, змяшаць і прыціснуць грузам. Праз дзве гадзіны страва гатова!

Агуркі ад Іванаўны

Для заправы спатрэбяцца лаўровы ліст, кроп, дубовы ліст, хрэн, лісце вішні і парэчкі, 3—4 долькі часнаку. На чатыры трохлітровыя слоікі разлік астатніх інгрэдыентаў такі: 7 літраў вады, 350—400 грамаў солі. Агуркі раскладваем па слоіках, соль раствараем у вадзе, заліваем зверху па 1 сталовай лыжкі гарэлкі. Закрываем вечкамі і ў склеп.

Марынаваныя агуркі з аспірынам

Гародніну раскласці ў слоікі, дадаць 3 чайныя лыжкі солі з верхам, 200 грамаў цукру, 50 грамаў дзевяціпрацэнтнага воцату, таблетку аспірыну. Заліць халоднай вадой, стэрылізаваць да змены колеру і закрыць вечкамі.

У ТЭМУ

Адна з самых цікавых падзей 5 жніўня ў Гродне — абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы», які праходзіць раз у два гады. На ім можна ўбачыць дасягненні культуры кожнай вёскі Гродзеншчыны, нават самай маленькай, адзначыла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. 


У рамках першага тура фестывалю (з красавіка да ліпеня) адбываліся занальныя агляды-конкурсы, удзельнікі якіх прадстаўлялі праграмы, накіраваныя на раскрыццё мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці. Гэта адноўленыя песні і аўтэнтычныя, што існуюць зараз, карагоды, бытавыя танцы, гульні, інструментальная музыка, творы празаічных жанраў, экспазіцыі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На заключных мерапрыемствах ў парку Жылібера ў Гродне збяруцца самыя таленавітыя транслятары фальклорнага мастацтва. Яскравым момантам свята стане дэфіле ў рэпліках народных строяў з прэзентацыяй брэндавых сувеніраў кожнага раёна. Традыцыйна пройдзе выстава-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці і брэндавай сувенірнай прадукцыі. На пляцоўцы «Колеры шчаслівага дзяцінства» выступяць народныя лялечныя тэатры Гродна і Ліды.

yasko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter