Чего не хватает могилевским площадям?

Больш жыцця, мой любімы горад!

Калі бываю за мяжой, напрыклад, у Эстоніі ці Латвіі, заўсёды звяртаю ўвагу на ратушныя плошчы буйных гарадоў: з лавачкамі, крамкамі, кавярнямі, са стракатымі натоўпамі турыстаў, са старымі бабулькамі, якія кормяць галубоў. Усё прывабна, прыгожа, ажыўлена.


Я вельмі люблю свой родны Магілёў. Але, як бы дыпламатычна выказацца, не хапае яму прывабнага антуражу. Узяць хоць бы галоўную плошчу Леніна. Яе атачаюць два скверы, якія не надта шматлюдныя, а сама плошча каля будынка аблвыканкама амаль заўсёды пустуе. Хіба што часам па ёй праедзе пара машын. Чагосьці тут відавочна не хапае. Магчыма, добрай кавярні? Была задумка ў нашых архітэктараў пабудаваць тут падземны забаўляльна-гандлёвы цэнтр, як у Мінску. Але ці пацягнем мы такі дарагі праект? Хацелася б. І перш за ўсё для таго, каб велізарнае пустыннае месца напоўнілася хоць якім-небудзь “зместам”.

Тое ж самае можна сказаць і пра плошчу перад будынкам Магілёўскага гарвыканкама. Ёсць тут газоны і кветнікі, ёсць лаўкі, ёсць нават каваныя сметніцы. Але чамусьці самі магіляўчане і госці горада адпачываюць на гэтых лаўках вельмі рэдка. Магчыма, уся справа ў блакітных елках, якія калісьці тут раслі і радавалі вока, але потым іх спілавалі, патлумачыўшы, што дрэвы хварэлі. Толькі чамусьці ўзамен нічога не пасадзілі, і ландшафт адразу ж стаў маркотны і сумны. Да таго ж вясной і восенню адкрытая прастора не ратуе ад дажджоў, а летам — ад спёкі.

Здаецца, добраўпарадкаваннем плошчы ўлады і займаюцца, аднак ці то розныя камісіі чагосьці недадумалі, ці то першапачаткова памыліліся з планам. Яшчэ пару “рысак” — і цэнтр горада зайграе, сюды пацягнуцца людзі. Можа быць, сітуацыю выратавалі б фантаны ці нешта іншае. Я не архітэктар, мне меркаваць цяжка. Ведаю толькі, што любы горад больш за ўсё ўпрыгожваюць людзі, разнастайна апранутыя, якія ідуць кампаніямі і паасобку, кудысьці спяшаюцца і павольна шпацыруюць, размаўляюць на лавачках, весяляцца. А ў нас нічога такога я пакуль не назіраю. Шкада.

Юрый Раманаў, Магілёў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter