Обряд «Жаніцьба коміна» — это огонь надежды, что длинная зима не будет суровой, а весна не заставит себя ждать

Агонь надзеі

Праваслаўныя вернікі 11 верасня адзначаюць дзень усячэння галавы Іаана Хрысціцеля ў памяць аб яго пакутніцкай смерці і прытрымліваюцца строгага посту. У народзе гэты дзень мае і іншыя назвы: Іван Галавасек, Іван Посны, Іван Калінавік, Іван Сухі і інш.

sad-n.ru

Дзень Івана Галавасека лічыўся адным з небяспечных. Шмат чаго забаранялася рабіць. Не пачыналі ніякіх важных спраў: не ладзілі ворыва, сяўбы, не адпраўляліся ў дарогу, не гралі вяселле. Таксама забаранялася хадзіць у лес: лічылася, што змеі сыходзяць у свае норы, пад зямлю, і могуць укусіць. Нашы продкі верылі, што разам са змеямі сыходзяць з вадаёмаў, палёў і лясоў злыя духі.

А яшчэ нельга было ставіць на стол штосьці круглае — гэта тычылася і страў, і посуду. Таму што, згодна з Евангеллем, галава Іаана Хрысціцеля была прынесена Іраду на талерцы. Замест круглага пірага ў гэты дзень гаспадыні пяклі доўгі. Лічылася грахом ужываць садавіну і агародніну круглай формы: яблыкі, бульбу, кавуны, капусту, якія таксама нагадвалі галаву. Адмаўляліся ад чырвоных пладоў і напояў — яны асацыіраваліся з крывёю Іаана Хрысціцеля.

Забаранялася браць у рукі нож, серп, касу, сякеру. Агародніну нельга было рэзаць, хлеб можна было толькі ламаць.

У адрозненне ад дня Івана Купалы дзень Івана Галавасека праводзяць сціпла і стрымана. Не спяваюць, не танчаць. У народнай традыцыі ў гэты дзень належала не смяяцца, а плакаць. Сяляне майстравалі гліняную фігуру Іаана Прадцечы без галавы і ўсёй вёскай неслі яе да ракі, дзе адбываўся абрад плачу. А ўдосталь наплакаўшыся, пускалі па вадзе.

Ураджай на палях быў прыбраны, і сяляне маглі адпачыць. Жанчыны пачыналі прасці кудзелю, каб потым сшыць новае адзенне ўсёй сям’і. Праводзіўся і сакральны абрад першага восеньскага запальвання святла ў доме — «Жаніцьба коміна».

Як толькі за вокнамі цямнела, запальвалі першую лучыну і пачыналі вадзіць карагод з песнямі. Пакуль агонь разгараўся, жанчыны працягвалі спяваць, быццам на вяселлі, і накрывалі стол. Пры гэтым прасілі ў коміна як захавальніка агню бласлаўлення, дабрабыту, працягу рода. На святочным стале звычайна былі пернікі, яблыкі, арэхі. Гаспадар прыносіў міску мёду, а гаспадыня — гарбузовыя семкі. Ра­зам прасілі комін «свяціць ясненька».

Агонь у дом прыносіў надзею, что доўгая зіма не будзе надта марознай, што зноў будзе вясна, шмат сонца і засеецца новая ніва.

АД ПРАДЗЕДАЎ

У многіх вёсках ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі свята носіць назву Івана Калінавіка (Калінніка). Вераванні былі звязаны з калінай. Яе асвячалі ў храме, з ягад варылі кісель (узвар). На Віцебшчыне гаючыя ўласцівасці прыпісваліся журавінам.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter