В Беларуси вручен первый сертификат соответствия на услуги гостиниц по новому госстандарту

Дацягнуцца да зорак

З 1 кастрычнiка ў краiне пачаў працаваць новы стандарт на паслугi гасцiнiц. Дакумент устанаўлiвае агульныя патрабаваннi да гасцiнiц i аналагiчных аб’ектаў размяшчэння, у тым лiку i да санаторыяў. У iм улiчаны расiйскiя патрабаваннi, а таксама падыходы да еўрапейскай класiфiкацыi. I вось праз два месяцы ўручаны першы сертыфiкат адпаведнасцi на паслугi гасцiнiц па новым дзяржаўным стандарце. Яго атрымаў санаторый «Альфа Радон». Прычым яму прысвоена катэгорыя «пяць зорак».

Першы сертыфікат адпаведнасці на паслугі гасцініц па новым дзяржаўным стандарце атрымаў санаторый «Альфа Радон».
Фота Уладзіміра Шлапака

Першы пайшоў

Адзначым, гэты сертыфікат з’яўляецца сімвалічным адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта адзіны ў рэспубліцы сертыфікат, які пацвярджае адпаведнасць паслуг гасцініц новаму дзяржаўнаму стандарту. А па-другое, гэта першы сертыфікат, які атрымлівае санаторый. Раней такія аб’екты не маглі атрымаць незалежную ацэнку і адпаведную катэгорыю. Намеснік дырэктара санаторыя Ларыса Янчанка распавяла, якая праца была праведзена, каб атрымаць запаветныя пяць зорак.

— Мы малады аб’ект. Нам 5 гадоў. Калі на ўзроўні маркетынгавай стратэгіі вывучалі рынак, зразумелі, што санаторыяў прэміум-класа ў краіне няма. Таму адразу рыхтаваліся пад стандарт пяці зорак. Першапачаткова, калі мы адкрываліся, былі заклапочаны пытаннем сертыфікацыі. Але гэта было немагчыма, бо для санаторыяў не існавала такіх стандартаў. І зараз, калі з’явіўся адпаведны стандарт, для нас было няцяжка прайсці сертыфікацыю. Падрыхтоўка заняла некалькі месяцаў. Атрымаўшы сертыфікат, мы пацвердзілі якасць паслуг і размяшчэння гасцей. Гэта і стымул развівацца далей.

Пераход гасцініц, якія маюць сертыфікат і катэгорыю па старым стандарце да новых патрабаванняў будзе паступовым.
sanatorii-belorussii.ru

Праграма мінімум

Дарэчы, згодна з новым стандартам, класіфікацыя гасцініц праходзіць у некалькі этапаў. Яна заснавана на комплексе патрабаванняў да матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, наменклатуры і якасці аказаных паслуг, узроўню абслугоўвання. Уведзена таксама бальная ацэнка ў залежнасці ад катэгорыі гасцініц, а таксама ацэнка персаналу. Справа ў тым, што раней патрабаванні да гасцініц ўстанаўліваліся ў залежнасці ад памеру нумарнога фонду. Зараз жа атрымаць зоркі могуць міні-гатэлі з нумарным фондам да 15. Што тычыцца персаналу, то ўвага надаецца іх падрыхтоўцы, зносінам з гасцямі. Таксама ўлічваецца веданне замежных моў. Пры гэтым касцяк патрабаванняў застаўся. Гэта значыць, гасцініцам з дзеючымі сертыфікатамі ў большасці сваёй не прыйдзецца задумвацца, ці адпавядаюць яны новым патрабаванням. Усе змены ў першую чаргу накіраваны на спажыўца, адзначае дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Аляксандр Скуратаў:


— Адзін з прыярытэтаў развіцця эканомікі Беларусі — сфера гасціннасці. І важнейшае месца тут займае адпаведнасць патрабаванням спажыўцоў. А іх пажаданні пастаянна ўзрастаюць, і для гэтага неабходна развіваць інфраструктуру. У сваю чаргу, інфраструктура гасціннасці азначае наяўнасць камфортных сродкаў размяшчэння. І для таго, каб гэтыя сродкі адпавядалі чаканням спажыўца, быў распрацаваны адпаведны стандарт. Ён замяніў правілы, якія дзейнічалі з 1995 года. У новым стандарце ўлічаны ўсе патрабаванні, якія прад’яўляюцца ў Еўропе і Расіі да гасцініц і санаторыяў.

Спецыялісты нагадваюць, што пераход гасцініц, якія маюць сертыфікат і катэгорыю па старым стандарце (тэрмін яго дзеяння заканчваецца 1 верасня 2021 года), да новых патрабаванняў будзе паступовым. Іх ацэнка і класіфікацыя на адпаведнасць новаму стандарту пройдуць пры правядзенні планавай перыядычнай ацэнкі на працягу ўсяго пераходнага перыяду — да 1 верасня 2021 года. Калі гасцініцы або аналагічныя аб’екты размяшчэння ўжо жадаюць атрымаць сертыфікат на адпаведнасць новаму СТБ, яны могуць звярнуцца ў акрэдытаваныя органы па сертыфікацыі.

Як стала вядома, у Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі паступілі заяўкі ад аднаго санаторыя Мінскай вобласці і шасці гасцініц з розных рэгіёнаў краіны на праходжанне сертыфікацыі адпаведнасці на паслугі па новым стандарце.

sichevich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter