Адною дружнаю сям’ёй

Горад над Нёманам вітае ўдзельнікаў і гасцей VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

У тэатралізаваным шэсці па вуліцах горада сёння пройдуць прадстаўнікі дваццаці пяці найбольш масавых нацыянальнасцей, што жывуць у нашай краіне. Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю гарадзенцаў і гасцей чакае канцэрт лепшых творчых калектываў нацыянальных аб’яднанняў “Талентаў шматкаляровы букет”. Увечары аматары эстраднай песні змогуць паспаборнічаць у майстэрстве выканання нацыянальных песень, а потым на “Зорны каскад” запросяць прафесійныя артысты розных нацыянальнасцей.

Сёлета праграма свята не менш насычаная, чым пазалетась. Фестываль уразіць кожнага, хто ў гэтыя выхадныя прыедзе ў Гродна. Вуліцы горада ператворацца ў астраўкі розных краін свету. Зазірнеш на адну — трапіш у Літву, зойдзеш на другую — адчуеш подых грэчаскай гісторыі... На падвор’і беларускіх татар можна будзе пакаштаваць бялюшоў з гарбузамі, у казахаў адведаць іх нацыянальную страву — казы. На свае падворкі таксама будуць запрашаць беларусы, рускія, украінцы, палякі, яўрэі, латышы, цыганы, азербайджанцы, армяне, грузіны, грэкі, малдаване, румыны, немцы, карэйцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

На фестывалі адбудуцца і тэатральная, і паэтычная, і спартыўная, і забаўляльная праграмы. У дзень адкрыцця, дарэчы, на Савецкай плошчы не прапусціце феерверк. Калектывы, што стануць лаўрэатамі фестывалю, у дзень закрыцця свята падораць гала-канцэрт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter