"Хронiкi Нарнii" загучалi па-беларуску

Сляды вядуць у шафу

Ксенiя Шталянкова. Губернскi дэтэктыў, альбо Справа аб крывавых дукатах.
Мiнск, Кнiгазбор, 2017.

Уявiце сабе: 1875 год. Мiнск. Бельэтаж дома на Петрапаўлаўскай. Юная панна Яўгенiя Канстанцiнаўна Пракшына, аматар раманаў англiйскай пiсьменнiцы Iаанны Остэн, робiць чарговы запiс у дзённiку. Не ведаючы, што яе свет зараз будзе парушаны. Бо татухна атрымае звестку: у iх маёнтку знойдзены труп невядомага. У забойстве вiнавацяць iнжынера лесапiльнi, якая належыць Пракшыным. Зразумела, пан Пракшын зараз жа адпраўляецца ў маёнтак, а дачка, эмансiпiраваная i цiкаўная дзяўчына, навязваецца ехаць з iм. Вось вам i запамiнальная персона следчага, ад якой залежыць поспех дэтэктыва. А яшчэ аўтару ўдалося перадаць каларыт эпохi. I на ўзроўнi моўнай стылiзацыi, i ў яскравых дэталях, кшталту шалiка а–ля Гарыбальдзi i чырвонага трыко, выпiсанага з Еўропы для заняткаў гiмнастыкай (маленькiх памераў, на панну, амаль няма, бо лiчыцца, што гiмнастыка толькi для мужчын!). Гiстарычныя падзеi — разгромленае паўстанне, вайна, мiжканфесiйныя канфлiкты — тут паказаны не ў лоб, яны ўсплываюць у стасунках людзей, згадваюцца ў размовах, што робiць твор яшчэ больш прыцягальным для чытача. Няма тут i наiўнай усемагутнасцi галоўнага героя — панна Пракшына паводзiць сябе менавiта так, як мусiць паводзiць сябе дзяўчына яе ўзросту i сацыяльнага статусу. Памыляецца, часам выглядае смешна, часам яе хочацца патрэсцi за плечы i сказаць: «Што ж ты робiш?» Але жывая, увiшная паненка не можа не выклiкаць сiмпатыi, i за яе расследаваннем сочыш з хваляваннем. Тым больш ёсць i таямнiчы артэфакт: фальшывыя дукаты. Гiсторыю беларускiх фальшываманетчыкаў Ксенiя Шталянкова ведае дасканала. I, безумоўна, вам будзе цiкава прайсцiся па вулiцах старасвецкага Мiнска, зайсцi ў кандытарскую Венгерава i краму пiсьмовых прылад, праехацца другiм класам у цягнiку з Вiленскага вакзала, пабываць у свецкiм салоне... Але да апошняга не ведаць сапраўднай разгадкi злачынства. Ёсць падставы верыць, што «Справа аб крывавых дукатах» — толькi першая з цыкла «Губернскi дэтэктыў». Карацей, следства вядзе панна Пракшына!

Клайв Стэйплз Льюiс. Леў, Вядзьмарка i гардэроб.
Мiнск, 2018.

Яшчэ адзiн удалы праект па перакладзе класiчнай лiтаратуры на беларускую мову. Гэта ўжо другая кнiга з легендарнага цыкла iрландскага пiсьменнiка i багаслова, перакладзеная Андрэем Кiмам. Праўда, на самай справе Льюiс менавiта яе напiсаў i надрукаваў першай. Тут i ўзнiкла Нарнiя — чароўная краiна, дзе жывуць самыя фантастычныя iстоты, але трагедыi, войны, подзвiгi — як у рэальным свеце. Нездарма фонам для прыгод пiсьменнiк абраў падзеi Другой сусветнай вайны. Нямецкiя самалёты бамбяць Лондан. Чацвёра дзяцей сям’i Пэвэнсi адпраўленыя да сваяка ў правiнцыю. У доме дзiвакаватага прафесара Дзiгары Керка i знаходзiцца ўваход у Нарнiю — праз шафу для адзежы. Пра сiмволiку кнiг аб Нарнii напiсаны тамы дысертацый. I што Белая Вядзьмарка, якая стварыла ў краiне вечную зiму, з–за чаго нiколi не настаюць Каляды, — увасабленне д’ябла. I пра тое, што леў Аслан, якi прыносiць сябе ў ахвяру дзеля здрадлiвага «сына Адама» — сiмвалiчнае ўвасабленне Хрыста. Але каб гэта не было напiсана займальна, чароўна, то з усiмi высокiмi маральнымi падтэкстамi не чыталася б. А так гэтая частка «Хронiк Нарнii» ўваходзiць у спiс ста лепшых англамоўных кнiг. Тое, што яна загучала па–беларуску — падзея. Андрэй Кiм працаваў над перакладам дзесяць год. Iлюстрацыi зрабiў выдатны беларускi мастак Раман Сустаў. А прэзентацыя была сумешчана з паказам агучанай па–беларуску экранiзацыi. Думаецца, што беларускамоўны пераклад Льюiса не апошнi, бо ў самiх «Хронiках» гаворыцца: варта нам зрабiць што–небудзь добрае, як мы павiнны ва ўзнагароду зрабiць тое, што яшчэ лепей i складаней».

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter