Почему наши предки на расписных коврах-«маляванках» рисовали райские сюжеты

Райская ідылія

Маляваныя дываны, цуда-карціны з казачнымі сюжэтамі, яшчэ называюць народнай размалёўкай. Гэты від жывапісу па палатне вядомы ў Беларусі з канца XIX стагоддзя, а найбольшае распаўсюджванне атрымаў у 1930—1950-х гадах, калі інтэнсіўна адбудоўвалася вёска.


Пасля вайны набіўныя і маляваныя дываны былі амаль у кожнай сялянскай хаце. Дзясяткі мастакоў хадзілі па вёсках і прапаноўвалі набыць дываны. Вырабы стваралі на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным найчасцей у чорны колер. Часам у якасці асновы выкарыстоўвалі паперу, кардон ці цырату, на якіх малюнак выконваўся без папярэдняга нанясення грунту. Распісвалася карціна вольна, выкарыстоўваліся клеявыя ці алейныя фарбы. Тэхніка роспісу магла дапаўняцца набіванкамі і трафарэтамі.

Маляванкі маюць шмат агульнага з вышыванымі і тканымі славянскімі насценнымі дэкаратыўнымі дыванамі. Адрозненне ў тым, што маляваныя былі больш таннымі. На адзін выраб патрэбна было выкарыстаць два сшытыя кавалкі даматканага льнянога палатна (1,5 х 2 м). Палотнішча фарбавалі ў чорны колер, потым на ім выводзілі сюжэт. Часам выкарыстоўвалі трафарэты, выразаныя з кардону. Дэталі падмалёўвалі ад рукі.

У пэўных рэгіёнах вылучыліся свае варыянты кампазіцый і дэкору. Асаблівыя рысы мелі маляваныя вырабы Віцебскай і Мінскай абласцей. Кампазіцыя дываноў часцей за ўсё ўяўляла размешчаны ў цэнтры букет кветак у вазе ці ў кошыку, перавязаным стужкай. Цэнтральны малюнак меў раслінна-арнаментальнае акаймленне. Па краях ён быў абвіты выявамі кветак, а таксама букетаў, рассыпаных па полі. У кампазіцыі сустракаліся і выявы птушак — ластавак, галубоў, паваў, зязюль. Звычайна на дыванах можна было знайсці і ініцыялы аўтара ці заказчыка.

Увогуле маляванкі лічыліся не надта дарагімі, аднак і яны былі не ўсім па кішэні. Таму майстры навучыліся рабіць эканомварыянты: паўдываны — з аднаго палотнішча і макаткі — з паловы тканіны. Галоўныя героі сюжэтаў — ільвы, алені, галубы. Сустракаліся маляваныя дываны і сюжэтна-тэматычнага характару. У іх адлюстроўваліся моманты катання на лодках, сустрэчы ці развітанні закаханых, архітэктурныя пейзажы ў характэрным наіўна-рэалістычным стылі.


Калі і кім быў створаны першы беларускі маляваны дыван, адказаць цяжка. Яго вытокі — у самой глыбіні духоўнага жыцця народа. Мастацтва маляваных дываноў развівалася на традыцыях вышываных і тканых вырабаў, маляваных куфраў.

Адным з першых мастакоў-прафесіяналаў, ствараўшых маляваныя дываны, быў Язэп Драздовіч. Сваёй творчасцю ён паспрыяў з’яўленню шырокага кола народных майстроў на Віцебшчыне. Дарэчы, у фондах музея-запаведніка «Заслаўе», што быў адкрыты сёлета, сабарана больш за 30 дываноў Драздовіча, якія ён намаляваў у 1930—1950-я гады ў час вандровак. Доўгі час яго цуда-карціны захоўваліся на сценах вясковых хат як напамін гаспадарам пра гады маладосці.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Цікавая дэталь: раней маляваныя дываны дарылі на шчасце маладым на вяселлі, а таксама ў час уваходзін.

У СПАДЧЫНУ

З больш за 260 маляваных дываноў, якія зараз захоўваюцца ў музеі-запаведніку «Заслаўе», найбольшую каштоўнасць уяўляе калекцыя дываноў народнай мастачкі са Случчыны Алены Кіш, якая малявала ў 1930—1940-я гады. Яе імя ўнесена ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва. Маляваныя дываны Алены Кіш з казачна-экзатычнымі сюжэтамі «Ліст да каханага», «Дзева на водах», «Рай» выдатна ілюструюць народнае ўяўленне аб райскай ідыліі.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter