Празднование Масленицы охватит все районные центры страны

Блінны цуд

Ёсць у народным календары беларусаў перыяды, калі асаблівая ўвага надаецца сувязі пакаленняў, яднанню сям'і. Адзін з такіх — Масленічны тыдзень, які сёлета працягнецца да 26 лютага. Перад пачаткам Вялікага посту нашы продкі назапашваліся энергіяй і пазітывам, накрывалі багатыя сталы, ладзілі гулянні. Традыцыі з сівых часоў дайшлі да нашых дзён. 


У кожным рэгіёне — свае адметнасці. Многія з іх сёлета можна ўбачыць у гарадах і мястэчках 25 і 26 лютага. Пра гэта ў час круглага стала на тэму «Традыцыі аб'ядноўваюць» у прэс-цэнтры Дома прэсы расказалі кіраўнікі ўстаноў культуры Мінска і рэгіёнаў. 

Спікеры паведамілі: святкаванне Масленіцы ахопіць усе без выключэння раённыя цэнтры краіны. Асноўным цэнтрам гулянняў стане культурная сталіца Беларусі 2023 года — горад Слуцк. 

Бераставіцкі раён запрашае на конкурс прыпевак, мас­ленічны флэшмоб. У Гродзенскім раёне аматараў танцаў чакае этна-марафон «Тапатуха-Весялуха», а таксама майстар-клас па выпечцы бліноў на калодцы. У Дзятлаўскім раёне пройдзе «Парад санак — 2023». Упершыню ў Карэліцкім раё­не адбудзецца конкурс на лепшае афармленне гужавых павозак сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна, адбудзецца кулінарнае спаборніцтва «Блінная фантазія». 

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сняжана Каратчык расказала: у Карэлічах на Масленіцу будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка з печкай пад назвай «Цуд», з якой госці свята сваімі рукамі змогуць дастаць прыз. Ашмянскі раён правядзе забег з блінамі. Прыняць удзел у свяце можа любы жадаючы, дастаткова прыйсці на Масленіцу з фартухом і патэльняй. У Смаргоні адбудзецца конкурс шпакоўняў, у Шчучынскім раёне аматараў бліноў і аладак запрашаюць на вялікі карагод. 

У вёсцы Даўгаполле Гарадокскага раёна Віцебскай вобласці на Масленічным тыдні ў панядзелак адбыўся абрад «Пахаванне Дзеда», характэрны толькі для гэтага рэгіёна. Дзейства працягнецца ў нядзелю, калі па трыдыцыі патрэбна праводзіць «Пахаванне Бабы». І Дзеда, і Бабу, зробленых з саломы і старога адзення, жанчыны сталага ўзросту аплакваюць, потым нясуць на вуліцу. Гэты звычай мае шмат агульнага з традыцыйным спальваннем пудзіла Масленіцы, калі людзі імкнуліся пазбавіцца ад суроку, хваробаў, грахоў.

Калі хочацца акунуцца ў атмасферу народных гулянняў на Гомельшчыне, то 26 лютага можна зазірнуць у аграгарадок Тонеж Лельчыцкага раёна, дзе будзе прадэманстраваны знакаміты абрад «Чырачка». Арганізатары абяцаюць песні, скокі і, вядома, духмянае печыва ў выглядзе птушак «Чырачкі». Цікава, што ў гэтай мясцовасці абавязковы атрыбут сустрэчы вясны — упрыгожванне ялінкі. З даўніх часоў нашы продкі атаясамлівалі прыход цяпла і пачатак сельскагаспадарчых работ з новым годам.

У Лельчыцкім раёне на Масленіцу можна прыняць удзел у народнай забаве скатвання з горак. Калі снега будзе мала, арганізатыры абяцаюць пасцяліць для гасцей дываны. 

Абавязковы атрыбут масленічных забаў беларусаў — багатыя сталы з блінамі, аладкамі і іншымі ласункамі. Асаблівасць провадаў зімы ў Бярозаўскім раёне — пачастункі ў выглядзе галушак, што па традыцыі падаваліся на стол абавязкова з цукрам. 

Прыязджайце усёй сям'ёй! Будзе цікава!

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter