Академик Леонид Герасимович: научная работа для меня всегда в радость

Акадэмік Леанід Герасімовіч: «Навуковая праца для мяне заўжды ў радасць»

У народзе цану чалавеку вымяраюць не тым, што ён можа зрабіць, а што рэальна здзейсніў. За больш як паўвека ў навуцы багаты арсенал на рахунку акадэміка НАН Беларусі Леаніда ГЕРАСІМОВІЧА. У Расіі і Беларусі ім запатэнтавана звыш 130 вынаходніцтваў, падрыхтавана больш за 400 навуковых і вучэбна-метадычных распрацовак, выдадзена два дзясяткі кніг і дапаможнікаў для студэнтаў аграрна-тэхнічных спецыяльнасцей ВНУ. Пад кіраўніцтвам акадэміка абаронена чатыры доктарскія і паўтара дзясятка кандыдацкіх дысертацый. 

За поспехі ў навуковай і педагагічнай дзейнасці Леанід Сцяпанавіч адзначаны медалём «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Мінсельгасхарча, Міністэрства адукацыі, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Ён заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». У маладосці за творчыя распрацоўкі прызнаны лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола. Быў дэлегатам I Усебеларускага народнага сходу.


У вестыбюлі галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта спецыяльны стэнд упрыгожаны партрэтамі рэктараў. У розныя часы яны кіравалі ВНУ, якой хутка споўніцца 70 гадоў з дня заснавання. Найбольшы перыяд (паўтара дзесяцігоддзя) узначальваў універсітэт выпускнік энергетычнага факультэта Леанід Герасімовіч. Праз вокны службовага кабінета, якія выходзяць на галоўны праспект сталіцы, любіў ён назіраць, як побач з паркам Чалюскінцаў рухаўся па дзіцячай чыгунцы жвавы паравоз. Мімаволі прыгадвалася сіроцкае дзяцінства. Бацьку Сцяпана Міхайлавіча запомніў толькі па адзіным даваенным фотаздымку, што беражліва захоўвала рана аўдавелая маці Марыя Аляксандраўна: тата загінуў у Вялікую Айчынную. Адзінага сына выхоўвалі маці і бабуля Лідзія Міхайлаўна. Жылі ў цесным бараку на ўскрайку Мінска, на летнія канікулы падлетка адпраўлялі ў рагачоўскую вёску Старая Кашара да бабулінай сястры Марыі Міхайлаўны. Без справы там час не бавіў: дапамагаў упраўляцца па гаспадарцы, навучыўся касіць травы, трымаць у руках сякеру і іншыя прылады працы. 

Пасля сямігодкі паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў навучэнцам Мінскага энергетычнага тэхнікума. Як выдатніка, накіравалі на вытворчую практыку ва ўкраінскі Славянск. Два месяцы стажыраваўся. Скончыўшы гэтую ўстанову, пачаў працоўную дзейнасць мантажнікам кантрольна-вымяральных прыбораў на Васілевіцкай ГРЭС. У той час у Мінску адкрыўся інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Паступіў на завочнае аддзяленне факультэта электрыфікацыі, але хутка настаў час ісці ў армію. Служыць давялося ў Падмаскоўі. Камандаванне воінскай часці адпускала старшыню роты Герасімовіча здаваць экзаменацыйныя сесіі. Адслужыў як належыць, атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю і паступіў у аспірантуру. Паспяхова скончыў яе, абараніў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі. 

Пра ўсё гэта Леанід Сцяпанавіч расказаў мне ў сваім працоўным кабінеце. Жыццёвы шлях яго моцна пераплецены з Беларускім дзяржагратэхуніверсітэтам. 

— Ад бацькоў у мяне настырны характар, — суразмоўца пераводзіць позірк на прастору за шырокім акном. — Вунь як ажыўлена на пероне дзіцячай чыгункі, быццам учора бачыў усё гэта з кабінета рэктара. Так сталася, што і цяпер яна перад вачамі. За гэты прамежак часу не адно пакаленне змянілася. Інстытут атрымаў статус універсітэта адным з першых у Беларусі, адкрыліся факультэты. А колькі намаганняў давялося прыкласці, каб усё гэта здзейсніць! Не апошнюю ролю адыграла мая ўпартасць.

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

— Брацца адразу за многае. Без напружання не ўяўляю свайго жыцця. Асабліва складана было, калі рыхтаваў і абараняў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі. З-за ананімак паўтара года не зацвярджалі доктарскую дысертацыю, нават «добразычліўцы» напісалі скаргу ў газету «Известия». Разбірацца з сітуацыяй прыехаў маскоўскі журналіст. Да каго б ён ні звярнуўся ў інстытуце, усюды станоўча адгукаліся пра мяне. Ні адзін паклёп не пацвердзіўся. У газеце выйшаў вялікі артыкул пад загалоўкам «Пахвальнае слова ананіму». 

Кожнае навуковае даследаванне патрабуе цярпення і ўпартасці. Першым выпускніком энергетычнага факультэта ў сорак гадоў атрымаў званне доктара тэхнічных навук. Мяне выбралі членам ВАКа СССР, чатыры гады рэцэнзаваў усе кандыдацкія і доктарскія дысертацыі па аграэнергетычнай тэматыцы. Запомнілася кіраўніцтва над падрыхтоўкай кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый маіх падапечных Міхаіла Прышчэпава, Вячаслава Сцепанцова, Віктара Карацінскага і іншых. Праз дзесяць гадоў пасля абароны доктарскай дысертацыі мяне абралі членам-карэспандэнтам, а яшчэ праз чатыры — акадэмікам Акадэміі аграрных навук Беларусі. Дваццаць гадоў таму стаў акадэмікам НАН Беларусі па навуковай спецыяльнасці «электратэхналогія і электраабсталяванне». Шчаслівы, што як выпускнік энергетычнага факультэта Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі чатыры гады кіраваў гэтым факультэтам, потым пятнаццаць быў рэктарам, абраны акадэмікам НАН Беларусі. 

— Што значыць для вас абвешчаны на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Без трывалага міру не можа ісці гаворкі пра стваральны працэс. Гэта асабліва актуальна ў апошні час. У заходнееўрапейскіх палітыкаў агульнае імкненне — раздзяліць на часткі неўміручую Расію. Але патугі іх бесперспектыўныя: у крамлёўскага кіраўніцтва загартаваны моцны стрыжань, які ворагам не па зубах. 

Хвалююць мяне падзеі, што адбываюцца ў нашай паўднёвай суседкі. Як не намагаецца кіеўскі нацыяналістычны рэжым выконваць цынічныя загады заходнееўрапейскіх гаспадароў, нічога не атрымліваецца. Раней супрацоўнічалі з украінскімі вучонымі, даводзілася бываць на навуковых канферэнцыях у Нацыянальным аграрным універсітэце Украінскай сельскагаспадарчай акадэміі. Амерыканская ідэалогія ўкаранялася ў навуковыя колы паўднёвых суседзяў. Калі ў еўрапейскіх краінах адчуўся недахоп вуглевадароду, кампаніі ЗША тут жа падмялі іх пад сябе. Трэба мець вялікую прыродную мудрасць, каб не рабіць неабдуманых крокаў.
Мудрасць у Год міру і стварэння надае настрою ўпэўнена крочыць далей у складаных палітычных абставінах. Гэта тычыцца і нашых адносін з міжнароднымі арганізацыямі, у першую чаргу з ААН. Падтрымліваю думку Прэзідэнта, што Беларусь, краіна — заснавальніца Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, не можа спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў гэтай структуры. Важна яднанне ўсяго грамадства і ўмацаванне суверэнітэту.
На працягу ўсіх пяці дзесяцігоддзяў, што звязваюць мяне з роднай альма-матар, займаюся аграэнергетычнымі даследаваннямі. Творчыя дзелавыя адносіны склаліся з НАН Беларусі. Навуковая праца для мяне заўжды ў радасць. Прыгадваюцца словы сусветна вядомага вучонага-фізіка Нільса Бора: «Люблю сваю працу, а мне за яе яшчэ і грошы плацяць».

— Леанід Сцяпанавіч, з усяго таго новага, унесенага вамі ў практычную дзейнасць аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, што стала найбольш запатрабаваным?

— Амаль усё, што ўдалося ўкараніць у структуру гэтай вядучай навучальнай аграрнай установы краіны, атрымала далейшае развіццё. Час пацвердзіў неабходнасць утварэння новых факультэтаў і кафедр. Высокай эфектыўнасцю адгукнулася створаная інтэграваная сістэма навучальнага працэсу аграрна-тэхнічных каледжаў і агратэхуніверсітэта. Але, на вялікі жаль, калі сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы перайшлі ў падпарадкаванне Міністэрства адукацыі, падрыхтоўка спецыялістаў па такой сістэме стала немагчымай. Але ўсё ж ва ўніверсітэце захаваліся многія спецыяльнасці, уведзеныя ў той перыяд інтэграцыі. 

Калі ў 1989 годзе ўзначаліў сталічны інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, рыхтавалі ў ім спецыялістаў для аграрнага сектара на мехфаку і электрафаку. Адкрыліся факультэты прадпрымальніцтва і кіравання, перапрацоўкі сельгаспрадукцыі і тэхнічнага сэрвісу. І зараз там рыхтуюць спецыялістаў. Вялікую ўвагу надавалі прапагандзе аграрных прафесій сярод выпускнікоў сельскіх школ. Актыўна супрацоўнічалі з сярэднімі аграрнымі навучальнымі ўстановамі. Кожная кафедра мела план такой работы. Выязджалі ў рэгіёны і заключалі дамовы на паступленне моладзі на вучобу ва ўніверсітэт. У многіх СШ і зараз дзейнічаюць агракласы. 

— Памятаю, як раней студэнты тэарэтычныя веды, атрыманыя на лекцыях, замацоўвалі на практыцы ў вучэбнай гаспадарцы. Ці захавалася гэта?

— На вялікі жаль, вучэбная гаспадарка ліквідавана. За ёю было замацавана амаль тры тысячы гектараў зямлі. Студэнты падчас вытворчай практыкі апрацоўвалі палі, вырошчвалі ўраджай і набывалі пэўны вопыт. Варта было захаваць доследныя дзялянкі, на якіх будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі набывалі вопыт кіравання сучаснай тэхнікай, эксперыментавалі ў прымяненні новых тэхналогій. Выпускнікі ўніверсітэта прыходзяць у вытворчыя калектывы з трывалымі тэарэтычнымі ведамі, а практычнага вопыту не хапае. З гаспадарак пра гэта інфармуюць. Памятаю, як плённа працавалі створаныя спецыялізаваныя кафедры на Мінскім трактарным заводзе і ў Навукова-даследчым інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Кантакты з трактарабудаўнікамі захаваліся. З навуковым цэнтрам неабходнасць такога супрацоўніцтва адпала, таму што асноўная дзейнасць па стварэнні машын і агрэгатаў для АПК перакладзена на канструктарскія бюро машынабудаўнічых прадпрыемстваў. 

— Пад вашым кіраўніцтвам распрацоўвалася элементная база нізкатэмпературных электранагравальнікаў для прымянення іх у сельгасвытворчасці. Ці запатрабаваны гэтыя распрацоўкі ў аграрным сектары?

— Не згубілі сваю актуальнасць. У апошнія дзесяць гадоў, калі вырас кошт электраэнергіі, яе сталі больш ашчадна выкарыстоўваць пры электранагрэве. Але час не стаіць на месцы. З увядзеннем у дзеянне Беларускай атамнай станцыі выгадным стала вяртанне для ўжывання ў вытворчым працэсе электраэнергіі. Электранагрэў як найбольш цывілізаваная крыніца атрымання цяпла пракладае шлях у тым ліку і ў аграрным сектары. Узводзяцца дамы з электранагрэвам, многія галіны народнай гаспадаркі ў вытворчым працэсе поўнасцю пераключаюцца на выкарыстанне электраэнергіі, хутка павялічваецца парк электрамабіляў. Усё пералічанае дало штуршок для другога дыхання электранагрэву. Гэтай тэме прысвечана мая кандыдацкая дысертацыя. Памятаю, як распрацаванымі ў нашай лабараторыі метадамі электранагрэву ў галіне перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, стварэння мікраклімату на жывёлагадоўчых фермах, распрацоўкамі плёначных абагравальнікаў зацікавіліся расійскія калегі. Асаблівая ўвага была звернута на выкарыстанне ў якасці абагравальнікаў электранагравальнай плёнкі: яна раўнамерна і хутка разаграваецца і аддае цяпло. 

— Вынаходнік — гэта рацыяналіст ці летуценнік?

— У большасці неўтаймаваны рамантык. Пераважная колькасць з 130 маіх запатэнтаваных вынаходніцтваў творчага характару.
Задумы і рашэнні, як правіла, прыходзяць нечакана. Кожнае заяўленае вынаходніцтва ўсебакова вывучаюць у патэнтным бюро і даюць заключэнне. Нягледзячы на ўзрост, мяне пастаянна апантоўваюць навукова-тэхнічныя ідэі. Ва ўніверсітэце створана доследная лабараторыя, дзе апрабуем нашы задумы.
Да нас наведваюцца расійскія вучоныя.

— Адна з вашых інавацыйных ідэй — стварэнне цэнтра цяплічнага гародніцтва. Ці знайшла практычнае прымяненне?

— Гэту ідэю падхапілі ад заходнееўрапейскіх калег. Першымі ў свеце яны распрацавалі тэхналогію вырошчвання гародніны на штучных субстратах. Тады мы навукова абгрунтоўвалі методыку мікраклімату для цяпліц. Калі стала вядома пра штучныя субстраты, узнікла ідэя ўбачыць усё на свае вочы і па магчымасці пераняць выкарыстанне іх. Звярнуўся ў Мінсельгасхарч з просьбай арганізаваць пазнавальную камандзіроўку спецыялістаў да еўрапейскіх фермераў для азнаямлення з новымі тэхналогіямі вырошчвання сельгаскультур у штучных умовах. З вялікай цікавасцю аглядалі ноу-хау ў цяплічных гаспадарках Галандыі, Даніі, Ізраіля, Польшчы. Пасля паездкі стварылі ва ўніверсітэце навукова-практычны цэнтр цяплічнага гародніцтва. У выніку яго дзейнасці ўсе цяплічныя гаспадаркі рэспублікі перайшлі на выкарыстанне энергаэфектыўных аўтаматызаваных малааб’ёмных тэхналогій вырошчвання гародніны. Наш цэнтр стаў вытворчай базай для пераймання вопыту прымянення штучнага інтэлекту на вытворчасці. За такімі тэхналогіямі будучае. 

— А што падштурхнула вас заняцца распрацоўкай метадалогіі комплекснага энергазберажэння аграгарадкоў з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў? 

— Разумеў, што будучае за электразберажэннем. Важна было вышукаць такую магчымасць у аграгарадках. Ушчыльную заняўся гэтай навуковай распрацоўкай. Вядома, што асноўныя мясцовыя рэсурсы знаходзяцца ў распараджэнні вытворчых калектываў. Выкарыстоўваюцца для атрымання карысці на біягазавых устаноўках, сонечных станцыях, спецыяльных помпах, якія пераўтвараюць электраэнергію ў цеплавую. У нас пакуль не наладжаны выпуск такіх установак, а замежныя дорага каштуюць. Але справа гэта перспектыўная. Працуюць цеплавыя помпы на электрычнай энергіі. Адна кілават-гадзіна дае 4 кілават-гадзіны цеплавой энергіі. З уводам у дзеянне Беларускай атамнай станцыі выкарыстанне электраэнергіі ў аграпрамысловым комплексе стала больш выгадным і мае перспектыву. 

Ёсць задума стварыць сістэму інтэлектуальнага кіравання паводзін жывёлы з выкарыстаннем іх натуральнага інстынкту. Гэта важны кірунак дзейнасці. 

— А чым выклікана ўстаноўка на даху Інстытута энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук геліаэнергетычнагаь стэнда?

— Гэта міні-праект сонечнай электрастанцыі на 16 кілават. Зманціравалі ўжо геліанагравальную ўстаноўку з сумесна дзеючай фотаэлектрастанцыяй. Гэта зроблена дзеля таго, каб дакладна вызначыць працаздольнасць такіх станцый. Дзейнічаюць яны пакуль толькі эксперыментальна. Усталяваныя на іх фотаэлементы маюць розны тэрмін выкарыстання. Усё залежыць ад тэхналагічнага прызначэння. У перспектыве плануем удасканальваць фотаздольнасць такіх установак.

— А якім вам бачыцца ў будучым галоўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт краіны?

— Перакананы ў яго далейшым развіцці. Калі ўзнікне неабходнасць у штучным інтэлекце і ў новай тэхнічнай парадыгме, калі можна будзе працаваць з выкарыстаннем інтэлектуальных тэхналогій, узнікне запатрабаванасць у такіх спецыялістах. Трэба матываваць моладзь да навуковых даследаванняў, ствараць студэнцкія лабараторыі, стымуляваць дзейнасць вучоных з будучымі спецыялістамі аграпрамысловага комплексу краіны. На дзяржаўным узроўні варта вырашаць праблему падрыхтоўкі кадраў.

— Ваша хобі ў вольны ад навукі час?

— Люблю вандраваць на аўтамабілі. У былыя гады ездзіў адпачываць у Крым і на Азоўскае мора. За мяжою зрэдку бываў. Вабяць запаветныя куточкі роднай Беларусі. Раней часта наведваўся да сяброў у Белавежжа. Цудоўныя адносіны былі са слынным хлебаробам двойчы Героем Сацыялістычнай Працы Уладзімірам Лявонцьевічам Бядулем. Памятаю, як савецкі паэт Андрэй Вазнясенскі трапна назваў яго «лятаючым мужыком». Уладзімір Лявонцьевіч прыязджаў у наш універсітэт, сустракаўся са студэнтамі, выкладчыкамі. Шмат гадоў сябрую з Аляксеем Сцяпанавічам Скакуном. Ён пазнаёміў мяне з выдатным кампазітарам Ігарам Лучанком. Цаню ў людзях шчырасць і добразычлівасць.

— Хлебароб — гэта…

— …самы патрэбны чалавек на зямлі. Асноўная і вельмі адказная справа — вырошчваць хлеб. Паклон людзям, што працуюць на зямлі. 

— Ваш жыццёвы дэвіз?

— Тварыць. Мікалай Астроўскі ў вядомай кнізе «Як гартавалася сталь» пісаў: «Лепш менш ды гарэць, чым больш і тлець». Вось так і крочу па жыцці. Радуюся поспехам дачкі Аксаны і сына Віктара. Па маіх слядах пайшла дачка, абараніла кандыдацкую дысертацыю і загадвае кафедрай у нашым агратэхуніверсітэце. З мужам выхавалі дочак Ганну і Настассю. Унучкі знайшлі сябе ў жыцці. Скончыў агратэхуніверсітэт сын Віктар, а потым атрымаў і другую вышэйшую адукацыю, працуе шоўменам. Сямейны род працягвае ўнук Глеб Герасімовіч. У акружэнні дзяцей, унукаў, калег па працы і сяброў набліжаюся да свайго юбілею. Вялікае шчасце, што ёсць каму працягваць наш род.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter