Бразильские аметисты, железные метеориты и экспонаты эпохи мамонтов — в БГУ после реконструкции открыт крупнейший университетский Музей геологии

Час збiраць камянi

Музей мае плошчу больш за 200 квадратных метраў, знаходзiцца на першым паверсе факультэта геаграфii i геаiнфарматыкi БДУ. Яго абнаўленне стала адным з першых мерапрыемстваў па мадэрнiзацыi матэрыяльна-тэхнiчнай базы да стагоддзя ВНУ. Карэспандэнт «Р» уразiлася рэдкiмi артэфактамi i стала адной з першых, хто ўбачыў навiнку музея — два рэдкiя жалезныя метэарыты агульнай вагой 168 кiлаграмаў.

Абнаўленне музея стала адным з першых мерапрыемстваў па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы да стагоддзя БДУ.

У свеце самацветаў

У аснову канцэпцыi мадэрнiзацыi музея пакладзена iдэя стварэння адукацыйна-асветнiцкай базы ў галiне прыродазнаўчых навук. З улiкам гэтага ў яго структуру ўключаны дэманстрацыйная i вучэбна-метадычная залы. У першай прадстаўлены калекцыi мiнералаў i горных парод, самацветаў, аметыстаў, палеанталагiчны аддзел, экспанаты мамантавай фаўны. Узоры ў другой зале размешчаны ў адпаведнасцi з вучэбнымi дысцыплiнамi факультэта: «мiнералогiя», «петраграфiя», «палеанталогiя» i «палеагеаграфiя». Выкладчыкi факультэта праводзяць практычныя i лабараторныя работы са студэнтамi. У музеi таксама створана гемалагiчная лабараторыя, якая дазваляе вызначаць мiнералы.

Музей землязнаўства — захавальнiк унiкальных мiнералаў, горных парод i палеанталагiчных рэдкасцей.

Музей землязнаўства — захавальнiк унiкальных мiнералаў, горных парод i рэдкiх палеанталагiчных знаходак. Многiя з iх не маюць аналагаў. Усяго калекцыйны фонд налiчвае больш за 25 000 экспанатаў. Частка з iх захоўваецца ў запаснiках. Тут будзе цiкава пабываць не толькi студэнтам профiльных спецыяльнасцей, але i звычайным наведвальнiкам. Бо сёння гэта адзiны музей у краiне, дзе можна ўбачыць экспанаты мамантавай фаўны. Сярод iх — два чэрапы шарсцiстага насарога, чарапы маманта, дзiкага каня, аўцабыка, фрагмент маманцяняці i iншыя.

Усяго калекцыйны фонд налiчвае больш за 25 000 экспанатаў.

Чэрап шарсцістага маманта.

Мы стаiм ля вiтрыны з экспанатамi мамантавай фаўны з Яна-Iндзiгiра-Калымскай нiзiны, якiя даюць нам уяўленне аб рэальных памерах старажытных насельнiкаў зямлi. Загадчыца музея землязнаўства БДУ Валянцiна Смалякова ўводзiць у курс справы:

— Такiя ж млекакормячыя звыш 10 тысяч гадоў таму засялялi i тэрыторыю Беларусi, але ў нас пакуль знаходзяць толькi iх фрагменты. Неўзабаве нам абяцаюць падарыць шкiлет маманта. Плануем яго экспанаваць у холе на першым паверсе факультэта.

Валянціна Смалякова побач з найпрыгажэйшымі аметыставымі жэодамі.

Палеанталагiчны аддзел налiчвае да 10 тысяч экспанатаў. Гэтыя маўклiвыя сведкi мiнулых геалагiчных эпох расказваюць нам пра развiццё арганiчнага свету Зямлi. Выявiць сувязь часоў i яе праявы ў марфалогii сучасных ракавiн малюскаў i каралаў дазваляе багатая калекцыя, сабраная з усiх куткоў свету. Некаторым прадстаўленым тут пародам (напрыклад, страматалiтам — рыфавым утварэнням рознай формы, якiя складаюцца з карбанату кальцыю i пясчана-глiнiстага матэрыялу) больш за мiльярд гадоў. Яны iснавалi ўжо ў крыптазойскую эпоху!

— Што тут кiдаецца ў вочы? — звяртаецца да мяне Валянцiна Смалякова, паказваючы рэдкiя страматалiты. — Правiльна, колападобная структура, чымсьцi блiзкая да чалавечых костак. I не выпадкова. Скамянелыя страматалiты з’яўляюцца сведчаннем старажытнага жыцця на планеце. Па iх можна вывучаць эвалюцыю жывых арганiзмаў. Сёння страматалiты рэдкiя, але мне ўдалося набыць некалькi асобнiкаў у Iркуцку. Радзiма гэтых страматалiтаў — Бурацiя.


Вочы разбягаюцца ад багацця камянёў: малахiты, агаты, лазурыты, бiруза, тапазы, гранаты, турмалiны...


Здзiўляе калекцыя першажыхароў планеты, у прыватнасцi, скамянелых трылабiтаў. Яны засялялi Зямлю 600—400 мiльёнаў гадоў таму. Гэта клас знiклых марскiх членiстаногiх. Даўжыня iх цела даходзiла да 72 сантыметраў. Яны мелi каласальнае значэнне для фаўны, бо да трылабiтаў нiякiх жывых шкiлетных арганiзмаў не выяўлена.

Адзiн з унiкальных экспанатаў — фрагмент дрэвападобнай папарацi, якая ўтварала лясы ў мiнулыя геалагiчныя эпохi.

— Быў знойдзены ў Беларусi, — здзiўляе Валянцiна Смалякова. — Наш палеантолаг не паверыў вачам, калi ўбачыў знаходку. Даследаванне пацвердзiла, што ёй каля 360 мiльёнаў гадоў. Магчыма, гэта адзiны такi экспанат у еўрапейскiм рэгiёне.

Ва ўсiм унiкальныя

Побач з палеанталагiчнай калекцыяй захоўваюцца найбуйнейшыя ў краiне мiнералагiчная i петраграфiчная (якая прадстаўляе горныя пароды) калекцыi. Вочы разбягаюцца ад багацця камянёў: смарагды, малахiты, агаты, лазурыты, бiруза, тапазы, гранаты, турмалiны... Глядзiш на гэтыя рознакаляровыя адзiнкi — i радуешся, асаблiва калi за акном валадарыць манахромная зiма.

Глядзiш на гэтыя рознакаляровыя адзiнкi — i радуешся,асаблiва калi за вакном валадарыць манахромная зiма.

У музеi захоўваецца эксклюзiўная калекцыя крэменяў Беларусi. Ёсць таксама асобная гексаганальная вiтрына, якая паказвае марфалогiю ўсяго двух мiнералаў — гiпсу i кальцыту. Але якая разнастайнасць форм i фактур! Самай шматлiкай з’яўляецца калекцыя кварцу — больш за 1000 асобнiкаў. Адзiн з iх, горны крышталь, важыць 440 кiлаграмаў.

— Не абмiнём i калекцыю сiбiрскiх самацветаў. У нас ёсць вельмi багатая палiтра кварцаў i агатаў. Маем некалькi ўнiкальных чараiтаў. У свеце iснуе толькi адно радовiшча гэтых камянёў, — пералiчвае Валянцiна Смалякова. — Асаблiвы гонар калекцыi — аметыставыя жэоды. Гэта запоўненыя крышталямi полыя геалагiчныя ўтварэннi ў вулканiчных цi ападкавых пародах. Iх нам прывезлi з Бразiлii. Памеры жэодаў вар’iруюцца ад мiнiяцюрных мiндалiн да пячор у чалавечы рост. У нас прадстаўлена 12 экспанатаў, асобныя — каля метра ў вышыню.

Ад прыгажосцi, бляску i разнастайнасці колераў разбягаюцца вочы, нездарма музей наведвае звыш 10 тысяч чалавек у год. Бо тут можна не толькi спазнаць свет, але i атрымаць асалоду ад твораў самага лепшага мастака — прыроды. Некаторыя экспанаты можна смела назваць узорамi мастацтва. Яскравы прыклад таму — пiрыт, цi «кацiнае золата». У музеi захоўваюцца два ўнiкальныя залатаносныя крышталі пiрыту.

Ад прыгажосцi, бляску i колераў разбягаюцца вочы.

Пасля рэканструкцыi выставачны фонд музея павялiчыўся з 7 да 10 тысяч узораў. Велiзарная частка экспазiцыi — падарункi розных арганiзацый, выкладчыкаў i студэнтаў, звычайных наведвальнiкаў. Дзяржустановы перадалi больш за 2000 экспанатаў. Нядаўна калекцыю папоўнiлi рэдкiя жалезныя метэарыты вагой 129 i 39 кiлаграм.

Навiнка музея — два рэдкiя жалезныя метэарыты агульнай вагой 168 кiлаграмаў.

— Метэарыты бываюць жалезныя, каменныя i жалезакаменныя, — тлумачыць Валянцiна Смалякова. — 90 працэнтаў усiх метэарытаў — каменныя, але да Зямлi яны далятаюць радзей за астатнiя, разбураюцца пры ўваходзе ў атмасферу. У нас захоўвалiся ўзоры ўсiх трох вiдаў, але вельмi маленькiя. Цяпер наша калекцыя папоўнiлася такiмi важкiмi экспанатамi. Метэарыты вельмi рэдкiя i ўяўляюць вялiкую цiкавасць для навукi. Яны настолькi каштоўныя, што некаторыя прадаюць iх па каратах.

Выставачныя стэнды аформлены па тэматычным i храналагiчным прынцыпах з выкарыстаннем сучасных тэхналогiй. Iнфармацыю аб музеi i асобных экспазiцыях можна знайсцi з дапамогай чатырох сэнсарных мультымедыйных панэляў. Наведвальнiкам прапануецца экскурсiя з аўдыягiдам. Зараз ён даступны на рускай мове, у блiжэйшы час з’явяцца версii на англiйскай i кiтайскай.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter