Нашчадкі хана Тахтамыша, выгнанага з Залатой Арды і прынятага вялікім літоўскім князем Вітаўтам, вось ужо больш шасці стагоддзяў жывуць на беларускай зямлі. Ці мог тады ён здагадвацца, што татары-коннікі, выкліканыя ім на падмогу ў абароне, не з’едуць на сваю этнічную радзіму, а настолькі прыжывуцца, што для іх тут “...пясок, вада і дрэвы будуць агульнымі”? Такімі словамі татары на шаблях давалі прысягу, што будуць верныя беларусам. І не адышлі ад абяцанняў. Агульнай для іх стала яшчэ і мова. Прыкладна з XVI стагоддзя татары сталі гаварыць па-беларуску. Але хоць і асіміляваліся, ім удалося захаваць сваю веру і самабытную культуру. Яны вымушаны былі перакладаць сваю літаратуру. Так з’явіліся славянамоўныя тэксты, напісаныя арабскай вяззю. Сёння яны маюць вялікае гісторыка-філалагічнае значэнне для абодвух народаў.
Татары пакінулі нам у спадчыну тэджвілы, хамаілы, дуалары, караны... Найбольш каштоўныя з усіх помнікаў арабскай графікі — рукапісныя кнігі Аль-Кітабы, што ў перакладзе з арабскай мовы азначае “кніга”. Яны на сваіх старонках нясуць не толькі легенды пра жыццё і дзейнасць прарока Мухамада, апісанне абрадаў, рытуалаў, абавязкаў мусульман, біблейскія апавяданні, але і адлюстроўваюць асаблівасці старадаўняй беларускай гаворкі. арабскае пісьмо беларускіх татараў у адрозненне ад кірыліцы і лацінкі выдатна передае адметнасці яе гучання. Цікавыя кітабы і ў плане сваёй літаратурнасці. У іх змяшчаюцца тэксты аванцюрных усходніх аповесцяў, павучальных апавяданняў.
Сёння ў дзяржаўных фондах Беларусі захоўваецца сорак адна кніга — помнік рукапіснай кніжнасці беларускіх татар. Гэта, дарэчы, крышку больш, чым у краінах, якія стагоддзі таму ўваходзілі ў склад ВКЛ. Маю ўвагу прыцягнуў кітаб у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Там ён адзіны. Трапіў ён у яе фонды пасля канфіскацыі на Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
Вось ён — пасланец мінуўшчыны... Ад яго цёмна-карычневага скуранога пераплёту, выгнутага ад цяжару часу, патыхае гісторыяй. Гартаеш пажухлыя па краях таўставатыя старонкі і адчуваеш цяпло рук аўтараў кнігі, яе ўладальнікаў.
“Ствараючы кітабы, татары імкнуліся перадаць беларускія словы з найбольшай дакладнасцю, і цяпер па гэтых тэкстах можна вывучаць спецыфічныя асаблівасці фанетыкі беларускай мовы XVI стагоддзя, — расказвае галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Станкевіч. — Кітаб, што захоўваецца зараз у нашых фондах, не мае дакладнай даты стварэння. Звычайна ў такім выпадку “дзень нараджэння” кнігі спрабуюць вызначыць па паліграфічных прыкметах, вывучэнню паперы. На вобмацак папера кітаба, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, тоўстая, крыху шурпатая. Яна не мае філіграннай сеткі, таму мы і аднеслі яе да другой паловы XIX стагоддзя. На старонках былі знойдзены вадзяныя знакі ў выглядзе дзвюх кірылічных літар “Н” і “П”, напісаных курсівам. Так звычайна абазначаліся ініцыялы ўладальнікаў фабрык, дзе закуплялася папера. Аднак па сучасных даведніках не ўдалося знайсці імёнаў уладальнікаў і, такім чынам, пазначыць дакладны час вытворчасці паперы”.
Адной з адметнасцей гэтага кітаба з’яўляецца тое, што напісаны ён атрамантам двух колераў: цёмна-карычневым — увесь тэкст, а чырвоным вы-дзелены загалоўкі, ключавыя словы. Рукапіс напісаны папулярным беларускім почыркам — насхам, які мае мясцовую асаблівасць (крыху сплюшчаныя па шырыні літары).
Словамі былых уладальнікаў сёння гучыць голас унікальнага помніка татарскага пісьменства на беларускай мове: “Пісаў Ібрагім Хасяневіч канец не хачу далей пісаць гэты кітаб закончыў у пятніцу...”, “Гэты кітаб пакупил Сулейман Сафарэвич”. І, хто ведае, можа, праз некаторы час невядомыя факты нашай гісторыі са старонак кітабаў будуць даследаваны і зоймуць пачэснае месца ў вянку скарбаў нашых культур.
Па выніках апошняга перапісу ў нашай краіне налічваецца больш за дзесяць тысяч грамадзян татарскай нацыянальнасці.
Цікава ведаць
За 600 гадоў, якія татары жывуць на гэтай зямлі, яны вельмі многае перанялі ад беларусаў, але і самі зрабілі некаторы ўплыў на іх. Яны перадалі свае навыкі ў конегадоўлі, агародніцтве, гарбарстве. Нямала слоў татарскага паходжання зараз ужываецца ў беларускай мове. Напрыклад, баран, гурт, кабан, качка, каўбаса, тавар, кішэнь, сабака, тытунь і іншыя.
Беларускіх татараў мелі ў сваіх радаводах знакамітыя пісьменнікі — Генрык Сянкевіч, Францішак Багушэвіч.